• Пульс польскай эканомікі
  • Audio5.86 MB
  • 12.04.2011


      Польскі ўрад плянуе ўвесьці больш жорсткія меры для фірмаў, якія нелегальна працаўладкоўваюць іншаземцаў.

Няма дакладных дадзеных, колькі імігрантаў працуе ў Польшчы нелегальна. Вядома, што за легальнае працаўладкаваньне хадайнічаюць украінцы, беларусы, расейцы й грузіны.

У сваю чаргу віетнамцы ці малдаване, якія працуюць у Польшчы пераважна на будовах, у гандлі, паслугах і на фэрмах, рэдка зьвяртаюцца за легальным працаўладкаваньнем, - адзначае намесьнік дырэктара Ўпраўленьня працы ў Варшаве Лех Антковяк.

Л. Антковяк: Нашае ўпраўленьне штогод выдае ацэнку для 18 тыс. заяваў у справе працы іншаземцаў. На гэтай падставе я  магу сказаць, што ў Варшаве ёсьць многа легальна працаўладкаваных іншаземцаў. Аднак жа колькі працуе нелегальна? – невядома. Я хачу зазначыць, што што ў Варшаве жыве каля 80 тыс. адных толькі віетнамцаў. Я думаю, што легальна працуе ня больш за 25%.

Паводле Леха Антковяка, з аднаго боку трэба дапускаць на польскі рынак працы спэцыялістаў, якіх у нас не хапае, а з другога, трэба прыкласьці ўсе меры для таго, каб нелегальна працуючых іншаземцаў было як мага менш.

Л. Антковяк: Яны, калі працуюць нелегальна, разбураюць сытуацыю на рынку працы, па-другое – забіраюць месца працы ў грамадзян нашай краіны. Я не вораг дазволаў для іншаземцаў, але лічу, што гэта трэба арганізаваць разумна, так як гэта робяць высокаразьвітыя гаспадаркі, калі ў іх не хапае спэцыялістаў, прафэсіяналаў, людзей, якія выконваюць простую працу, якой ня хочуць прымаць палякі. Але гэта ўсё адбываецца пад кантролем, прадумана, мудра, а не абы як.

Дырэктар Антковяк зьвярнуў увагу на яшчэ адну пагрозу, зьвязаную з нелегальнай працай іншаземцаў.

Л. Антковяк: Яшчэ не так даўно мы былі абураны лягерамі працы для палякаў у Італіі. А сёньня вядома, што падобныя лягеры, асабліва для людзей з-за нашай усходняй мяжы, ёсьць і ў нас. Дык гэтае пытаньне неабходна ўпарадкаваць і задумацца над сэнсам пакліканьня паліцыі легальнага працаўладкаваньня ў Польшчы.

Польскі ўрад падрыхтаваў законапраект, у якім гаворыцца, што за нелегальнае працаўладкаваньне іншаземца прадпрымальніку пагражае пазбаўленьне волі, штраф або пазбаўленьне магчымасьці ўдзельнічаць у публічным тэндэры.

         Не хапае вучняў у прафэсійна-тэхнічных школах

Усё менш вучняў паступае ў прафэсійна-тэхнічныя школы й заканчвае курсы для рамесьнікаў. Да таго ж рэальнай становіцца заробкавая міграцыя палякаў у Нямеччыну, якая 1 траўня адчыняе свой рынак працы для грамадзян чарговых краін ЭЗ, - сказаў старшыня катавіцкай Палаты рамесьнікаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Ян Клімэк. Ён адзначае таксама, што ў польскіх прафэсійна-тэхнічных школах, напр. у Сілезіі навучаецца ўсё больш іншаземцаў.

Я. Клімэк: Мясакамбінаты навучаюць кітайцаў. У нас ужо няма сваіх вучняў. Польскіх вучняў не хапае на рынку. Неўзабаве дэлегацыя мястэчка Явожна адпраўляецца зь візытам у Кітай і там падпіша пагадненьне, у якім адным з пунктаў называецца абмен моладзі. Неўзабаве ў нас будуць усе, толькі не палякі й гэта трагедыя польскай эканомікі, а неўзабаве і ўсяго польскага грамадзтва.

Палата рамесьнікаў у Катавіцэ праводзіць акцыю збору подпісаў у абарону прафэсійна-тэхнічных школ. Міністэрства працы й сацыяльнай палітыкі не плаціць вучням за практычныя заняткі на заводах.


У жніўні польскі канцэрн PGNiG Polskie Górnictwo Naftowe i Gazownictwo пачне здабычу нафты й газу з радовішча Skarv на Нарвэжскім кантынэнтальным шэльфе

Сыравіна будзе прадавацца на эўрапейскі рынак, - заявіў фінансавы дырэктар даччынай суполкі PGNiG Norway.

„Праўдападобна адразу з горнай плятформы. А газ будзем транспартаваць у Заходнюю Эўропу. Мы ўжо рэзэрвавалі канал пастаўкі па нямецкіх трубаправодах. Газ прадамо адной з кампаній на эўрапейскім рынку. Цяпер мы праводзім тэндэры на продаж нафты й газу. Зацікаўленьне фірмаў сыравінамі вельмі вялікае, таму мы чакаем добрай цаны.”

У траўні на месца здабычы на Нарвэжскі шэльф  прыплыве найбольшая ў сьвеце ў гэтай катэгорыі плятформа- судна.

„А дакладна адна з трох, якія ёсьць у сьвеце. Плятформа была збудавана ў Карэі. Працэс будаўніцтва доўжыўся два гады. У лістападзе мінулага году гэтая плятформа выехала з Карэі. Затым 100 дзён доўжыўся яе транспарт у Нарвэгію. Адзінае, што нам засталося яшчэ зрабіць - гэта спалучыць гатовую плятформу з падрыхтаванымі ўстаноўкамі на дне мора”.

На плятформе PGNiG Norwey будзе працаваць 40 чалавек, але гэта ня будуць палякі. Цяпер 700 палякаў выконвае завяршальныя падрыхтоўчыя працы на плятформе.

 Польская PGNiG праз сваю даччыную фірму  PGNiG Norway мае 12% акцый у нарвэскім радовішчы Skarv.

Нарвэгія займае другое месца ў сьвеце па экспарце газу й шостае па нафце.

         Курсы валют паводле НБП

1 эўра    3.97 зл
1 $ ЗША   2.75 зл
1000 БР   0.91 зл

Падрыхтавала Яланта Сьмялоўская