• Агляд друку: Пачобут зноўку затрыманы
  • 07.04.2011

Газэта “Rzeczpospolita” публікуе артыкул пад назвай “Менск надалей гаворыць пра загавар”. У Беларусі закончана сьледзтва па масавых беспарадках. Паводле сьледзтва, яны былі арганізаваныя замежнымі краінамі. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што сьледзтва завершана адносна грамадзян краіны, якія застаюцца ў Беларусі. Адносна беларусаў, якія ўцяклі з тэрыторыі, і замежных грамадзян сьледзтва будзе працягвацца. Прычым у паведамленьні МУС не называюцца краіны, якія быццам бы былі загаворшчыкамі. Аднак беларускі дыктатар асабіста ня раз казаў, што дзяржаўны пераварот хацелі зьдзейсьніць Польшча й Нямеччына. “Паводле словаў пэўнага хворага чалавека сьледзтва накіроўваецца ў адным напрамку, каб пацьвердзіць абсурдны тэзіс”, сказаў газэце юрыст Гары Паганяйла зь Беларускага Хэльсінкскага камітэту. Паводле яго, гаворка пра міжнародны загавар зьяўляецца “чыстай вады прапагандай”, мэта якой – пацьвердзіць хворыя ўяўленьні гаспадара краіны ды абгрунтаваць жорсткія рэпрэсіі. Паводле беларускага палітоляга Аляксандра Класкоўскага, выкліканы беларускімі ўладамі прапагандысцкі шум пра быццам бы міжнародны загавар мае на мэце адвярнуць увагу ад тэмы ўзурпацыі ўлады Лукашэнкам. “Уладам удалося замяніць тэму фальсіфікацыі выбараў тэмай палітычных вязьняў і міжнароднага загавару”, паведамляе газэта “Rzeczpospolita”.

“Gazeta Wyborcza” паведамляе, што ў Беларусі арыштаваны журналіст Андрэй Пачобут – карэспандэнт штодзёнкі. Спэцслужбы не хацелі дапусьціць да таго, каб Пачобут узяў удзел у тэлемосьце з дэпутатамі Эўрапейскага парлямэнта. Учора журналіст накіроўваўся ў Менск з мэтай прыняць удзел у мерапрыемстве. На выезьдзе з Горадні яго затрымалі й завезьлі ў пракуратуру. Там сказалі, што яму забаронена пакідаць горад. Аднак выйшаўшы з пракуратуры, Пачобут зноўку накіраваўся ў бок Менска. Тады яго арыштавалі. Калі выпусьцяць журналіста, не вядома. Магчыма, будуць трымаць у ізалятары да суда, бо Андрэй Пачобут абвінавачваецца ў абразе Лукашэнкі ў артыкулах, між іншым, у штодзёнцы “Gazeta Wyborcza”. Прычым абвінавачваньне высунута нават адносна тых матэрыялаў журналіста, у якіх прозьвішча Лукашэнкі нават не ўзгадваецца.
“Прыгоды” Пачобута зь беларускімі спэцслужбамі пачаліся даўно, узмацніліся пасьля 19 сьнежня. Ён быў арыштаваны пасьля падзей на плошчы, але хутка вызвалены. Пазьней Андрэя выклікалі ў КДБ, падчас аднаго з допытаў ён быў пабіты. Нядаўна Пачобут быў прыгавораны да 15 сутак зьняволеньня за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляе “Gazeta Wyborcza”. 

У якім горадзе Расеі самае дарагое жыцьцё? Аказваецца не ў Маскве, а на поўначы, паведамляе “Dziennik. Gazeta Prawna”. Упершыню агенцтва Росстат апублікавала дасьледаваньні, якія датычаць коштаў пражываньня ў паасобных гарадах Расеі. Нягледзячы на тое, што Масква зьяўляецца горадам алігархаў і міліянераў, сталіцы апынулася на 33 месцы ў рэйтынгу. На першым месцы - горад Білібіна з колькасьцю насельніцтва 5 тыс. жыхароў на Чукотцы. Білібіна вядома тым, што тут здабываецца золата. Менавіта першыя месцы ў сьпісе займаюць гарады крайняй поўначы. Справа ў тым, што амаль усё туды трэба завозіць – пачынаючы з прадуктаў харчаваньня й заканчваючы прамысловымі таварамі. Часта тавары дастаўляюцца дарагім авіятранспартам, таму цэны на поўначы адпаведна вышэйшыя. А зарплаты там някепскія, бо на поўначы здабываецца 80% карысных выкапняў у Расеі. Канцэрны не шкадуюць грошай на зарплаты сваім работнікам, які згаджаюцца працаваць і жыць ва ўмовах поўначы. Адсюль і дарагавізна. А самым танным горадам Расеі лічыцца Балашоў у Самарскай вобласьці, паведамляе “Dziennik. Gazeta Prawna”.      

вс