• 10 красавіка. Прайшоў год
  • Audio4.39 MB
  • 07.04.2011

Празь некалькі дзён палякі будуць адзначаць сумныя першыя ўгодкі катастрофы польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам. У ёй загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай Марыяй, загінулі прадстаўнікі ўраду, Сэйму й Сэнату, загінулі сьвятары, прадстаўнікі сьвету культуры й навукі, скаўты, афіцэры Бюро аховы ўраду, сваякі ахвяраў катынскага злачынства ды й звычайныя асобы, якія атрымалі ганаровае запрашэньне ляцець разам з прэзыдэнтам Польшчы на адзначэньне 70-х угодкаў катынскага злачынства. Загінулі 96 чалавек, якія раніцай 10 красавіка ў Варшаве ўвайшлі на борт самалёту Ту-154М.

Пасьля катастрофы сьвет назіраў за агульналюдзкой салідарнасьцю палякаў, якіх аб’яднала гэтая бяда. У той момант не было палітычных спрэчак, рэлігійных падзелаў й варожасьці - усе былі адным народам, які перажываў вялікую трагедыю.

Прайшоў амаль год. Грамадства паступова вярнулася да штодзённага жыцьця.
Але ня ўсе. Брат-блізьнюк загінулага прэзыдэнта й лідар апазыцыйнай партыі «Права й справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі й ягоныя прыхільнікі штомесяц 10 дня праводзіць начныя жалобныя маршы з походнямі Кракаўскім прадмесьцем пад Прэзыдэнцкі палац, маніфэстуючы сваю жалобу й незадаволенасьць дзеяньнямі ўладаў па высьвятленьні прычынаў гэтай трагедыі. Маніфэстацыі даволі часта пераўтвараюцца ў вулічныя сутыкненьні праціўнікаў ідэі Яраслава Качыньскага зь ягонымі прыхільнікамі. Адныя бачаць у гэтых маніфэстацыях праяўленьне патрыятызму, іншыя - выключна дэманстрацыю нянавісьці.

Падзел на „правільных” і „няправільных” альбо „сваіх” і „чужых” адбыўся нават сярод сем’яў ахвяраў смаленскай авіякатастрофы. Неяк няма згоды на супольнае паломніцтва ў месца трагедыі, няма згоды й на супольнае адзначэньне першых угодкаў трагедыі. Адныя намерваюцца адзначаць разам з прэзыдэнтам Камароўскім на варшаўскіх могілках Павонзкі, іншыя - разам зь Яраславам Качыньскім пад Прэзыдэнцкім палацам.

 Прэзыдэнкі дарадчык прафэсар Томаш Налэнч запэўнівае, што Браніслаў Камароўскі вельмі зацікаўлены ў тым, каб адзначэньне ўгодкаў катастрофы абрала апалітычны характар.

Томаш Налэнч: Прэзыдэнт вельмі зацікаўлены ў тым, каб у гэты дзень было як мага менш палітыкі. На яго думку, такім месцам, дзе палітыка ня мае права паявіцца - гэта храм, гэта малітва у Палявой катэдры Войска Польскага, дзе прэзыдэнт прыме ўдзел у жалобным набажэнстве. Пасьля гэтага разам з прэм’ер-міністрам, старшынямі Сэйму й Сэнату ўскладзе кветкі пад табліцамі ў паміць ахвяраў катастрофы.

Пазьней урачыстасьці будуць працягвацца на Павонзках, дзе спачывае значная частка ахвяраў.

Прайшоў год. Улады ўсё часьцей пачалі гаварыць пра неабходнасьць стварэньня помніка ахвярам авіякатастрофы. Прэзыдэнт Камароўскі запрапанаваў, каб у помніку былі выкарыстаныя фрагмэнты самалёту. Апазыцыя гэтую ідэю ўжо пасьпела скрытыкаваць. Прадстаўнікі ўраду неафіцыйна кажуць, што ў хуткім часе помніка на варта спадзявацца, паколькі няма згоды прадстаўнікоў сем’яў ахвяраў адносна таго, якім чынам гэты помнік мае выглядаць. Адным падабаюцца праекты, якія не падабаюцца іншым. Прыхільнікі партыі «Права й справядлівасьць» лябіруюць ідэю стварэньня помніка Леху й Марыі Качыньскім на вуліцы Кракаўскае прадмесьце, на якой разьмешчаны Прэзыдэнцкі палац. Саюз левых дэмакратычных сілаў прапануе стварыць ахвярам катастрофы жывы помнік, дакладней кажучы, пасадзіць. Чальцы згаданай структуры зьвярнуліся да прэзыдэнт Варшавы Ганны Гранкевіч-Вальц з прапановай стварэньня Сквэра 96 дрэваў, якія будуць сымбалізаваць 96 ахвяраў катастрофы, кажа Сэбаст'ян Вяжбіцкі.

Сэбаст'ян Вяжбіцкі: Калі мы хочам захаваць памяць, то трэба захаваць памяць пра ўсіх ахвяр трагедыі. Гэты помнік павінен быць сымбалічным і ў першую чаргу не выклікаць супярэчлівасьцяў.

Журналістка грамадзкага Польскага тэлебачаньня Яанна Рацэвіч, удава афіцэра Бюро аховы ўраду Паўла Янэчэка, вырашыла інакш ушанаваць памяць усіх ахвяраў. Яна напісала кніжку „12 размоваў пра любоў”, у якой сабрала ўспаміны жанчынаў, блізкія якіх загінулі ў катастрофе. У зборніку жонкі, маці й дочкі ўзгадваюць пра сваіх блізкіх.

Караліна Русіновіч