• Агляд польскага друку
  • 11.04.2011

 

Беларусь пачынае распродаж найважнейшых прадпрыемстваў – пра гэта паведамляе выданьне “Dziennik – Gazeta Prawna”. Фінансавыя праблемы прымушваюць Менск выстаўляць на продаж ключавыя для бясьпекі дзяржавы аб’екты, у тым ліку Белтрансгаз – канцэрн, які адказвае за транзыт газу з Расеі ў Эўропу, у тым ліку ў Польшчу. Першыя ў чарзе на пакупку стаяць расейцы, а на інвэстараў з Эўропы не прыходзіцца разьлічваць.

Беларусь набліжаецца да банкруцтва. Дэфіцыт у замежным гандлі перавысіў ужо 9 млрд. даляраў. Расьце паніка сярод насельніцтва, якое масава скупляе ня толькі валюту, але таксама алей ды цукар, баючыся рэзкага павышэньня цэнаў і дэвальвацыі беларускага рубля.

У мінулым месяцы крэдытную надзейнасьць Беларусі панізілі ўсе міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы. А ўладам у Менску замежныя інвэстыцыі проста жыцьцёва неабходныя. Цягам году яны плянуюць прыцягнуць 6,4 млрд. даляраў замежнага капіталу, у тым ліку дзякуючы прыватызацыі. Улады ня могуць сабе дазволіць на паразы, як летась, калі з выстаўленых на продаж звыш паўсотні прадпрыемстваў удалося прадаць толькі 10.

Беларускі прэзыдэнт заявіў, што расейцы змогуць купіць Белтрансгаз толькі пры ўмове нізкіх цэнаў на расейскі газ для Беларусі. Тымчасам Расея ўжо заявіла пра павышэньне цаны. Таму пытаньне продажу канцэрну будзе разьменнай манетай у перамовах з Расеяй. Разгонам апазыцыйных дэманстрацый улады перакрылі сабе шлях на захад, таму цяпер могуць прасіць падтрымкі толькі ў Расеі.

 

Беларускія ўлады зьмянілі кіраўніцтва ў чарговым Польскім доме – піша “Rzeczpospolita”. У Баранавічах заставаўся апошні дом, які быў у распараджэньні Саюзу палякаў, які не прызнаецца ўладамі. Тымчасам цяпер яго перадалі праўладнаму Саюзу палякаў.

“Гэта ўжо чарговы такі крок. Пасьля таго, як улады перанялі кантроль над іншымі польскімі дамамі, актыўнасьць мясцовых палякаў хутка ўпала. Перш за ўсё гаворка ідзе пра асьветніцкую дзейнасьць. Было б вельмі шкада, калі б так здарылася таксама ў Баранавічах”, - сказала выданьню былая старшыня СПБ Анжаліка Борыс.

Польскі дом у Баранавічах – гэта адна з найстарэйшых і найлепшых польскіх устаноў у Беларусі, там дзейнічае вядомая Польская школа імя Тадэвуша Рэйтана. Цяпер яе лёс стаіць пад пытальным знакам. Школе патрэбны рамонт, датацыю на які павінна была выдзеліць Польшча, але ў новай сытуацыі невядома, ці польскія ўлады дадуць грошы.

Перад расколам Саюзу палякаў у 2005 годзе ў Беларусі было 16 польскіх дамоў. Ва ўсіх адбываліся ўрокі польскай мовы. Але пазьней гэтыя ўстановы былі перанятыя новым, праўладным Саюзам палякаў на чале са Станіславам Сямашкам, які нават не размаўляе па-польску. З таго часу бальшыня дамоў выкарыстоўваецца ў камэрцыйных мэтах – арэндуе памяшканьні фірмам.

 

Карэспандэнт польскага выданьня “Gazeta Wyborcza” Анджэй Пачобут можа застацца ў турме да судовага разьбіральніцтва. Ён трапіў у СІЗА ў Горадні ў аўторак, спачатку на трое сутак, але ў суботу, калі па яго прыйшоў адвакат, ён даведаўся, што Анджэй ня выйдзе на свабоду, паколькі яму падоўжылі арышт. Пакуль невядома, калі адбудзецца суд. Пачобута будуць судзіць за зьнявагу прэзыдэнта, якая быццам бы паявілася ў ягоным блёгу ў інтэрнэце ды тэкстах для польскай штодзёнкі.

Выданьне друкуе інтэрвію з кіраўніком Дэлегацыі эўрапейскага парлямэнту па пытаньнях кантактаў зь Беларусяй Яцэкам Пратасевічам. Ён гаворыць, што Пачобут – гэта мужны й нязломны чалавек, а яго адвага раздражняе ўлады. Аднак, магчыма, што ўлады краіны хацелі б абмежаваць канфлікт з Захадам толькі да праблемаў з Польшчай, якія выклікаюць “экстрэмісты” з Саюзу палякаў. ЭЗ так лёгка не дазволіць сябе адурманіць. Кіраўнік дыпляматыі Зьвязу Кэтрын Эштан заявіла, што Анджэя Пачобута перасьледуюць за незалежную журналісцкую дзейнасьць. Гэта праблема ўсяго ЭЗ, а ня толькі польскай меншасьці.

Ці санкцыі Эўропы ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў нейкім чынам паўплывалі на сытуацыю? На думку Пратасевіча, яны маглі стаць прычынай больш мяккіх адносінаў да некаторых прадстаўнікоў апазыцыі, якія выйшлі апошнім часам з турмы. Беларусь напэўна сур’ёзна ўспрымае пагрозу эканамічных санкцый, паколькі яны могуць ударыць у эканамічную стабільнасьці дзяржавы, а без яе ня будзе таксама сацыяльнага спакою.

Яцэк Пратасевіч адзначае, што ў ЭЗ насьпявае згоднасьць усіх дзяржаваў наконт неабходнасьці ўвядзеньня новых санкцыяў супраць Беларусі. Праўда, некаторыя дзяржавы, якія выступаюць супраць санкцыяў, напрыклад, Італія, маюць права вэта, але нават яны могуць пагадзіцца з іх увядзеньнем, каб не выглядаць адзіным абаронцам рэжыму, які становіцца ўсё больш брутальным. Так што рашэньне пра санкцыі можа быць прынятае цягам бліжэйшых - калі не дзён, то тыдняў – гаворыць польскі эўрадэпутат Я. Пратасевіч.  

нг