Выбух у менскім мэтро, які ў панядзелак забіў 12 ды параніў больш за 200 чалавек, рашуча закрануў усё беларускае грамадзтва, прычыняючыся ня толькі да паглыбленьня прорвы між беларускімі ўладамі й мясцовай апазыцыяй, але таксама выклікаў перапалох у самім лягеры ўлады, - камэнтуе сёньняшняе выданьне „Rzeczpospolita”.

Ён стаў прычынай разбурэньня спакою значнай часткі беларускага грамадзтва, якая была перакананая, што Беларусь - гэта можа небагатая й недэмактарычная, але ўсё ж - у адрозьненьні ад суседняй Расеі - поўнасьцю бясьпечная краіна.

„Ідэалягічная канструкцыя Беларусі, як выспы стабільнасьці, была зьнішчаная, як тэрактам, так і валютным крызысам, - лічыць цытаваны газэтай беларускі палітоляг Валеры Карбалевіч. – Усё гэта ў сытуацыі, калі на аднаго грамадзяніна Беларусі выпадае ў чатыры разы больш міліцыянтаў, чым у Польшчы, -  камэнтуе беларускі палітоляг на старонках выданьня „Rzeczpospolita”.

 

Штодзёнка „Gazeta Wyborcza” зьмяшчае вялікае інтэрвію з карэспандэнтам расейскіга тэлеканалу ОРТ у Менску, папулярным тэлевізійным журналістам Паўлам Шэрэметам, які, так як усе астатнія цягам апошніх дзён, стараецца адказаць на пытаньне, хто можа стаяць за менскім тэрактам.

Мяркуючы па прафэсіянальнай падрыхтоўцы бомбы, якая 11 красавіка выбухнула на стаянцыі „Кастрычніцкая”, журналіст ня думае, каб гэта магла зрабіць мясцовая апазыцыя, за якой сочыць КДБ, а шмат яе лідэраў надалей знаходзіцца ў турме або пад арыштам.

„На маю думку гэта была правакацыя беларускіх спэцслужбаў. Магчыма, што ў іхнім асяродзьдзі праходзіць унутраная барацьба між рознымі фракцыямі: больш ды менш дэмаралізаванай, больш ды менш прарасейскай. Яны змагаюцца за тое, хто будзе бліжэй Лукашэнкі; хто яму больш спадабаецца. Падобным чынам адбылося пасьля замаху падчас канцэрту летам 2008 году. Нягледзячы на тое, што да выбуху дайшло ў залі, дзе прабываў Лукашэнка, неўзабаве пасьля падзеі прэзыдэнт падыйшоў да месца, дзе была бомба, а пазьней яго нават адтуль ня вывелі. Ці такім чынам паводзіла б сябе ахова іншых прэзыдэнтаў? Асноўная справа ў гэткіх сытуацыях - эвакуаваць галаву дзяржавы ў бясьпечнае месца. Так і ў панядзелак, Лукашэнка праз гадзіну пасьля тэракту ў мэтро прыбыў на месца падзеі разам зь сямігадовым сынам Коляй. Адкуль была ў іх упэўненасьць, што там няма другой бомбы? Тым больш, што сьледчыя не пасьпелі яшчэ забясьпечыць месца выбуху ды ўсіх сьлядоў?”- нагадвае Павал Шэрэмет.

Паводле яго, тэракт - гэта дасканалая нагода дзеля абвастрэньня стаўленьня да мясцовай апазыцыі. Гэта таксама аргумэнт за тое, каб атрымаць чарговыя крэдыты ад Расеі, якая зацягвае іх выплату.

„Паявяцца многія прысуды й абвінавачваньні. Маю інтэрнэтную старонку „Беларускі партызан” зноў блякуюць невядомыя, падобным чынам як іншыя апазыцыйныя сайты. Так адбывалася падчас замаху тры гады таму. Дарэчы, канструкцыя бомбы вельмі нагадае тую з 2008 году,”- лічыць  журналіст, які ня верыць у тое, што аўтараў тэракту ў менскім мэтро трэба шукаць у Маскве.

„Паводле мяне, гэта брэд. Масква мае сотні іншых магчымасьцяў аказаць ціск на Лукашэнку. Гэткія чуткі распаўсюджвае прапаганда Лукашэнкі ды некаторыя лібэральныя журналісты з Захаду,”- падсумоўвае карэспандэнт расейскага тэлеканалу ОРТ у Менску Павал Шэрэмет у інтэрвію штодзёнцы „Gazeta Wyborcza”. 

Тым часам з думкай журналіста не згаджаецца палітоляг Юрый Шаўцоў, які свае артыкулы публікуе таксама ў афіцыйнай беларускай прэсе.

