• Так выглядае свабода слова ў Беларусі – агляд польскага друку
  • Audio3.24 MB
  • 15.04.2011

 

„Amnesty International” 2005

Вэймарскі трохкутнік бароніць Пачобута” - артыкул пад такім назовам паявіўся на тытульнай старонцы выданьня „Gazeta Wyborcza”.

Былыя кіраўнікі дыпляматыі Польшчы, Нямеччыны й Францыі - Уладыслаў Барташэўскі, Ганс-Дзітрых Геншар і Ралян Дзюма - патрабуюць ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі вызваленьня Анджэя Пачобута й зьняцьця зь яго абвінавачаньняў у зьнявазе беларускага прэзыдэнта.

- Саджаньне ў турму журналіста толькі за тое, што ён апісвае рэальную рэчаіснасьць - гэта недапушчальна, - заявіў газэце Геншар падчас учорашняга форума ў Бэрліне, на якім ён сустрэўся з Барташэўскім і Дзюма. – Прыгадваецца, якім чынам парушаліся правы чалавека на Кубе.

- Я гатовы паехаць у Беларусь і прадстаўляць інтарэсы Пачобута перад тамашнім судом у якасьці ягонага адваката, - дадаў Ралян Дзюма.

- Палякі й немцы з былой ГДР ведаюць, што такое пакутаваць ад перасьледу й як сябе адчуваюць рэпрэсаваныя беларусы. Я слухаў учора выступ Лукашэнкі па тэлевізіі. Ён казаў дакладна тое самае, што калісьці нашыя камуністычныя генсэкі: што калі б не было апазыцыі, то ўсім бы жылося лепей, - зазначыў Барташэўскі.

Ад 5 красавіка Пачобут сядзіць у гарадзенскім ізалятары часовага ўтрыманьня, чакаючы на працэс за „паклёп” і „зьнявагу” Лукашэнкі ў артыкулах для газэты й камэнтарах у інтэрнэце. Яму пагражае два гады турмы, прыгадвае „Gazeta Wyborcza”.

Штодзёнка дадала да артыкула фатаздымак з агульнапольскай акцыі, якую правяла ў 2005 годзе міжнародная праваабарончая арганізацыя „Amnesty International” . Гэты фатаздымак на сёньняшні дзень падаецца вельмі актуальным.

Незалежныя журналісты будуць дапытаныя. Беларуская пракуратура паведамляе пра чарговыя падрабязнасьці ў сьледзтве адносна выбуху ў менскім мэтро, а таксама заяўляе пра рэпрэсіі ў дачыненьні незалежных СМІ, піша „Dziennik Gazeta Prawna”.

З учорашняй заявы намесьніка генпракурора Беларусі Андрэя Швэда вынікае, што сьледчыя адпомсьцяць апазыцыйным СМІ за публікацыі, у якіх знаходзяцца намёкі адносна суўдзелу спэцслужбаў у арганізацыі тэракта.

- Частка аўтараў зладзіла сабе «скокі на крыві». Яны будуць выкліканыя на допыт, - папярэдзіў генэральны пракурор Рыгор Васілевіч, піша „Dziennik Gazeta Prawna”.

Пра тое, чаго нельга беларускім журналістам, піша „Rzeczpospolita”.

Беларуская пракуратура пагражае крымінальнай адказнасьцю за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі пра тэракт у мэтро. Падчас сустрэчы ў вузкім коле Рыгор Васілевіч папярэдзіў журналістаў, каб сачылі за тым, што гавораць і пішуць.

- Заява пракурора й пачаты перасьлед з боку дзяржаўных СМІ супраць апазыцыі й незалежных журналістаў ня мае нічога супольнага з высьвятленьнем прычынаў трагедыі, - заявіў выданьню юрыст й сустаршыня БАЖ Андрэй Бастунец. На яго думку, пасьля тэракту незалежныя СМІ рабілі тое, што належала да іх абавязкаў - інфармавалі грамадзтва.

- Гэта натуральна, што паявіліся розныя вэрсіі на тэму злачынства. А цяпер аказваецца, што трэба перасьледаваць тых, хто выставіў вэрсію пра саўдзел уладаў. А дзяржаўныя журналісты, якія беспадстаўна абвінавачваюць апазыцыю, ня будуць несьці ніякай адказнасьці, - дадае Бастунец у выданьні „Rzeczpospolita”.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч