• Агляд польскага друку
  • 18.04.2011

“Gazeta Wyborcza” працягвае акцыю пад заклікам “Вызваліць Пачобута”. Беларускі карэспандэнт выданьня сядзіць у гарадзенскай турме, чакаючы працэсу за тое, што быццам бы зьняважыў прэзыдэнта Лукашэнку ў артыкулах для газэты ды камэнтарах у інтэрнэце. Пракуратура знайшла злачынства нават у тэксьце, у якім журналіст і словам не згадаў пра Лукашэнку. Amnesty International прызнала Пачобута вязьнем сумленьня.

“Затрыманьне й працэс Анджэя Пчобута – гэта чарговы выпадак, які паказвае сапраўдны твар сыстэмы, створанай у Беларусі, - выказваецца на старонках выданьня былы прэм’ер-міністар і кіраўнік МЗС Польшчы Уладзімеж Цімашэвіч. - Супраціўнікі кіраўніка Беларусі трапляюць у турмку, страчваюць жыцьцё, ім спрабуюць заткнуць рот. Па-чалавечы шкада Пачобута й ягоную сям’ю, але ягоная адвага пісаць праўду пра Беларусь мае сэнс. Беларусь перажыве Лукашэнку, незалежна ад таго, колькі яшчэ выбараў ён распіша ў сваю карысьць. Пачобут ды іншыя сумленныя, адважныя людзі набліжаюць гэты момант”, - напісаў Цімашэвіч. А цяпер яшчэ Пачобут павінен заплаціць падатак і штраф, але пра гэта падрабязна ў нашых перадачах.

Анджэй Пісальнік, карэспандэнт выданьня “Rzeczpospolita”, піша пра Польскі дом у Баранавічах. Шум вакол дому пачаўся некалькі дзён таму, калі паявілася інфармацыя, што кіраўніцтва на ім перанялі дзеячы з праўладнага Саюзу палякаў. Гэты шум выклікае незадавленасьць уладаў, але мясцовыя дзеячы лічаць, што інфармацыя патрэбная. Новая старшыня мясцовага адзьдзела Саюзу палякаў, які падпарадкоўваецца ўладам, Ядвіга Шустал, была абраная на сходзе, на якім не было кворуму, а выбараў не прадбачваў парадак дня сустрэчы. Улады зацікаўлены, каб мясцовыя палякі, у тым ліку кіраўніцтва Польскага дому, прызналі ўладу Ядвігі Шустал і СПБ на чале са Станіславам Сямашкам. На думку мясцовых “незалежных” палякаў, гэта кампраметацыя – Сямашка нават не гаворыць па-польску, а камэнтуючы забарону ўезду ў Польшчу, ён заявіў “хрэн з ёй, з Польшчай”.

Але мясцовыя палякі ня бачаць таксама карысьці ад супрацоўніцтва зь незалежным СПБ Анжалікі Арэхвы. Дзеячы здаўна мараць пра стварэньне самастойнай арганізацыі ў Польскім доме, каб разьвіваць культурную й адукацыйную дзейнасьць. Нядаўна быў створаны нават арганізацыйны камітэт, але адказу на пададзеныя дакумэнты ўсё яшчэ няма. Тэрэса Селівоньчык спадзяецца, што заснаваць новую структуру дапаможа Польшча, якая збудавала Польскі дом. З 16 польскіх дамоў пляцоўка ў Баранавічах апошняя, якая адказвае спадзяваньням мясцовых палякаў. Усе іншыя, якія падпарадкоўваюцца праўладнаму СПБ, арэндуюць памяшканьні розным фірмам.

"Калі б не нядбайная праца міліцыі, тэракт у мэтро не здарыўся б", – словы Аляксандра Лукашэнкі прыводзіць “Dziennik – Gazeta Prawna”. “Як гэта магчыма, каб чалавек, несучы 20 кг. выбуховых рэчываў у торбе, праходзіў спакойна каля міліцыі й супрацоўнікаў мэтро?”, - пытаўся прэзыдэнт на сустрэчы з журналістамі. Пры нагодзе Лукашэнка ў чарговы раз напаў на апазыцыю. Назваў яе прадстаўнікоў “ідыётамі й пятай калёнай” за распаўсюджваньне чутак, што тэракт наладзілі спэцслужбы.

 

Вяртаемся на старонкі “Gazeta Wyborcza”. Яна піша пра рэкамэндацыі Эўрапейскай камісіі па выкарыстаньні тэлекамунікацыйных дадзеных. Камісія раіць, каб службы правапарадку радзей карысталіся магчымасьцю правяраць тэлефонныя рахункі падазраваных. У Польшчы, у адрозьненьні ад іншых краін, няма ніякіх абмежаваньняў і кантролі ў гэтай галіне. Летась праваахоўныя ворганы выслалі на 300 тыс. больш запытаў, чым годам раней. Пракуратура й паліцыя цікавяцца, хто ўладальнік дадзенага тэлефону, якія званкі выконваў, дзе прабываў, а таксама пытаюць пра рахункі, СМС і сувязь па інтэрнэце.

Па законах Эўразьвязу, такія дадзеныя неабходна захоўваць мінімум 6 месяцаў, а максымум 2 гады. Польшча прыняла максымальны тэрмін захоўваньня. У іншых краінах праваахоўныя ворганы могуць карыстацца імі толькі ў выпадку расьледваньня самых цяжкіх злачынстваў, а ў Польшчы – у кожным выпадку.

Некаторыя эўрапейскія дзеячы хацелі б цалкам адмяніць неабходнасьць захоўваньня дадзеных, паколькі яны ня маюць вялікага ўплыву на эфэктыўнасьць барацьбы са злачыннасьцю. Эўрапейская камісія з гэтым не згаджаецца, але намерана ўвесьці абмежаваньні, між іншым, рэкамэндуе акрэсьліць злачынствы, пры якіх можна карыстацца дадзенымі, скараціць час захоўваньня інфармацыі, увесьці абавязак вяртаньня апэратарам коштаў выкарыстаньня дадзеных.

Польскі абаронца грамадзянскіх правоў перадала прэм’ер-міністру юрыдычны аналіз, які сьведчыць аб тым, што закон аб выкарыстаньні тэлекамунікацыйных дадзеных парушае канстытуацыю краіны. Але большасьць пастулатаў была адхілена. Цяпер адмысловая камісія, якая складаецца галоўным чынам з прадстаўнікоў спэцслужбаў ды паліцыі, працуе над увядзеньнем зьменаў у законы. 

 

нг