На ягоную думку, у Беларусі няма магчымасьці арганізаваньня гэткага прафэсіянальнага тэракту, які менавіта адбыўся ў панядзелак. У ягонай ацэнцы, выбух у менскім мэтро нагадвае тэракт з маскоўскага мэтро. „Нехта звонку тэрарызуе Беларусь,”- лічыць палітоляг Юрый Шаўцоў.

 

„Патрабуем неадкладнага вызваленьня Анджэя Пачобута й адхіленьня ўсіх абвінавачваньняў у дачыненьні да яго. Мы выступаем супраць прыдзірак і фальшывага абвінавачваньня ў дачыненьні да журналіста, які добрасумленна выконваў свае абавязкі”, - гэта фрагмэнт закліку да беларускіх уладаў, якія журналісты выданьня „Gazeta Wyborcza” накакіравалі да міжнародных журналісцкіх арганізацыяў ды арганізацыяў, якія займаюцца правамі чалавека, а таксама палітыкаў. Заклік разам з сабранымі подпісамі падтрымкі газэта хоча перадаць у амбасаду РБ у Варшаве.

Нагадаем, беларускі карэспандэнт выданьня Анджэй Пачобут абвінавачаны ў тым, што ў сваіх артыкулах для выданьня „Gazeta Wyborcza”, быццам бы, зьняважыў прэзыдэнта Лукашэнку. Нядаўна ён быў пераведзены з гарадзенскага сьледчага ізалятара ў мясцовую турму.

У апошнюю суботу Пачобут быў затрыманы тэрмінам на 2 месяцы, але, як прадугледжвае ягоны адвакат Аляксандар Бірылаў, хутчэй за ўсё ён застанецца ў турме да суду, дата якога пакуль нявызначаная.

Журналіста будуць судзіць за парушэньне ч. І артыкула 368 крымінальнага кодэкса, які за зьнявагу прэзыдэнта краіны прадугледжвае пакараньне да 2 гадоў пазбаўленьня волі. Магчыма, што карэспандэнта газэты будуць судзіць таксама яшчэ раз за парушэньне ч. І артыкулу 367 КК , а значыць, за ўзьвядзеньне паклёпу на прэзыдэнта, за што пагражае да 4 гадоў турэмнага зьняволеньня, - нагадвае выданьне „Gazeta Wyborcza”.

 

Пасьля нядаўняй публікацыі выданьня „Rzeczpospolita” дзеячы незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі ў Баранавічах падвяргаюць сумненьню паўнамоцтвы прызначанай Менскам новай старшыні мясцовага аддзелу СПБ.

„Яны прыйшлі да мяне ды перадалі пісьмовы пратэст – заявіла Тарэса Селівончык, былая старшыня баранавіцкага аддзелу СПБ і дырэктарка мясцовага Польскага дому, ляяльная ў дачыненьні да непрызнаванай беларускімі ўладамі арганізацыі польскай меншасьці ў Беларусі на чале з Анжалікай Арэхвай.

У пісьме, пад якім падпісалася сямёра дзеячоў палёніі, падвяргаецца сумненьню згоднасьць выбару новай старшыні арганізацыі Ядзьвігі Шустал са статутам СПБ. Нагадаем, спадарыня Шустал зьяўляецца таксама намесьнікам старшыні пралукашэнкаўскай аганізацыі „Белая Русь” у Баранавічах.

Пратэстуючыя дзеячы СПБ зьвяртаюць увагу на тое, што падчас справаздаўча-выбарчага сходу, падчас якога адбыўся выбар новай старшыні арганізацыі, не было кворуму. З прыблізна 300 чальцоў арганізацыі ў сходзе ўдзельнічала прыкладна 50.

Гэта азначае, што выбар старшыні арганізацыі прэба будзе правесьці яшчэ раз.  Тарэса Селівончык заяўляе, што сход будзе скліканы яшчэ на бягучым тыдні.

Яна не ўтойвае, што публікацыя выданьня „Rzeczpospolita”, у якой гаворка ішла пра пагрозу, якой для незалежнасьці аддзелу СПБ у Баранаваічах зьяўляецца выбар праўладнай старшыні, мабілізавала польскае асяродзьдзе й дыпляматыю ў Беларусі. Неўзабаве пасьля публікацыі мясцовы аддзел арганізацыі наведала кіраўнічка польскага консульства ў Берасьці Анна Навакоўска ды прадстаўнікі мясцовых уладаў, - чытаем на старонках выданьня „Rzeczpospolita”. 


Агляд прэсы падрыхтавала Анна Задрожна