• Цэлафанавы пакет лепшы за ўсе іншыя
  • Audio10.75 MB
  • 08.04.2011

У сёньняшняй экалягічнай рубрыцы мы закранем пытаньне паліэтыленавых пакетаў. Ці яны шкодныя для прыроды, ці не?

Наогул пераважае меркаваньне, што паліэтыленавыя мяшкі неэкалягічныя найперш таму, што працэс іх раскладу вельмі доўгі – працягваецца 100-400 гадоў. Супраць іх сьведчыць таксама даволі пашыраная карціна пакетаў, гнаных ветрам па вуліцах, зачэпленых на дрэвах і кустах, што проста рэжа наша вока.

Пра добрыя якасьці пакетаў для навакольля, іх экалягічныя перавагі напр. над папяровымі пакетамі большасьць з нас напэўна ня ведае.

Роман Шыман, старшыня арганізацыі „Polski Związek Przetwórców Tworzyw Sztucznych” („Польскі саюз апрацоўчай прамысловасьці сінтэтычных матэрыялаў”) лічыць, што з пункту гледжаньня цэлага цыклу жыцьця паліэтыленавыя пакеты – гэта найлепшая ўпакоўка й найбольш экалагічная.

Р. Шыман: Дзеля іх вытворчасьці патрэбна найменш сыравіны. Яны найбольш трывалыя, найбольш лёгкія ў параўнаньні зь іншымі падобнымі таварамі. А тым самым спажываньне паліва транспартам, які пастаўляе гэты прадукт карыстальнікам, і выкіды газу ў атмасмэру найменшыя. Да таго ж гэты прадукт можна ў 100% паўторна выкарыстаць дзеля прадукцыі. Улічыўшы ўсё гэта, скажыце, што можна лічыць менш шкодным для навакольнага асяродзьдзя?

Асноўны закід у бок паліэтыленавых пакетаў такі, што яны вельмі доўга не раскладаюцца – сто й больш гадоў. А Роман Шыман лічыць гэта карысьцю для экалёгіі.

Р. Шыман: Паліэтыленавыя мяшкі доўга раскладаюцца – гэты цыкл працягваецца  й да 400 гадоў. Але ці гэта дрэнна? Дапусьцім, неадказны спажывец выкідае пакет у непрызначаным для гэтага месцы, гэты пакет не паддаецца дэградацыі й ядавітыя рэчывы не пранікаюць у натуральнае асяродзьдзе. Дзясяткі й сотні гадоў яго можна выкарыстоўваць для паўторнай перапрацоўкі. Паліэтылен падчас спальваньня раскладаецца на кісларод, вадарод і азот – гэта складнікі паветра. Я лічу дзіўным падыход людзей, якія мяркуюць, што пакуль ім штосьці ня зьнікне з вачэй, значыць яно дрэннае.

Ёсьць пакеты, якія раскладаюцца хутчэй, чым праз 100 гадоў. У Польшчы яны ўжо ёсьць у продажы, але іх нямнога й каштуюць даражэй, чым звычайныя пакеты. Іх рэкамэндуюць як экалягічныя.

Р. Шыман: Гэта пакеты са штучных біядэградавальных палімэраў і пакеты з палімэраў натуральных. Гэта той жа паліэтылен, ці паліпрапілен, да якога дадаюць дэградант, які разрывае ланцуг палімэраў і такім чынам прычыняецца да раскладу на вугаль і ваду. І гэта нэйтральна для прыроды. Акрамя гэтага ёсьць натуральныя палімэры, якія вырабляюцца з крухмалу, кукурузы, пшаніцы, але для гэтага патрэбна зусім іншая тэхналёгія. Гэты палімэр прадстаўляе зусім іншыя якасьці й зусім іншая яго трываласьць.
РЭД: Адзначым, што зараз у Польшчы існуе толькі адно такое прадпрыемства, якое можа вырабляць біядэградавальныя пакеты з натуральных палімэраў, то бок рысу, кукурузы, збожжа ігд.

Але й так у экалягічна арыентаваным грамадзтве пакутуе ўпэўненасьць, што лепш купіць папяровы пакет, чым стандартны паліэтыленавы. Тым часам Робэрт Шыман тлумачыць памылковасьць гэтага меркаваньня.

Р. Шыман: Папера раскладаецца вельмі доўга. Акрамя гэтага ў папяровых пакетах знаходзяцца хімічныя рэчывы, напр. хлор, які пранікае ў глебу. Вось факты: вытворчасьць іншага, чым паліэтыленавы, пакета, патрабуе намнога больш сыравіны, падчас працэсу вытворчасьці ўзьнікае больш шкодных выкідаў. Кожны іншы пакет у некалькі разоў больш важыць, напрыклад, папяровы – у сем разоў. І ня трэба быць вучоным, каб падлічыць, у колькі разоў больш выкарыстаем паліва дзеля пастаўкі ў сеткі продажу. Да таго ж, паколькі яны важаць больш, дык колькасьць сьмецьця на звалках павялічыцца ў чатыры разы.

Роман Шыман, старшыня арганізацыі „Polski Związek Przetwórców Tworzyw Sztucznych” („Польскі саюз апрацоўчай прамысловасьці сінтэтычных матэрыялаў”) пераконвае, што самі па сабе паліэтыленавыя пакеты няшкодныя для прыроды. Шкодная адсутнасьць сыстэмы зборкі й рэцыркуляцыі тых жа пакетаў.

Фірма, якая вырабляе біядэградавальныя пакеты, на сваім сайце паведамляе, што працэс вытворчасьці папяровых пакетаў у параўнаньні з вытворчасьцю паліэтыленавых у 11 разоў больш забруджвае атмасфэру, выкарыстоўвае ў 50 разоў больш вады. Для вырабу 100. тыс. папяровых пакетаў трэба зрубіць 17 дрэваў вышынёю ў 20 мэтраў.

Падрыхтавала Яланта Сьмялоўская