• Прэмія імя Льва Сапегі для Андрэя Ляховіча
  • Audio5.08 MB
  • 08.04.2011

Андрэй Ляховіч стаў восьмым ляўрэатам прэміі імя Льва Сапегі. Урачыстае ўручэньне дыплёму адбылося сёньня ў Варшаўскім унівэрсытэце.

Гэтую ўзнагароду прызнае капітул, у які ўваходзяць рэктары пяці польскіх ВНУ, спэцыялісты па беларускіх пытаньнях ды ініцыятары прэміі – старшыні Kolegium Ewropy Wschodniej ды Studium Europy Wschodniej.

Андрэй Ляховіч – палітоляг і аналітык, выпускнік Інстытута паліталёгіі БДУ й выкладчык гэтага ВНУ. У 2007 годзе страціў працу па палітычных матывах. Ляховіч – адзін з тых аналітыкаў малодшага пакаленьня (1970 году нараджэньня), якія будучыню Беларусі бачаць у супрацоўніцтве з заходнімі краінамі. Андрэй Ляховіч дасьледуе палітычныя тэхналёгіі, у прыватнасьці гэта інфармацыйная палітыка, супраца з ЭЗ, палітычная сыстэма й праблемы ўнутранай і вонкавай палітыкі Беларусі.

Прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Альжбета Смулкова, сябра Капітула, у галасаваньні аддала свой голас на Андрэя Ляховіча.

Дарэчы, Капітул прэміі імя Льва Сапегі адзінагалосна прагаласавала за Андрэя Ляховіча. Ініцыятар гэтай узнагароды Ян Анджэй Дамброўскі зазначае, што беларускі аналітык і палітоляг заслужыў на гэтую прэмію.

Я. А. Дамброўскі: Спадар Ляховіч гэта сумленны чалавек, піша вельмі цікавыя тэксты, ён незалежны публіцыст і я думаю, што гэтая ўзнагарода падмацуе тое, што ён дагэтуль рабіў і дасьць магчымасьць кантактаваць з рознымі коламі ў Польшчы, у розных гарадах Польшчы. І кантакт з польскімі палітолягамі, з польскімі навуковымі коламі, журналістамі можа даць вельмі добрыя вынікі.

Прэмія імя Льва Сапегі гэта насамрэч паўгадовая навуковая стыпэндыя. У яе рамках ляўрэат выкладае ў пяці ўнівэрсытэтах: Ягелёнскім у Кракаве, імя Адама Міцкевіча ў Познані, ва Ўроцлаўскім, Варшаўскім і Ўнівэрсытэце ў Беластоку.

Першую лекцыю на польскай мове Андрэй Ляховіч прачытаў перад аўдыторыяй удзельнікаў урачыстасьці ўручэньня прэміі імя Льва Сапегі.

Прэмія імя Льва Сапегі ўручаецца ад 2006 году пад Ганаровым патранатам Прэзыдэнта Рэспублікі Польшча. Дагэтуль яе атрымалі: Валянцін Голубеў, Язэп Янушкевіч, Сяргей Токць, Аляксандар Жлутка і Ўладзімер Ляхоўскі.

Яланта Сьмялоўская

Паслухай эфірны сюжэт