• “Крах Беларусі”
  • 19.04.2011

“Крах Беларусі” – артыкул з такім загалоўкам апублікаваны сёньня на першай старонцы штодзёнкі “Gazeta Wyborcza”.

“Беларусь апынулася на мяжы эканамічнай катастрофы. Беларусы скупляюць валюту, цукар, муку, кашу. Каб ратаваць уласную скуру, рэжым Аляксандра Лукашэнкі стварае атмасфэру акружанай крэпасьці й спадзяецца на дапамогу Масквы”, – піша знаўца беларускай тэмытыкі Вацлаў Радзівіновіч. Яму, дарэчы, забаронены ўезд у Беларусь.

Журналіст распавядае пра бойкі ў чэргах за валютай, якой амаль не засталося ў абменьніках. “На вуліцах зьявіліся валютчыкі. У прынцыпе, толькі ў іх беларусы могуць купіць расейскія рублі, даляры альбо эўра”, – піша Радзівіновіч. Крах валютнага рынку, у сваю чаргу, тармозіць разьвіцьцё й так слабой беларускай прамысловасьці, бо фірмы ня могуць набыць замежных камплектуючых. “Gazeta Wyborcza” цытуе словы публіцыста газэты “Белорусы и рынок” Паўлюка Быкоўскага, які кажа, што “цягам тыдня беларуская эканомікі, як быццам, вярнулася на 15 гадоў назад, а фірмы ізноў спрабуюць разьлічвацца бартэрам”.

Алею ў вагонь падліваюць расейскія СМІ, якія сьцьвярджаюць, што з дня на дзень Лукашэнка будзе вымушаны правесьці дэвальвацыю. Учора пра гэта заявіў кіраўнік расейскага Ашчадбанку Герман Грэф.

“Лукашэнка ня зможа ратавацца традыцыйным шляхам, выманьвючы крэдыты, то ад Масквы, то ад ЭЗ. Пасьля 19-га сьнежня Захад ня дасьць яму ані цэнта. Расея таксама зацягвае з выдачай абяцанага крэдыту ў 2,7 млрд. даляраў. Яны ведаюць, што загналі яго ў кут, таму цяпер выстаўляюць цьвёрдыя ўмовы”, – піша „Gazeta Wyborcza”.

Расея – гэта апошняя надзея Лукашэнкі, каб пазьбегнуць краху. Экс-міністар эканомікі Расеі Яўгеній Ясін лічыць, што Масква будзе дапамагаць цяперашняму прэзыдэнту, пакуль ня знойдзе пераемніка дыктатара.

Сам Лукашэнка віну за адсутнасьць тавараў скідае на грамадзян. “Чаго Вы кінуліся на тыя абменьнікі? Мы ж жывем за беларускія рублі, а яны скупілі вялізарную колькасьць валюты”, – дзівіцца Лукашэнка. Ён тлумачыць грамадзянам, што даляры патрэбныя дзяржаве для таго, каб купляць расейскі газ і лекі.

“Gazeta Wyborcza” мяркуе, што для таго, каб адцягнуць увагу грамадзтва ад эканамічных праблем, Лукашэнка імкнецца напоўніцу выкарыстаць замах у менскім мэтро. “Рэжым хоча пераканаць беларусаў, што іх краіна – гэта акружаная крэпасьць, якую трэба бараніць нават цаною адмовы ад многіх прыемнасьцяў”, – кажа газэце Анатоль Лябедзька.

Лідар АГП дадае: “Рэжым гадамі пераконваў нас, што самае галоўнае – гэта поўны страўнік, поўная лядоўня й кашалёк. Каб стварыць ілюзію дабрабыту, ён ашукваў суседзяў на мільярдныя крэдыты, якія праядаліся. Цяпер улада будзе паказваць новыя прыярытэты: стабільнасьць і бясьпеку. А ў акружанай крэпасьці можна абысьціся без даляраў альбо нават цукру”.

Пра “валютную паніку” ў Беларусі піша й “Dziennik. Gazeta Prawna”. Спасылаючыся на неафіцыйныя крыніцы, выданьне сьцьвярджае, што празь некалькі дзён беларускі рубель чакае дэвальвацыя.

У сакавіку беларусы купілі 768 млн. даляраў. Прапановы продажу даляровых банкнотаў зьявіліся нават на інтэрнэт-аўкцыёнах. Спачатку ў чэргах ля абменьнікаў выстройваліся маладыя людзі, якія пра клопаты ў эканоміцы даведаліся зь інтэрнэту. Але гледзячы на кілямэтровыя чэргі ля банкаў, газэта робіць выснову, што навіна пра дэвальвацыю абляцела ўсіх.

“Dziennik. Gazeta Prawna” паведамляе, што Нацбанк і ўрад сыйшліся ўчора наконт дэвальвацыі. Афіцыйны курс даляра – 3060, але фірмы праводзяць паміж сабой разьлік па 3800 за даляр. Другі курс можа ў хуткім часе стаць афіцыйным для грашовых апэрацый на біржы. Дзякуючы гэтаму, экспарт стане больш выгадным, а фірмы, якія маюць абавязак абмену 30% прыбытку, ня будуць хаваць сапраўдных даходаў.

Выданьне прыводзіць выказваньні звычайных беларусаў, якія беспасьпяхова абыходзяць менскія абменьнікі. “Я хацеў купіць 800 даляраў у абменьніку “Беларусбанку”. Жанчына ў касе мела толькі 50 даляраў. Калі я сказаў, што яна падманвае, бо ж нават сам прэзыдэнт казаў, што валюта ёсць, то яна ўсьміхнулася й знайшла яшчэ 150 даляраў. Лукашэнка супакойвае грамадзян абяцаньнем цягам дня-двух вярнуць сытуацыю ў нармальнае русла.

“Але прычыны нашмат больш складаныя”, – піша выданьне й тлумчыць, што цягам чатырох гадоў расейцы спыняюць датацыі беларускай эканоміцы. За апошнія гады дапамога Крамля сягала нават 15% ад ВУП. Да гэтага дадаліся павелічэньні коштаў на цану й наз, што дрэнна адбілася на працы беларускіх НПЗ. Праблемы пагоршыла й палітыка ўладаў. Перад выбарамі Лукашэнка паабяцаў павялічыць сярэдні заробак да 500 даляраў. Сваю мэту ён дасягнуў. Праўда, цаною гэтага стала зьмяншэньне на ¼ узроўня рэзэрваў. Сёньня яны складаюць 3,8 млрд. даляраў, а гэта, прыблізна, эквівалент трох тыдняў імпарту. МВФ лічыць, што бясьпечны ўзровень складае каля трох месяцаў.

“Нельга дазволіць, каб заангажаванасьць Эўразьвязу ў Паўночнай Афрыцы адбывалася коштам “Усходняга партнэрства”, – заявіў учора падчас сустрэчы з польскім прэм’ерам Дональдам Туска старшыня ўраду Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран, піша “Rzeczpospolita”.

Гэта была першая сустрэча палітыкаў пасьля таго, як у 2010 годзе Кэмэран узначаліў брытанскі ўрад.

“Мы дамовіліся, што Эўропа павінна з энтузіязмам вітаць Вясну народаў у арабскіх краінах, але гэта не павінна нэгатыўна ўплываць на тое, што ЭЗ робіць у рамках “Усходняга партнэрства”. Усходнія краіны не павінны ад гэтага пацярпець”, – сказаў Кэмэран.

дг