• Дзяўчыны, будзьце інжынерамі!
  • 14.04.2011

У 16 польскіх вышэйшых тэхнічных навучальных установах ды чатырох унівэрсытэтах у чацьвер прайшоў Дзень адкрытых дзьвярэй толькі для дзяўчын. Гэтая акцыя ладзіцца ўжо чацьвёрты раз. Яе мэта – распаўсюдзіць сярод кандыдатак у студэнткі веды пра палітэхнічныя напрамкі навучаньня й заахвоціць дзяўчын выбіраць факультэты дакладных навук.

Падчас Дня адкрытых дзьвярэй дзяўчыны могуць пазнаёміцца з працай навуковых лябараторыяў і прыняць удзял у практычных занятках. Тэхнічныя напрамкі традыцыйна больш папулярныя сярод мужчын, а ўсе аналітыкі адукацыйнай сыстэмы й рынку працы адзначаюць, што пасьля заканчэньня палітэхнічнага інстытуту выпускнікі пераважна маюць магчымасьць знайсьці лепшую працу, чым гуманітарыі. Акцыя заахвочваньня жанчын вучыцца на тэхнічных напрамках ужо прыносіць добрыя вынікі, але трэба яшчэ шмат зрабіць. Студэнткі ІІ курсу Варшаўскай палітэхнічнай акадэміі Агнешка й Барбара прызнаюць, што з кожным годам усё больш жанчын жадае вывучаць дакладныя навукі, але й так дзяўчын яшчэ мала:

Дзяўчыны: Калі я ішла ў палітэхнічны інстытут, то таксама прыйшла на Дзень адкрытых дзьвярэй для дзяўчын. Гэта нагода, каб пазнаёміцца з факультэтам, яго працай. Ёсьць факультэты, дзе мужчын абсалютная большасьць – электроніка, інфарматыка. Здараецца, што ў групе студэнтаў няма ніводнай дзяўчыны. Калі ёсьць адна-дзьве, то гэта ўжо зьмешаная група, а калі тры – то ўжо жаночая.

Біянка Сівіньская, каардынатар праекту „Дзяўчыны на палітэхнікі” адзначае, што ўжо бачныя першыя пазытыўныя вынікі гэтай акцыі:

Б. Сівіньска: Вынікі ёсьць, вельмі карысныя. Гэтую акцыю мы праводзім чацьвёрты раз у гэтым годзе, і ў палітэхнічных інстытутах ужо на 5% больш дзяўчын, чым раней. Гэта 10 тыс. студэнтак. Мы лічым, што гэта вялікі посьпех, асабліва беручы пад увагу тое, што колькасьць студэнтаў зьмяншаецца ў выніку дэмаграфічнай сытуацыі. Апрача таго, гаворыцца, што тэхнічная адукацыя дае пэрспэктыву лепшай працы й заробкаў. Так што мяняецца ўяўленьне грамадзтва пра інжынерскую працу, а гэта была адна з нашых мэтаў.

Біянка Сівіньска гаворыць, што падчас апошняга набору ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ўпершыню палітэхнічныя акадэміі былі больш папулярныя, чым унівэрсытэты.

Прафэсар Уладзіслаў Вячорак, прарэктар Варшаўскай палітэхнічнай акадэміі, адзначае, што жанчыны маюць рысы характару, якія вельмі цэняцца на тэхнічных напрамках:

У. Вячорак: Жанчыны больш старанныя, адказныя, дакладныя, скрупулёзныя. Гэта вельмі карысныя рысы, якія часта дапамагаюць студэнткам дабівацца высокіх вынікаў у навучаньні. 

Сёлета з заклікам „Дзяўчыны на палітэхнікі” зьвяртаюцца да патэнцыйных студэнтак палітэхнічныя акадэміі зь Беластоку, Чанстаховы, Гданьска, Варшавы, Уроцлава ды іншых польскіх гарадоў. ВНУ прапануюць цікавыя праграмы, напрыклад, у гданьскай палітэхніцы можна падрыхтаваць уласную кампазыцыю парфумаў, а ў Беластоку ўдзельнікі Дня адкрытых дзьвярэй змаглі ўбачыць паказ стварэньня маланкі.