• Выбух у Менску вачыма польскіх экспэртаў
  • Audio4.89 MB
  • 12.04.2011

Учора ў менскім мэтро адбыўся выбух. Міліцыя паведаміла, што гэта была самаробная бомба, эквівалентам 5-7 кґ тратылу. 12 чалавек загінулі ў выбуху, каля 200 пацярпелых. Гэтае здарэньне стала сапраўдным шокам для беларусаў. Замежныя экспэрты таксама ў разгубленасьці.

Падзеі ў беларускай сталіцы сталі вялікай нечаканасьцю. У Беларусі няма сэпаратыстычных ды экстрэмісцкіх рухаў, якія ў іншых краінах няраз станавіліся ініцыятарамі выбухаў ды ўзбореных нападаў. Беларусь не вядзе вайны й ня ўдзельнічае ў вайсковых апэрацыях у розных кропках сьвету, то бок не павінна быць аб’ектам помсты розных замежных групаў. Аднак учора ў Менску адбыўся выбух у самым цэнтры горада, на цэнтральмай станцыі мэтро „Кастрычніцкая”. Ці гэта акт нейкай хворай ды адчайнай асобы, ці арганізаванай групы?

На думку выкладчыка Сілескай горнай акадэміі Кшыштафа Кубяка, з той інфармацыі, якая агучана сёньня, немагчыма выключыць дзеяньні аднаго чалавека.

Кшыштаф Кубяк: На падставе інфармацыі, якую агучыла беларуская міліцыя, можна сказаць, што ў Менску была выкарыстана парахавая бомба, абкладзеная так званым шрапнэлем, каб узмацніць страты сярод людзей. Такое прыстасаваньне можа падрыхтаваць адна асоба з элемэнтарнымі сапёрска-піратэхнічнай ведамі. У Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны ішлі цяжкія баі. Зь неразарваўшыхся снарадаў можна здабыць порах і тратыл. Яшчэ можна ўзгадаць дынаміт, які выкарыстоўваюць шахцёры. Гэта ня так цяжка, як здавалася б. Такая бомба змесьціцца ў звычайную сумку сярэдніх памераў. Таму тэрарыст мог спакойна ўнесьці яе ў мэтро. У характары дэтанатара да такой бомбы можна выкарыстаць сотавы тэлефон. Гэтыя рэчы можа зрабіць асоба й без глыбокай сапёрскай падрыхтоўкі. Вельмі часта такога адзіночку цяжэй злавіць, чым арганізаваную групу.

Калі параўнаць менскія падзеі зь іншымі выбухамі падобнага характару ў сьвеце, вынікае, што за рэалізацыяй падобных нападаў стаіць нейкая група ці арганізаваная структура. Тлумачыць Кшыштаф Лідль, намесьнік дырэктара Дэпартамэнта парамілітарных справаў Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы.

Кшыштаф Лідль: Тэрарыстычныя атакі такога кшталту патрабуюць прафэсійнай падрыхтоўкі. Спачатку трэба сабраць кампанэнты, зь якіх можна зрабіць бомбу. Потым трэба гэтую бомбу зрабіць ды занесьці яе на месца. Аднаму чалавеку даволі цяжка зрабіць гэта ў мэтро. З аналізу падобных падзеяў у сьвеце вынікае, што найчасьцей гэта арганізуюць групы. Як мінімум дзьве-тры асобы, якія гэта плянуюць, рыхтуюць і праводзяць. Малаверагодна, каб гэта быў адзін чалавек.

У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне, што за група магла дзейнічаць у Беларусі. На думку Каміля Клысіньскага з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве, сёньня можна толькі выключыць удзел міжнародных эктрэмістаў у арганізацыі гэтага нападу.

Каміль Клысіньскі: Зрабіў гэта чалавек, які быў сьвядомы вялікай колькасьці ахвяраў. Цэнтральная станцыя ў Менску, гадзіна пік, калі шмат людзей – гэта сьвядомы выбар. Сёньня можна выключыць найменш верагодных выканаўцаў. Гэта не ісламісты, ані міжнародныя экстрэмісцкія групы. Расейскі сьлед тут таксама нелягічны. Сытуацыя вельмі дзіўная й нечаканая. У сваю чаргу беларускія ўлады ўжо спрабуюць стварыць атмасфэру небясьпекі, абкладзенай крэпасьці. Гэта заўсёды спатрэбіцца ва ўнутрыпалітычнай гульні. Самае галоўнае, што гэта чалавечая трагедыя.

На думку Катажыны Квяткоўскай з Фундацыі ім. Пулаўскага, важным элемэнтам у разуменьні падзеяў у Менску стануць паводзіны беларускіх уладаў.

Катажына Квяткоўска: Гэта была вялікая нечаканасьць. З такімі трагічнымі выпадкамі асацыюецца маскоўскае мэтро, а не менскае. Цяпер зарана казаць пра тое, хто за гэтым стаіць. Магчыма, гэта вынік унутранай барацьбы паміж „сілавікамі” ў Беларусі. Сёньня ўсе баяцца, што выбух стане падставай для жорсткіх рэпрэсіяў супраць апазыцыі. Аднак яна сёньня разгромленая. Таму трэба зьвярнуць увагу на тое, ці „паляцяць галовы”, то бок якія пачнуцца адстаўкі пасьля гэтага выбуху й якія гульні будуць ісьці ўнутры ўладнай групоўкі.

Улады ўжо заявілі, што не выключаюць тэрарыстычны акт. Пакуль незразумелыя матывы гэтага нападу. Польскія экспэрты лічаць, што гэта перад усім унутрыбеларуская справа й выключаюць сувязь зь міжнародным тэрарызмам.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч