• Смаленская катастрофа: як гэта было
  • 08.04.2011

10-га красавіка мінае год пасьля катастрофы самалёта прэзыдэнта Польшчы пад Смаленскам, які лацеў на ўрачыстасьці 70 гадавіны растрэлу польскіх афіцэраў у Катыні. На борце самалёта была афіцыйная польская дэлегацыя: 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнцкая пара. Ніхто зь іх ня выжыў.

10 красавіка 2010 году а 08.41 у тумане разбіўся польскі прэзыдэнцкі самалёт пры пасадцы ў аэрапортце «Северный» каля Смаленска. На борце ляйнэра знаходзілася польская афіцыйная дэлегацыя: віцэ-старшыні Сэйму й Сэнату, дэпутаты, вайсковыя, палітыкі, духавенства,  каманда самалёту й ахоўнікі прэзыдэнта.
А 09.26 польскае Міністэрства замежных справаў апублікавала афіцыйны прэс-рэліз. Гэтую навіну агучыў тагачасны прэс-сакратар МЗС Пётр Пашкоўскі.

Пётр Пашкоўскі: Нашы службы заяўляюць, што, на жаль, ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што ўсе 88 чалавек, якія знаходзіліся ў самалёце, загінулі. З гэтай трагедыяй цяжка пагадзіцца, яе памеры перавышаюць усё, з чым мы калі-колечы сутыкаліся.

У аэрапорце прылёту дэлегацыі чакалі прадстаўнікі прэсы, якія прыляцелі туды на ўрачыстасьці ў Катыні. Журналісты адныя зь першых трапілі на месца катастрофы. Вось што распавёў карэспандэнту Польскага радыё адзін са сьведкаў трагедыі.

Сведка: Мы пачулі моцны гук, мацнейшы ад гуку ўзлёту рэактыўных самалётаў, якія тут часта лётаюць. Усё навокал затрэслася, пачало гарэць. Самалёт зачапіўся за дрэва, разваліўся на некалькі фрагмэнтаў ды ўпаў на зямлю.

Смаленская катастрофа выклікала рэзананс ва ўсім сьвеце. Спачуваньні Польшчы выказала шмат краінаў сьвету, а каля польскіх амбасадаў зьявіліся кветкі й сьвечкі. Таксама ў Расеі людзі выказвалі свой смутак і салідарнасьць з Польшчай. Жыхарка Масквы пачула па радыё пра катастрофу ды прынесла кветкі.

Жыхарка Масквы: Усе жыхары Масквы павінны тут быць, гэтаксама як і ўсе жыхары Расеі. Мы падзяляем смутак з польскім народам. Гэта жудасная трагедыя.

Смаленская катастрофа стала шокам для ўсёй Польшчы. Падчас жалобнай урачыстасьці, якая адбылася 17 красавіка на плошчы імя Пілсудскага ў Варшаве, прэм’ер-міністар Дональд Туск казаў, што краіна й народ яшчэ не ўсьведамілі ўвесь памер трагедыю.

Дональд Туск: Першыя імёны й прозьвішчы – гэта прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі й яго жонка Марыя. Такія рэчы не здраюцца, такія рэчы немагчымыя. Немагчыма было паверыць у зьяўленьне ўсё новых ды новых прозьвішчаў. Мы чулі толькі плач, калі зачытвалася кожнае прозьвішча. Гэты сьпіс – гэта ўся Польшча, гэта як уся наша гісторыя.

18-га красавіка адбылося пахаваньне прэзыдэнцкай пары Леха й Марыі Качыньскіх. Жалобная цырымонія адбылася ў Каралеўскім замку ў Кракаве. З моманту катастрофы перад Прэзыдэнцкім палацам у Варшаве знаходзіліся людзі, якія прыходзілі, каб разьвітацца з загінулымі.

Жыхары Варшавы: Усе, хто прыйшоў сюды, зрабілі гэта па ўласнаму жаданьню. Гэта іх унутраная патрэба, каб тут быць і ўдзельнічаць. Мы прыехалі сюды з Катавіцэ, каб ушанаваць памяць усіх, хто загінуў. Для маіх траіх дзяцей - гэта ўрок патрыятызму.

Пасьля сьмерці прэзыдэнта Леха Качыньскага абавязкі кіраўніка дзяржавы ўзяў, згодна Канстытуцыі, старшыня Сэйму Браніслаў Камароўскі. Польскія экспэрты ў супрацы з расейцамі пачалі сьледзтва, каб высьвятліць прычыны катастрофы. Год пасьля трагедыі прычыны яшчэ не высьветлены. У студзені 2011-га году расейскі бок апублікаваў сваю справаздачу, дзе называюцца 70 прычын аварыі. Асноўная адказнасьць ускладзена на польскі бок. Польская пракуратура вядзе сваё сьледзтва, адпрацоўваючы наступныя вэрсіі: тэхнічныя непаладкі, памылковыя дзеяньні пілётаў, дрэнная падрыхтоўка да палёту. Гаворыць галоўны вайсковы пракурор Польшчы Кшыштаф Парульскі.

Кшыштаф Парульскі: Мы працуем паводле прынцыпа ўзаемнасьці. Нашыя пракуроры ўдзельнічалі ў сьледчых дзеяньнях расейскіх пракурораў у лютым гэтага году. У другой палове красавіка бягучага году ў Польшчу прыедуць пракуроры расейскага Сьледчага камітэту. Яны прымуць удзел у нашым следзтве.

Польскае сьледзтва працягваецца. Публікацыя польскай справаздачы, якую чакалі ў першую гадавіну катастрофы, пакуль адкладзена.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч