• Журналіст Анджэй Пачобут сустракае свой 38-ы дзень народзінаў за кратамі
  • 16.04.2011

 

Сёньня журналіст Анджэй Пачобут сустракае 38-ы дзень народзінаў. Сустракае яго за кратамі – піша польская штодзёнка "Gazeta Wyborcza". У СІЗА Анджэй Пачобут знаходзіцца ўжо 10 дзён. З гэты час пракуратура не пачала ніякіх сьледчых дзеяньняў – кажа адвакат, яго нават ні разу нят выклікалі на допыт. Цяжка сказаць, калі распачнецца суд.

Беларускі карэспандэнт "Gazety Wyborczej" знаходзіцца за кратамі па абвінавачваньні ў абразе прэзыдэнта Беларусі. Абразы, на думку ўладаў, утрымлівалі шэраг артыкулаў, апублікаваных ў  "Gazecie Wyborczej", хоць у некаторых зь іх не было ані слова аб прэзыдэнце. Акрамя гэтага супраць Анджэя Пачобута распачата сьледзтва за паклёп на кіраўніка краіны. Журналісту пагражае 4 гады турмы – піша  "Gazeta Wyborcza".

Тэрарыст праваліўся з-за тэлефону – працягвае беларускую тэматыку "Gazeta Wyborcza".

Сьледчыя прадставілі доказы таго, што 25-гадовы жыхар Віцебска сапраўды зьяўляецца выканаўцам тэрактуў менскім мэтро, піша "Gazeta Wyborcza". Перад тым як узарваць бомбу ў падземцы, мужчына патэлефанаваў некаму па мабільніку. Гэта зафіксавала відэакамэра. Спэцслужбы вызначылі нумар тэлефону і прозьвішча ўладальніка.

Пракуратура Беларусі сьцьвярджае, што адбіткі пальцаў мужчыны, затрыманага па справе аб тэракце ў менскім мэтро, знаходзіліся намесцывыбуху 2008 году, у выніку якога былі параненыя 55 чалавек. Выканаўца тэракту прызнаўся таксама ў “аўтарстве” выбуху шасьцігадовай даўніны ў Віцебску. Былы палкоўнік спэцназу эмігрант Ўладзімір Барадач ня верыць гэтым прызнаньням – піша "Gazeta Wyborcza". Па яго меркаваньню, каб у 22 гады вырабіць і ўзарваць складаную выбуховую прыладу, малады чалавек павінен быў “нарадзіцца разам з бомбамі ў навукова-дасьледчым цэнтры”.

Улады пасьлядоўна выкарыстоўваюць крывавы тэракт, каб настороіць беларусаў супраць апазыцыі – піша "Gazeta Wyborcza". Урадавая штодзёнка  “Советская Белоруссия” у пятніцу ў чарговы раз абвінаваціла апанэнтаў рэжыму ў у адсутнасьці чалавечнасьці – піша польская газэта.

 

Мы ня можам уявіць будучыні Лібіі з Муамарам Кадафі пры ўладзе – напісалі ў супольным лісьце кіраўнікі Францыі, ЗША і Вялікабрытаніі, піша "Gazeta Wyborcza".

Нікаля Сарказі, Барак Абама і Дэвід Кэмэран пацьвердзілі, што іх мэтай зьяўляецца адхіліць Кадафі ад улады.

Авіяналёты саюзьнікаў эфэктыўна абараняюць ад войскаў Кадафі Усходнюю Лібію, але паўстанцы занадта слабыя, каб узяць сталіцу Лібіі Трыпалі. Францускія ўлады ня хочуць пастаўляць узбраеньне лібійскай апазыцыі, бо баяцца, што яно патрапіць ня ў тыя рукі.  Высадка францускіх цт амэрыканскіх войскаў пакуль што таксама выключана, бо яна выкліча пратэсты ў арабскім сьвеце. Кааліцыя зьбіраецца далей абараняць Бэнгазі ды ўзмоцніць эканамічныя санкцыі супраць Кадафі. Гэта павінна выклікаць дэзэртырства ў акружэньні Кадафі і рэжым праз некаторы час абрынецца – піша  "Gazeta Wyborcza".

 

Гаагскі трыбунал прыгаварыў харвацкага гэнэрала Антэ Гатавіну да 24 гадоў турмы – піша польская газэта "Rzeczpospolita". Пераважная большасьць харватаў лічыць генэрала Гатавіну героем вайны за незалежнасьць.

Акцыю “Бура”, падчас якой ў жніўні 1995 году 150 тысячаў басьнійскіх сэрбаў былі выгнаныя з правінцыі Крайна, яны лічаць ваеннай неабходнасьцю, а не этнічнымі чысткамі. Разам з генэралам Гатавінай быў асуджаны былы генэрал паліцыі Младэн Маркач. Ён атрымаў 18 гадоў турмы. Пасьля абнародаваньня прысуду ў сталіцы Харватыі Заграбе прайшлі масавыя маніфэстацыі пратэсту.

Затое прысудам Міжнароднага трыбуналу па былой Югаславіі задаволены ў Сэрбіі. “Эўразьвяз павінен дамагацца ад Харватыі выплаты кампэнсацыі ахвярам этнічных чыстак,” – кажуць прадстаўнікі сэрбскіх няўрадавых арганізацыяў. Яны упэўненыя, што прысуд генэралу Гатавіне ўскосна указвае на на ваенныя злачынствы памерлага прэзыдэнта Харватыі Франьня Туджмана.

Трыбунал па былой Югаславіі асудзіў 64 асобы. Гэта як былыя афіцэры й кіраўнікі дзяржаваў, так і звычайныя салдаты. Сярод асуджаных пераважаюць басьнійскія й харвацкія сэрбы. Прысутнічаюць таксама дзесятак харватаў, некалькі басьнійскіх мусульманаў і альбанцаў – піша "Rzeczpospolita".

АП