• Польскія палітыкі пра сытуацыю ў Беларусі
  • Audio4.76 MB
  • 18.04.2011

Апошнія падзеі ў Беларусі прымушаюць польскіх палітыкаў чарговы раз задумацца над крокамі, якія Эўропа й Польшча павінны выканаць у дачыненьні Беларусі.

Амаль два тыдні таму ў арышт патрапіў журналіст і актывіст непрызнаванага беларускімі ўладамі СПБ Анджэй Пачобут. Тэракт у менскім мэтро стаў нагодай для выкліканьня на допыты прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якія знаходзяцца на свабодзе.

Незалежныя экспэрты заяўляюць, што прэзыдэнт Лукашэнка ўсімі сіламі стараецца абвінаваціць апзаыцыю ў падрыхтоўцы тэракту. Якім чынам Эўропа можа паўстрымаць хвалю чарговых рэпрэсіяў з боку беларускага рэжыму?

На думку Яраслава Говіна з партыі „Грамадзянская плятформа”, Эўропа павінна пачаць дзейнічаць больш рашуча.

Яраслаў Говін: У дачыненьні да настолькі шалёнага дыкратара, як Лукашэнка, прычым  які на дадатак карыстаецца вялікай падтрымкай грамадзтва, практычна няма добрай палітыкі. Эўропа й Польшча разам зь ёю выкарыстоўваюць па чарзе розныя мэтады- раз кій, раз пернік, аднак абодва гэтыя мэтады не прыносяць плёнаў. Аднак  для мяне відавочна, што калі ўзмацняюцца рэпрэсіі, прычым раптоўна, у дачыненьні да апазыцыі, то Эўропа і  разам зь ёю Польшча павінна рэагаваць вельмі катэгарычна. Хачу зазначыць, што Польшча павінна не самастойна, а разам з Эўразьвязам рэагаваць на тое, што вырабляе гэты рэжым.

Польская апазыцыйная партыя „Права й справядлівасьць” за рэпрэсіі ў дачыненьні да прадстаўнікоў беларускай апазыцыі чамусьці абвінавачвае польскі ўрад. Са словаў прадстаўніка згаданай палітычнай групоўкі Марэка Кухціньскага вынікае, што ўзмацненье рэпрэсіяў у Беларусі зьяўляецца наступствам непасьлядоўнасьці ў палітыцы афіцыйнай Варшавы адносна Менска.

Марэк Кухціньскі: Гэтай пасьлядоўнасьці няма ўжо некалькі гадоў. Такая памяркоўная палітыка, якую вядзе міністар замежных справаў, са спробамі неяк дамовіцца, не спрацавала, не прынесла ніякіх вынікаў ды нават пагоршыла сытуацыю. Неабходна ўсур’ёз разважыць, якім чынам весьці гэтую палітыку ў дачыненьні да рэжыму, каб яна прыносіла адпаведныя вынікі.

А вось на думку Барташа Арлуковіча з Саюзу левых дэмакратычных сілаў, у адносінах зь Менскам вельмі важнымі зьяўляюцца такія рысы, як цярплівасьць і ўпартасьць.
 
Барташ Арлуковіч: Я думаю, што МЗС павінна штодзённа й актыўна адсочваць бягучую сытуацыю, але таксама займаць адпаведную пазыцыю ў справе таго, што адбываецца ў Беларусі. Там дэмакратыя патрабуе дапамогі з боку Захаду, і Польшча павінна адыграць у гэтым вядучую ролю.

Павал Панцыліюш, які неаднойчы бываў у Беларусі, у тым ліку ў якасьці назіральніка ад АБСЭ падчас выбараў, выказвае меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка надалей будзе адчуваць сябе ўпэўнена й бяскарна. А ўсё таму, што міжнароднае грамадзтва ня мае выпрацаванай аднароднай, пасьлядоўнай палітыкі дачыненьняў зь Менскам.

Павал Панцыліюш: У галіне дэмакратыі ўсе гавораць адным голасам і супраціўляюцца рэпрэсіям у дачыненьні да апазыцыі. А зь іншага боку, паціху шырокім струменем у Беларусь цячэ капітал з краінаў ЭЗ. Розныя фірмы інвэстуюць як толькі могуць, бо ведаюць, што гэта своеасаблівая „цаліна”, практычна без канкурэнцыі. Нямецкія, францускія й італьянскія фірмы едуць у Беларусь і скупляюць усё, што магчыма, спадзеючыся на тое, што калісьці інвэстыцыя прынясе задавальнаючыя карысьці.

Пасьля сьнежаньскай пасьлявыбарчай расправы беларускага рэжыму з дэмакратычнай апазыцыяй ЭЗ увёў у дачыненьні да прадстаўнікоў рэжыму санкцыі. Эўропа вырашыла абмежавацца візавымі санкцыямі, устрымаўшыся ад увядзеньня эканамічных. Аднак банкаўскія ўстановы стрымалі выдзяленьне чарговых крэдытаў Беларусі.

Польшча ўдвая павялічыла фінансавую дапамогу беларускаму грамадзтву. 40 мільёнаў злотых (10 млн. эўра) сёлета будуць выдаткаваныя на стыпэндыі для беларускай моладзі, стажыроўкі й падтрымку незалежных беларускіх СМІ.

кр