• Пульс польскай эканомікі
  • Audio5.05 MB
  • 19.04.2011

Хутчэй за ўсё не ўдасца пабудаваць дарогі за кошт інвэстыцый у чыгунку – Эўразьвяз супраць такой прапановы польскага ўраду

Польскі ўрад хадайнічае за тое, каб перасунуць частку сродкаў, выдзеленых ЭЗ для чыгуначных праектаў, на будаўніцта дарог.

Эўрапарлямэнтары заклікаюць Эўрапейскую Камісію не пагаджацца на гэта. Гутарка ідзе пра адзін мільярд 200 мільёнаў эўра з праграмы «Інфраструктура й Навакольнае асяродзьдзе».

Старшыня камісіі транспарту Эўрапейскага Парлямэнту Браян Сімпсан напісаў у гэтай справе ліст двум эўракамісарам – па справах транспарту й рэгіянальнай палітыкі. Перадае карэспандэнтка Польскага радыё ў Брусэлі.

Бэата Пламэцка: Гэта адказ на аргумэнты польскага ўраду, паводле якога немагчыма выдаткаваць усе грошы на чыгуначныя праекты й неабходна іх пераразьмеркаваць на будаўніцтва дарог, каб сродкі не прапалі. Зварот эўрапарлямэнтароў падмацуе толькі пазыцыю Эўрапейскай камісіі, якая не пагаджаецца падтрымаць прапанову польскага ўраду. Брусэль лічыць, што польскую чыгунку неабходна мадэрнізаваць, акрамя таго, яшчэ застаецца мноства часу на тое, каб канчаткова расходаваць выдзеленыя сродкі менавіта на гэтую мэту.

Эўрапарлямэнтары прапануюць, каб Эўрапейская камісія дапамагла ўраду Польшчы разьмеркаваць грошы на рамонты чыгункі.

 

Кітайцы паціху скупляюць польскія прадпрыемствы

На поўдні Польшчы Металюргічны завод „Huta Stalowa Wola” пераходзіць пад управу кітайскага АТ „Guangxi LiuGong Machinery”. Польскі завод вырабляе будаўнічую тэхніку.

Пачынаюцца перамовы прафсаюзаў з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі. Справа датычыць сацыяльных гарантыяў. Галоўнае патрабаваньне працоўнага калектыву адносіцца да колькасьці працоўных месцаў, - кажа старшыня прафсаюзу Марыюш Куныш.

М. Куныш: Я спадзяюся, што мы пачуем ад іх інфармацыю для нас найважнейшую - менавіта пра ўзровень працаўладкаваньня й гарантыі для супрацаўнікоў. Мы хочам гэтую справу вырашыць у першай чарзе. Калі іх прапанова нас задаволіць, будзем працягваць перамовы па іншых пытаньнях.

Марыюш Куныш падкрэсьлівае, што пры наяўнасьці волі кампрамісу па абодвух баках, перамовы ў справе сацыяльнага пакету завершацца праз дзесяць дзён. Прафсаюз наняў адвакатаў, якія суправаджаюць прадстаўнікоў рабочага калектыву на перамовах зь кітайцамі.

Металюргічны завод „Huta Stalova Wola - гэта адна з буйнейшых і апошніх дзяржаўных фірмаў на Падкарпацьці. На заводзе працуе больш за 2 тысячы чалавек.

 

Патрыятычны падыход да эканомікі  

Горцы плянуюць выкупіць ад дзяржавы фунікулёр на вяршыну Каспровы Верх. Яны прапануюць, каб грошы выклалі ня толькі мясцовыя жыхары рэгіёну Падгале, але ўсе палякі. Мэта акцыі – затрымаць фунікулёр у польскіх руках. Да фірмы „Polskie Koleje Linowe”, якая ўпраўляе фунікулёрамі ў гарах, інтарэс праяўляюць аўстрыйцы.

 Аўтар ідэі Дарыюш Галіца з Закапанэ прапануе аб’яднаць падгалянскія гміны й стварыць адмысловую кампанію, якая будзе займацца выкупам.

М. Галіца: Гміны могуць выпусьціць аблігацыі. Каштоўныя паперы будуць прадавацца мясцовым жыхарам. Такім чынам кампанія атрымае сродкі на выкуп. Мы – жыхары Закапанэ, Шчавніцы, Крыніцы – станем уладальнікамі фунікулёраў, якія неўзабаве можна страціць.

Жыхары Закапанэ падтрымліваюць гэтую ідэю.

Горац: Гэта наша нацыянальная маёмасьць, якой нашыя дзяды аддалі свае сілы. Мой дзед таксама працаваў цесьляром на станцыі Каспровы Верх. І што, мы мелі б гэта страціць? Ні за што! Я, як польскі патрыёт і горац, пачынаю зьбіраць грошы.

Нагадаем, выкупам фунікулёра на Каспровы верх цікавяцца аўстрыйцы. Дакладны кошт выкупу пакуль невядомы.

 

Курсы валют паводле НБП

1 эўра                                               3.98 зл

1 даляр ЗША                                     2.79 зл

1000 БР                                             0.89 зл,

Aбменьнікі ў Варшаве купляюць беларускія рублі па 40 грошаў.       

 

Падрыхтавала Яланта Сьмялоўская