• К.Клысіньскі: палітычная інтуіцыя Лукашэнку падвяла
  • Audio5.74 MB
  • 14.04.2011

На навуковую дыскусію пад назвай “Беларусь: уцёкі ад дэмакратыі?”, што прайшла ў Варшаве ў сераду, сабраліся добра вядомыя слухачам нашага радыё экспэрты па справах Беларусі. Гэта Каміль Клысіньскі з Цэнтру ўсходніх дасьледваньняў, спэцыяліст па міжнародных стасунках Гжэгаж Грамадзкі,  былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч. У дыскусіі таксама ўдзельнічаў журналіст тэлеканалу “Белсат” Аляксаей Дзікавіцкі.

Экспэрты зьбіраліся размаўляць пра палітычную ды эканамічную сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў. Аднак драматычныя падзеі апошніх дзён дадалі шмат тэмаў для абмеркаваньня. Таму гарачая дыскусія ішла аб усім – ад сьнежаньскіх выбараў прэзыдэнта да валютнага крызысу й выбуху ў менскім мэтро.

Тэлежурналіст Аляксей Дзікавіцкі ня верыць у тое, што міліцыі ўдалося так хутка злавіць сапраўдных выканаўцаў тэракту. Ён асцерагаецца, што выбух будзе традыцыйна выкарыстаны, каб узмацніць пераслед іншадумцаў. Зразумела, што пасьля апошніх арыштаў апазыцыя аслабленая й запалоханая, але  тое, што ніхто зь яе лідараў не зьвярнуўся да грамадзтва пасьля тэракту – вялікая памылка, лічыць Аляксей Дзікавіцкі.

А. Дзікавіцкі: Я асьцерагаюся, каб гэты выбух ня стаў чарговай, пасьля 19 сьнежня, нагодай дэпрэсіі для грамадзкіх і палітычных дзеячоў. Але як журналіст і беларускі грамадзянін я маю пэўныя прэтэнзіі да беларускіх палітычных лідараў, якія не зрабілі нічога, каб паўстаў рух альбо грамадзкі камітэт, які б казаў: “Мы патрабуем праўды!” Можа, гэта яшчэ будзе зроблена, але з кожным днем становіцца ўсё пазьней і пазьней. Лічу, што гэта вялікая памылка апазыцыі.

Пры гэтым журналіст зазначыў, што беларускае грамадзтва паволі становіцца ўсё больш разьняволеным. Яшчэ пяць гадоў таму падчас вулічнага апытаньня “Белсату” камэнтар на камэру згаджалася даваць кожная дзесятая асоба, а сёньня – кожная другая, кажа Аляксей Дзікавіцкі.

А. Дзікавіцкі: Усё ж такі людзі менш баяцца цяпер. Нягледзячы на дзяржаўную прапаганду, якая ўбівае ім у галаву афіцыйны вобраз сьвету, народ разумее, што ня ўсё так добра, як яна кажа. Людзі пачынаюць разумець, што ім няма чаго губляць, і пачынаюць выказвацца.

Польскі аналітык Каміль Клысінскі зьвярнуў увагу на цяжкі стан беларускай гаспадаркі. Беларусі не ўдаецца скараціць вялікі дэфіцыт зьнешняга гандлю, у краіне узьнік дэфіцыт валюты, за апошнія гады значна ўзрасла зьнешняя запазычанасьць. Беларуская эканоміка ня ў стане ўтрымацца без расейскіх датацыяў, якія апошнім часам значна скараціліся. Аляксандар Лукашэнка ня змог запрапанаваць ніякай іншай праграмы выйсьця з крызысу  акрамя “ўзмацненьня дысцыпліны” ды “закручваньня гаек” – кажа Каміль Клысіньскі.

К. Клысіньскі: Гэта тыповая праграма ўсіх аўтарытарных рэжымаў: калі становіцца дрэнна, заціскаем нашыя шэрагі, шукаем зьнешніх і ўнутраных ворагаў, узмацняем дысцыпліну й кантроль. Канешне, гэта не афіцыйная праграма Аляксандра Лукашэнкі, але нешта такое ён акрэсьліў у сваім сёньняшнім выступе. Гаспадарцы гэта дапамагчы ня можа. Улады шукаюць хаця б кароткачасовай палёгкі. Відавочна, што яны не спраўляюцца з эканомікай, і сягаюць па адміністрацыйныя мэтады, а таксама па сілавыя сродкі, каб апанаваць сытуацыю.  

Лукашэнку ўдавалася так доўга трымацца пры ўладзе з-за яго выключнай палітычнай інтуіцыі. Але 19 сьнежня інтуіцыя яго падвяла – канстатаваў Каміль Клысінскі.

К. Клысіньскі: Беларускія ўлады паводзяць сябе нерацыянальна з пункту гледжаньня самой улады. У інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі было балянсаваць паміж двума цэнтрамі сілы: Усходам і Захадам. Калі Лукашэнка меў ня вельмі ясныя й стабільныя адносіны з Усходам, ён шукаў падтрымку на Захадзе. Падсчас выбараў страх таго, што ён страціць кантроль над краінай, ўзяў верх. Нягледзячы на тое, што канфлікт з Расеяй быў прыпынены ўсяго на момант, Лукашэнка пайшоў на канфрантацыю з Захадам. Ад гэтага моманту ён трапіў у сытуацыю, якой ўжо ня можа кантраляваць. Цяпер Лукашэнка ня можа ўзмацняць сваю незалежнасьць і дамагацца канкрэтных эканамічных выгадаў альбо з Захаду, альбо з Усходу. Ён поўнасьцю аддаў сябе на міласьць расейскім уладам – і гэта выразна бачна. 

Рэпрэсіі, які назіраюцца ў Беларусі пасьля выбараў 19 сьнежня – самыя жорсткія за апошняе дзесяцігодзьдзе, паведаміў спэцыяліст па міжнародных адносінах Гжэгаж Грамадзкі. Прычыну гэтай жорсткасьці трэба шукаць у эканамічных праблемах – перакананы экспэрт.

Г. Грамадзкі: Трэба памятаць, што беларускае грамадзтва перажыло вельмі шмат катастрофаў на працягу апошніх ста гадоў. З-за гэтага яно вельмі цэніць стабілізацыю. Дабрабыт беларусаў ў папярэднія гады пастаянна ўзрастаў. Таму яны трымаліся здалёк ад палітыкі. Цяпер жа ўлады ўсьведамляюць, што ім ня ўдасца ўтрымаць дабрабыт на сёньняшнім узроўні. Яны ўсьведамляюць, што могуць пачацца народныя хваляваньні. Таму пасьля сфальсыфікаваных выбараў яны варашылі узяць грамадзтва пад жорсткі кантроль. Па гэтай прычыне мы назіраем самы масавы перасьлед іншадумцаў за апошнія гады. Лукашэнка проста баіцца. Баіцца ня толькі ён, але й яго акружэньне.

Спадзяваньні беларускіх уладаў на тое, што іх стратэгічным партнэрэм замест Эўразьвязу ці Расеі можа стаць Кітай, так і ня спраўдзіліся – лічаць экспэрты. Калі Лукашэнка не пачне зноў перамоваў з Захадам, Расея яго проста праглыне – падсумаваў дыскусію Каміль Клысіньскі.

Аляксандар Папко

 

 

Дыскусія "Беларусь: уцёкі ад дэмакратыі?"

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Аляксей Дзікавіцкі, тэлеканал "Белсат"

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Каміль Клысіньскі, Цэнтар усходніх дасьледваньняў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Гжэгаж Грамадзкі, незалежны экспэрт