Беларускім спэцслужбам хапіла ўсяго сутак, каб у аўторак ўвечары правесьці бліскучую акцыю па затрыманьню выканаўцаў тэракту ў менскім мэтро. „Галоўнае, мы ўжо ведаем, хто й як выканаў гэты тэракт, пакуль толькі невядома, зь якой мэтай. Але й гэта хутка высьвятліцца,” – гэта фрагмэнт учарашняй нарады Аляксандра Лукашэнкі зь сілавікамі, які цытуе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Паводле Лукашэнкі, затрыманы два, а паводле міністра ўнутраных справаў тры чалавекі. А фактам, які асабліва закрануў лідара беларускай дзяржавы, стала тое, што тэрарысты працавалі ў нармальных рабочых калектывах: сьлесарам і токарам. Лукашэнка ня верыць, што ў кіраўнікоў прадпрыемстваў, дзе яны працавалі, не ўзьнікала сумненьняў наконт гэтых людзей.

 Адзін з затрыманых – 25-гадовы мужчына, паводле ўладаў, прызнаўся ня толькі ў зьдзяйсьненьні выбуху 11 красавіка, але таксама ў двух папярэдніх тэрактах у Беларусі: у 2005  і 2008 гадох. Газэта нагадае, што КДБ пакуль не знайшло зьдзяйсьняльнікаў згаданых выбухаў, дарэчы, кваліфікаваных пракуратурай як „хуліганства”.

Алесь Міхалевіч - былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, цяпер палітычны ўцякач – скептычна ставіцца да прадстаўленых беларускімі ўладамі інфармацыяў: „ У Беларусі сьледчыя прымяняюць такія мэтады, што падазроныя гатовыя прызнаць сваю віну ва ўсім”, - заявіў апазыцыйны палітык у размове з радыёстанцыяй „Эхо Москвы”.

Кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў сьцьвердзіў учора, што затрыманы тэрарыст - гэта псыхічна хворы чалавек, які „рэалізаваў уласныя амбіцыі”. Якія? Кадэбіст не растлумачыў.

Лукашэнка прызнаў, што пакуль невядома, хто інсьпіраваў тэрарыстаў. Аднак ён загадаў шукаць заказчыкаў тэрактаў сярод апазыцыянэраў ды праверыць усіх, хто разносіць плёткі пра сытуацыю ў краіне.

Як сьцьвярджае Алесь Міхалевіч, хваля новых рэпрэсіяў ужо пачалася, але яны нічога не дадуць. Цягам апошніх месяцаў рэжым арыштоўвае людзей, дапытвае, праводзіць сотні вобшукаў. І пры гэтым не знайшоў нічога, што магло б сьведчыць пра тое, што палітычныя апанэнты дыктатара маглі б узяцца за тэрор, - цытуе экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі выданьне „Gazeta Wyborcza”.

 

У сваю чаргу юрыст зь Беларускага Хэльсінскага камітэту Гары Паганяйла заяўляе ў размове з газэтай „Rzeczpospolita”, што беларускія спэцслужбы замест праводзіць падрабязнае сьледзтва займаюцца палітычным сачэньнем. У ягонай ацэнцы, задавальненьне Лукашэнкі ў сувязі з затрыманьнем магчымых зьдзяйсьняльнікаў тэракту можа быць заўчасным. Паганяйла нагадвае, што ўжо ў дзень замаху ўзьнікла інфармацыя пра дзесяцёх затрыманых людзей. Быў апублікаваны нават фотаробат магчымага зьдзяйсьняльніка. Пазьней аказалася, што затрыманыя нявінаватыя, бо затрыманыя іншыя падазроныя.
Паганяйла сумняецца, што сьледчым удасца вызначыць і затрымаць сапраўдных тэрарыста й заказчыкаў, паколькі раней падобныя злачынствы ня былі раскрытыя.

„Нашыя сьледчыя проста ня ўмеюць гэтага рабіць. Яны ўмеюць толькі выкарыстоўваць людзей і рознага роду сродкі з мэтай палітычнага сачэньня, але дзеля паясьненьня складаных злачынстваў не хапае сродкаў і досьведу,”-  лічыць Гары Паганяйла зь Беларускага Хэльсінскага камітэту.

У сваю чаргу паводле лідара Руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, даручэньне Лукашэнкі шукаць замоўцаў тэракту сярод дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі - гэта абсурд.

„Я дзейнічаю ў апазыцыі з часоў перабудовы ды ведаю, што ў Беларусі няма апазыцыйных сілаў, здольных зьдзейсьніць гэткае злачынства. Тэрарызм, гэта не беларускі мэтад палітычнага змаганьня, а апазыцыя выкарыстоўвае цывілізаваныя мэтады ў барацьбе з дыктатурай,” – заяўляе Мілінкевіч. Паводле яго, паводзіны Лукашэнкі можна тлумачыць выключна адным – спробай запалохаць грамадзтва й канчаткова зьнішчыць апазыцыю.

„Добра, калі кампанія паляваньня на ведзьмы зьвядзецца да допытаў. Горш, калі пракуратура й КДБ абвінавацяць у злачынстве нявінаватых людзей. На жаль, беларуская судовая сыстэма ня раз паказала, што яе дзеяньні палітычна матываваныя. Калі ня так, то ў Беларусі не было б палітычных вязьняў. Аднак нават вельмі жорсткі перасьлед з боку дзяржавы ў дачыненьні да апазыцыі не супакоіць сытуацыі ў краіне, паколькі ў турме можна зьняволіць чалавека, але не ягоныя думкі,”- заяўляе лідар Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч на старонках выданьня „Rzeczpospolita”.

 

Як заўважае выданьне „Dziennik”, вынікаў заяўленых Лукашэнкам разборкаў зь беларускай апазыцыяй ня трэба было доўга чакаць.

Учора беларускае КДБ  дапытвала кіраўніка БХД з Гомеля Юры Клімовіча. „Мэта допытаў адна: спалучыць апазыцыю з тэрактам,”- лічыць Аляксей Януковіч - лідар Партыі БНФ - найстарэйшай апазыцыйнай партыі ў Беларусі, - а ягоныя словы прыводзіць выданьне „Dziennik”. 
      
Агляд прэсы падрыхтавала Анна Задрожна