• Выбух раскрыты – пытаньні засталіся?
  • 13.04.2011


Улады абвесьцілі пра раскрыцьцё тэракту. Пры гэтым незразумела, якімі былі матывы злачынцаў. На думку польскага экспэрта, вельмі сумнеўна, каб такі тэракт змагла арганізаваць адна асоба й спэцслужбы пра гэта нічога ня ведалі ў такой краіне, як Беларусь.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка абвесьціў пра раскрыцьцё тэраку ў менскім мэтро. Сьледчыя затрымалі тры асобы, якія прызналіся ў зьдзяйсьненьні апошняга тэракту й двух іншых тэрактаў у 2005- і 2008 гадах. Пакуль невядома, навошта гэта зроблена, заявіў беларускі кіраўнік.

Аднак гэтая справа пакіде шмат пытаньняў. Якім чынам беларускія службы не знайшлі злаўмысьніка цягам 6 гадоў, а сёньня выкрылі за адзін дзень? Незразумелая матывацыя гэтага „беларускага падрыўніка”?
Учора мы правялі размову з польскім экспэртам, былым кіраўніком Аналітычнага цэнтру польскай выведкі (Установы аховы дзяржавы), калі гэтыя абставіны былі невядомыя. Аднак польскі адмысловац выказаў думкі, якія застаюцца актуальнымі для зразуменьня трагічных падзеяў, што адбыліся ў панядзелак у Менску. Польскі экспэрт, аналізуючы вэрсіі тэракту, адной зь першых назваў „унутраны тэрарызм”.

Пётр Немчык: Гэта мог быць крымінальны тэрарызм, альбо нейкі тып унутранага тэрарызму. На маю думку, гэты варыянт магчымы толькі з маўклівай згоды беларускіх спэцслужбаў. Чаму я так мяркую? Гэты выбух крыху на руку Лукашэнку. Ён неаднаразова заяўляў апошнім часам, што ў краіне была спроба замаху, ёсьць арганізацыі, гатовыя да выкарыстаньня сілы, іх нібыта падтрымліваюць замежныя спэцслужбы. Пры такіх абставінах, тэракт дае дадатковыя аргумэнты ўладзе. Ці гэта зрабілі непасрэдна спэцслужбы Лукашэнкі? Сумняюся. Але нельга выключыць, што нейкія службы маўкліва назіралі за дзеяньнямі людзей занадта апантаных, альбо з псыхалягічнымі праблемамі, альбо за нейкай крымінальнай групоўкай. Арганізацыя тэракту – гэта складанае лягістычнае й тэхнічнае прадпрыняцьцё. Трэба здабыць спэцыфічныя веды, знайсьці кампанэнты бомбы, недзе яе сабраць, перахоўваць, далей дастаўка й сувязь. Мне ня верыцца, што ва ўмовах паліцэйскай дзяржавы, дзе спэцслужбы скіраваныя на кантроль апазыцыі й нэўтралізацыю небясьпекі для Лукашэнкі, – гэта прайшло незаўважна.

У якасьці прыкладу польскі аналітык прывёў сытуацыю з паловы 1980 гадоў у Польшчы, дзе спэцслужбы былі замяшаныя ў розныя злачынствы супраць грамадзтва нават бязь ведама кіраўніцтва дзяржавы.

Пётр Немчык: Тут можна прывесьці прыклад забойства ксяндза Папялушкі ў Польшчы. Гэта было зроблена па ініцыятыве Службы бесьпекі, але няма доказаў, што пра гэта ведаў генэрал Ярузэльскі. Некаторыя дзеяньні службаў, альбо паблажлівае стаўленьне службаў не азначае, што ў гэтым вінаваты кіраўнік ураду альбо краіны. Аднак ён нясе частку адказнасьці за гэта. У Польшчы ў 1984-м годзе апазыцыя была слабой, не было пратэстаў. Улады пайшлі на забойства Папялушкі. Яны разумелі, што калі зь іх боку няма пляну паляпшэньня жыцьця (палітычных, ці экэнамічных), раней ці пазьней людзі прыхіляцца да апазыцыі. Адсуль спроба палітычнага аб’яднаньня вакол Лукашэнкі. Цяпер ён будзе лідарам у барацьбе з тэрарызмам. Гэта яму адпавядае з палітычнага боку, бо людзі яму павераць на настуныя некалькі гадоў, а апазыцыі – не.

Той факт, што ў Польшчы такая палітыка спэцслужбаў кончылася паразай і стратай улады, не азначае, што ў Беларусі нехта бярэ гэта пад увагу ва ўладным атачэньні.

Пётр Немчык: У Польшчы гэта скончылася паразай, але гэта ня значыць, што Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі гэта таксама скончыцца паразай. Ён спадзяецца, што эканамічная сытуацыя палепшыцца. Дзякуючы кантактам з Расеяй, Кітаем ён зможа ўтрымаць узровень жыцьця, што дае яму некалькі гадоў спакою й падтрымкі. Дыктатар звычайна ня мае доўгатэрміновых плянаў. Калі ў яго яны былі, ён зразумеў бы, што дэмакратыя нясе яму нашмат больш карысьці. Ён думае й дзейнічае ў кароткачасавой пэрспектыве – на некалькі гадоў. Потым будзе думаць, што далей.

Напрыканцы размовы польскі адмысловец выказаў сумненьні ў тым, што гэты выбух быў сродкам у барацьбе за ўладу ў Менску й сьведчыць пра канец кіраваньня Лукашэнкі.

Пётр Немчык: Трэба памятаць, што калі ў ход ідуць такія аргумэнты ў вайне за ўладу, адказ суперніка будзе падобны: шматгадовыя турэмныя тэрміны, зняволеньне. Магчымасьць кампрамісу роўна нулю. Праводзіць такі акт аплачвалася б толькі тады, калі перахоп улады быў справай некалькіх месяцаў. Тады толькі аплачваецца выкарыстоўваць незваротныя сродкі. Цяпер зарана казаць, што дні Лукашэнкі палічаныя й ягонае атачэньне пачало змаганьне за ўладу. Тым больш, што разьвіцьцё сытуацыі пасьля адыходу Лукашэнкі цяжка прадбачыць.

Тэракт у менскім мэтро раскрыты. Аднак застаюцца пытаньні: ці сапраўды спэцслужбы пра яго нічога ня ведалі? Злачынцу хутка знайшлі, а злачынства не прадухілілі. Чаму? На гэта зьвяртаюць увагу экспэрты, у тым ліку й замежныя. Падобныя пытаньні задаваў наш сёньняшні госьць Пётр Немчык.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч