• “Басовішча”-2011 пройдзе з 22 па 24 ліпеня
  • Audio2.98 MB
  • 20.04.2011

Фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”, сёлета пройдзе з 22 па 24 ліпеня ў традыцыйным мястэчку Гарадок на Беласточчыне. Кожны, хто захоча прыехаць на фэстываль зь Беларусі зможа атрымаць бясплатную польскую візу. Аднак паклапаціцца пра гэта трэба будзе ўжо ў траўні – паведаміла Польскаму Радыё адна з арганізатараў фэстывалю Кася Кузьміч.

Галоўнымі зоркамі сёлетняга “Басовішча” стануць гурты “Neuro Dubel” ды “IQ48”. На сцэне таксама выступіць гурт “R.U.T.A.” -  калектыўны праект вядомых польскіх музыкаў, якія вырашылі ажывіць бунтарскія песьні XVI-XX стагодзьдзя ды надаць ім панк-рокавую афарбоўку. Пра гэты гурт распавядае арганізатарка фэстывалю Кася Кузьміч зь Беларускага аб’яданьня студэнтаў.

К. Кузьміч: Сучасныя людзі нават ня ведаюць, якія моцныя песьні паўставалі ў тыя часы. Сяляне сьпявалі пра тое, які дрэнны пан, пра рэлігію, пра шмат іншых рэчаў. Акрамя тэматыкі песьняў, гэты гурт цікавы з музычнага пункту гледжаньня. У ім граюць толькі прафэсіяналы – гэта датычыць як вакалу, так і інструмэнтаў.

На “Басовішча” будзе запрошаны вядомы гурт з краіны-суседкі Беларусі й Польшчы. Яго імя арганізатары пакуль трымаюць у таямніцы.

Цэнтральнай падзеяй фэстывалю будзе традыцыйны конкурс маладых беларускамоўных камандаў. У гэтым годзе на сцэну запросяць больш выканаўцаў – кажа Кася Кузьміч.

К. Кузьміч: Конкурс будзе праводзіцца па правілах, падобных да тых, якія былі ў мінулым годзе. Магу сказаць напэўна, што ў конкурснай частцы выступіць больш гуртоў, чым летась. Мы хочам запрасіць 7-8 камандаў. Мы таксама пастараемся, каб было больш ўзнагародаў.

Інфармацыя для музыкаў, якія жадаюць прыняць удзел у конкурсе, зьявіцца праз некалькі тыдняў на сайце “Басовішча”. Маладым выканаўцам трэба будзе проста запоўніць анкету, выслаць некалькі трэкаў – і чакаць запрашэньня.

Кожны, хто спэцыяльна паедзе на “Басовішча” зь Беларусі, атрымае бясплатную візу – завяраюць арганізатары. Толькі паклапаціцца пра гэта трэба будзе загадзя – яшчэ ў траўні. Жадаючыя атрымаць візу павінныя будуць загадзя заплаціць невялікую суму за месца ў намётавым мястэчку – кажа арганізатарка Кася Кузьміч.

К. Кузьміч: Ахвотных атрымаць бясплатную польскую візу будзе напэўна шмат. Таму мы, хутчэй за ўсё, папросім тых, хто падае на візы, заплаціць каля 7 даляраў за месца ў намётавым мястэчку альбо купіць білет зь Менску да месца фэстывалю. Таксама мы мяркуем, што падача дакумэнтаў на бясплатныя візы будзе адбывацца толькі на працягу траўня. У такім выпадку консульствы, якія заўсёды маюць шмат працы летам, пасьпеюць зрабіць візы ўсім жадаючым. А мы, як арганізатары, будзем мець больш часу, каб забясьпечыць гасьцей ўсім неабходным.

Тым, хто едзе на фэстываль першы раз, ня трэба браць з сабой ніякіх асаблівых рэчаў – толькі намёт і невялікую суму грошай, каб купіць ежу – кажа неаднаразовая наведвальніца “Басовішча” Аня.

Аня: Трэба мець добры настрой, намёт і невялікую суму грошай. А ўсё астатняе можна купіць непасрэдна на месцы.

Асьцерагацца беларускіх памежнных службаў таксама ня трэба – кажа Аня.

Аня: Калі мы езьдзілі ў Польшчу, ніколі праблемаў не ўзьнікала. Невялікія праблемы ўзьніклі толькі аднойчы, калі мы вярталіся – але не такія сур'ёзныя, як можна было б падумаць.

Уся неабходная інфармацыя для гасьцей  ды ўдзельнікаў фэстывалю зьявіцца на афіцыйным сайце “Басовішча” ў бліжэйшыя тыдні – абяцаюць арганізатары. 

 
Аляксандар Папко