• Агляд польскага друку
  • 09.04.2011

Штодзёнка „Rzeczpospolita” піша пра антыпольскую ліхаманку, якая ахапіла Летуву. Буйнейшая летувіская газэта „Lietuvos Ritos” правяла інтэрнэт-апытаньне сярод сваіх чытачоў. Палова з іх заявіла, што польскія школы неабходна закрыць, каб паказаць, што Віленшчына - гэта частка Летувы. Толькі 10 адсоткаў інтэрнэт-карыстальнікаў пагадзілася на тое, каб палякі пісалі свае прозьвішчы па-польску.

Сытуацыя сапраўды дрэнная, яна пагоршалася за апошнія некалькі гадоў. З абодвух бакоў шмат эмоцыяў ды ўзаемных абвінавачваньняў, - сказаў польскаму выданьню Тадэвуш Азевіч, старшыня Польска-летувіскай парлямэнцкай групы. Нас чакае доўгі шлях, - дадае ён.

Польскія пратэсты супраць новага закону аб адукацыі выклікалі беспрэцэдэнтную хвалю антыпольскасьці ў летувіскіх СМІ. Настроі падагрэў эўрадэпутат Вальдэмар Тамашэўскі, лідэр Выбарчай акцыі палякаў Летувы. Адказваючы на пытаньне газэты "Рэспубліка”: як можна інтэгравацца ў летувіскае грамадзтва з дрэнным веданьнем мовы? --  дэпутат сказаў журналісцы: „Дзе нарадзілася вашы маці або бацька? У Вільні? Гэта вам трэба інтэгравацца, бо гэта вы сюды прыехалі. Гэта наша зямля. Схадзіце на старыя могілкі ў Вільні, там адныя польскія прозьвішчы.”

Гэтыя словы выклікалі абурэньне ў летувісаў. "Тамашэўскі адкрыта спрыяе шавінізму!", - напісала газэта "Рэспубліка". Інтэрнэт-форумы поўныя допісаў з прапановамі пазбавіць Тамашэўскага грамадзянства й дэпартаваць яго. "Прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці; яго дні палічаныя ў Летуве; мярзотнік, калі б ён трапіў у мае рукі, я зрабіў бы яму Катынь" - пішуць летувіскія інтэрнэт-карыстальнікі. Знакаміты філёзаф Арвідас Юозайтыс сказаў, што Польшча аднаўляе сваю імпэрыю.
Тамашэўскі адказвае, што ён канстатаваў факты, а антыпольскія настроі заўсёды былі. Траўля пачалася пасьля лютаўскіх муніцыпальных выбараў, у якіх перамаглі палякі, займаючы пятае месца ў краіне. Нацыяналісты раззлаваліся, тым больш, што па польскіх выбарчых спісах ішло 20 летувісаў.

У гэтай дыскусіі ўзяў слова нават прэм'ер-міністар Летувы Андрус Кубілюс, які назваў Тамашэўскага «стомленым ад палітыкі чалавекам».

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

За мінулы год колькасьць польскіх грамадзянаў у Ізраілі значна павялічылася, ажно на 2,5 тысячы чалавек, -- піша штодзёнка „Dziennik Gazeta prawna”. У 2010 годзе консульскі аддзел польскай амбасады ў Тэль-Авіве выдаў найбольш польскіх пашпартоў грамадзянам Ізраілю з 1989-га года, калі Польшча аднавіла дыпляматычныя адносіны з габрэйскай дзяржавай. Польскі пашпарт аўтаматычна выдаецца чалавеку, які быў польскім грамадзянінам у мінулым. Пасьля чаго гэты пашпарт могуць атрымаць ягоныя дзеці ды ўнукі.

Цікавасьць да польскага пашпарту ў Ізраілі расьце, таму што з траўня бягучага году польскія грамадзяне змогуць свабодна ўладкавацца на працу ў Нямеччыне ды Аўстрыі.

Пераважная большасць ізраільцянаў імкнецца атрымаць польскі пашпарт, каб свабодна вандраваць па краінах ЭЗ, мець магчымасьць вучыцца ды працаваць.

Увогуле, шматлікія ізраільцяне маюць грамадзянствы іншых краін, маўляў,  добра мець замежны пашпарт на ўсялякі выпадак. З такім дакумэнтам прасьцей і бясьпечней ездзіць у арабскія краіны ды мусульманскія краіны.
Неафіцыйна польскія ўлады кажуць пра тое, што разглядаецца пытаньне, як скараціць магчымасьць атрыманьня польскага пашпарта.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Gazeta wyborcza” піша пра аднаўленьне грамадзкіх пратэстаў у Каіры. У суботу раніцай людзі, сабраныя на плошчы Тагрыр, падпалілі ваенны аўтобус, патрабуючы адстаўкі старшыні Ваеннай рады, якая кіруе краінай.

У адказ войска ачапіла плошчу калючым дротам. На зямлі ляжаць камяні – сьведкі гвалтоўных сутыкненьняў. Бачны таксама сьляды крыві. Дэманстранты кажуць, што яны застануцца на плошчы, пакуль ня пойдзе ў адстаўку старшыня Вышэйшай вайсковай рады й былы міністар абароны Мухамэд Хусэйн Тантаўі, які кіруе Эгіптам з моманту адстаўкі прэзыдэнта Хосьні Мубарака 11-га лютага бягучага года.

Па словах відавочцаў, у суботу раніцай войска раптам напала на дэманстрантаў. Жаўнеры пачалі страляць у паветра, прадзіраючыся на плошчу, дзе дэманстранты сфармавалі чалавечы ланцуг у спробе абараніць некалькі дзясяткаў афіцэраў, якія далучыліся да іх. Акрамя таго, дэманстранты запатрабавалі прыцягнуць да адказнасьці Мубарака й ягоную сям'ю, якіх абвінавачваюць у карупцыі. Таксама гучалі патрабаваньні прысьпешыць судовыя разьбіральніцтвы ў дачыненьні да былых высокапастаўленых чыноўнікаў рэжыму, якіх абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай, а таксама ліквідацыю Нацыянальна-дэмакратычную партыі, якую доўгія гады ўзначальваў Мубарак.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч