• Агляд польскага друку
  • 08.04.2011

Беларускія ўлады лічаць, што Карта паляка супярэчыць міжнароднаму праву – піша „Rzeczpospolita”.

Канстытуцыйны суд Беларусі ставіць пад сумнеў права арганізацыяў польскай меншасьці выдаваць характарыстыкі, неабходныя для атрыманьня Карты паляка. Вэрдыкт быў выдадзены пасьля таго, як у Канстытуцыйны суд зьвярнуліся беларускія парлямэнтары. Адным зь ініцыятараў такога звароту зьяўляецца непрызнаны Варшавай Саюз палякаў на чале са Станіславам Сямашкам.

Вэрдыкт, хоць і мае фармальны характар, але дае беларускім уладам падставы выдаць прававыя акты, якія б перашкодзілі этнічным палякам карыстацца Картай – сказаў у інтэрвію польскай газэце былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў. Цяпер урад Беларусі ды асобныя міністэрствы на законнай падставе могуць змушаць сваіх супрацоўнікаў адмаўляцца ад Картаў паляка. “Яшчэ раней, ведаючы адносіны ўладаў, я вырашыў не зьвяртацца па Карту паляка” – сказаў у інтэрвію газэце „Rzeczpospolita” лекар польскага паходжаньня, які чакае на павышэньне па службе ў адным са шпіталёў Гарадзеншчыны.

Журналіст Анджэй Пачобут зноў за кратамі, а Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі – піша „Gazeta Wyborcza”.  

Карэспандэнт  „GW” у другі раз за апошнія два месяцы пакараны арыштам. Гэтым разам за тое, што ён нібыта парушыў правілы падпіскі аб нявыезьдзе, хаця ніякіх абавязальніцтваў не пакідаць родай Гародні журналіст на сябе ня браў. Анджэя Пачобута нядаўна абвінавацілі ў абразе прэзыдэнта й распачалі супраць яго крымінальную справу. Журналіста затрымалі, каб ён не патрапіў у Менск на тэлемост з дэпутатамі Эўрапарлямэнту й ня змог распавесьці ім пра перасьлед журналістаў і апанэнтаў уладаў у Беларусі. Таксама  Анджэй Пачобут ня зможа ўзяць удзел у сустрэчы з новым амбасадарам Польшчы Лешэкам Шарэпкам.

Больш за 2 тыдні ў Брусэлі ідуць працы над праектам новых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі – піша „Gazeta Wyborcza”. Паводле аднаго з варыянтаў, санкцыі маглі б датычыць трох прадпрыемстваў, што экспартуюць нафтапрадукты ў Эўразьвяз. Супраць эканамічных караў аднак  выступаюць Латвія ды Італія.

Пагрозы санкцыяў аказваюць уплыў на дзеяньні афіцыйнага Менска – лічыць эўрадэпутат Яцэк Пратасевіч. Зьмена абвінавачваньня некаторым удзельнікам пратэстаў 19 сьнежня на больш лагоднае , а таксама вызваленьне пад падпіску аб нявыезьдзе Анатоля Лябедзькі могуць быць рэакцыяй на пагрозы Брусэля – заўважае „Gazeta Wyborcza”.

Польшча мае самыя вялікія ў Эўропе запасы газу – пішуць цэнтральныя польскія газэты, у тым ліку „Gazeta Wyborcza”.

Сэнсацыйную інфармацыю ўчора прадставіла ў сваім рапарце Агенцтва энэргетычнай інфармацыі ЗША. Паводле гэтай урадавай установы, у нетрах Польшчы знаходзіцца 22 трылёны кубамэтраў сланцавага газу. Гэта ў 2 разы больш, чым цяперашнія газавыя запасы Нарвэгіі. Пры сёньняшнім узроўні спажываньня, гэтага газу Польшчы можа хапіць на 380 гадоў.
Эксплюатацыя газу, які залягае ў сланцавых пародах, пачалася ў сьвеце ўсяго некалькі гадоў таму. Першаадкрывальнікамі сталі амэрыканцы. Дзякуючы сланцаваму газу, ЗША ператварыліся ў найбуйнейшага сусьветнага вытворцу газу, а цэны блакітнага паліва ў апошнія гады пастаянна падаюць.

Дакладна вызначыць, якія запасы газу мае Польшча й наколькі выгадна яго здабываць, можна будзе празь некалькі гадоў – піша „Gazeta Wyborcza”, – тады, калі міжнародныя фірмы, што атрымалі дазвол на распрацоўку радовішчаў, закончаць свае дасьледаваньні. У дасьледаваньнях бяруць удзел амэрыканскія канцэрны ExxonMobil, Chevron i ConocoPhillips.

Дзьве траціны палякаў ня вераць, што прычыны катастрофы прэзыдэнцкага авіяляйнэра ў Смаленску будуць раскрытыя – піша „Rzeczpospolita”.

68% палякаў лічаць, што прычыны смаленскай катастрофы дагэтуль не патлумачаныя грамадзтву, і толькі 24% задаволеныя інфармацыяй, якую падалі польскія й расейскія ўлады.  Гэта вынікае зь нядаўна праведзенага апытаньня грамадзкай думкі. 65% польскіх грамадзянаў лічаць, што поўную й аб’ектыўную карціну катастрофы людзі не  атрымаюць ніколі. Год таму пэсымістаў было значна менш – заўважае „Rzeczpospolita”. Пэсымізму палякаў можна знайсьці тлумачэньне – кажуць польскія палітолягі. Супрацоўніцтва сьледчых ворганаў Расеі й Польшчы сарвалася, а ў СМІ ўвесь год зьяўляліся супярэчлівыя паведамленьні пра прычыны катастрофы.

Затое большасьць палякаў лічыць, што памяць ахвяраў катастрофы была годна ўшанаваная. У краіне была аб’яўлена агульнанацыянальная жалоба, арганізаваныя ўрачыстыя пахавальныя цырымоніі. За год, што прайшоў пасьля катастрофы, у Польшчы быў выдадзены шэраг кніг і альбомаў у памяць аб трагедыі.

ап