• 550 мільёнаў эўра для Чарнобыля
  • 20.04.2011

Гэта быў адзін з вынікаў кіеўскай канфэрэнцыі: „25 гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы. Бясьпека будучыні”. Гэтая квота дазволіць пабудаваць новы саркафаг над 4 рэактарам Чарнобыльскай АЭС.

25 гадоў таму адбыўся выбух на Чарнобыльскай АЭС. Каб паўстрымаць радыеактыўнае забруджваньне над зьнішчаным 4-м рэактарам быў пабудаваны саркафаг, які затрымліваў радыяцыю. Сёньня, кажуць экспэрты, трэба пабудаваць новы. Тлумачыць Пётр Ярач з Польскага атамнага агенцтва.

Пётр Ярач: Апошні праект узмацненьня саркафагу з канца 1990-х гадоў. Сам саркафаг будаваўся хуткімі тэмпамі за пару месяцаў, каб затрымаць выдзяленьне радыяцыі ў навакольнае асяродзьдзе. Пасьля 25 гадоў ва ўмовах моцнай радыяцыі ён пачаў зьнішчацца. Таму патрэбны новы. Аднак стары саркафаг ня будуць разьбіраць, толькі пабудуюць новую накрыўку. Разборка старага – гэта высокі кошт і пагроза для людзей. Стары саркафаг проста закрыюць новым.

Каб вырашыць пытаньне бесьпекі Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі на Ўкраіне, у Кіеве адбылася канфэрэнцыя донараў. У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел Генэрэальны сакратар ААН Пан Гі Мун і старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу. Генэральны сакратар ААН зазначыў, што памылкі ў ядзернай энэргетыцы маюць катастрафічныя наступствы, адчувальныя ва ўсім сьвеце. Таму патрэбныя новыя сусьветныя стандарты.

Пан Гі Мун: Трэба стварыць міжнародныя стандарты будаўніцтва АЭС, вызначыць гарантыі бясьпекі, гарантаваць поўную празрыстасьць і абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі.

У сваю чаргу старшыня Эўракамісіі Барозу зазначыў, што ў выпадку Чарнобыля міжнародная супольнасьць дэманструе высокі ўзровень салідарнасьці.

Жазэ Барозу: Мы паказалі, што сусьветная салідарнасьць і ахвярнасьць могуць вырашыць справу атамнай спадчыны, якую нам пакінуў Чарнобыль.

Справа ў тым, што падчас канфэранцыі ў Кіеве ўдалося знайсьці бракуючыя грошы на будаўніцтва новага саркафагу. Лічыцца, што рэалізацыя гэтага праекту будзе каштаваць прыкладна 1,5 мільярда эўра. Дзьве траціны грошай ужо знойдзены, не хапала апошняй траціны. Менавіта гэтыя сродкі абяцалі выдзеліць прысутныя ў Кіеве кіраўнікі міжнародных арганізацый ды дзяржаваў. Разам 550 мільёнаў эўра. Найбольш даў Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця – 120 мільёнаў, найменш Польшча й Чэхія – 1,5 і 2,6 мільёна эўра адпаведна. Украіна прызначыць на гэты праект 72,5 мільёна эўра. Новы саркафаг дасьць гарантыю бясьпекі на бліжэйшую сотню гадоў. Кажа Пётр Ярач.

Пётр Ярач: Існуючы саркафаг бароніць перад радыяцыйным выпраменьваньнем. Аднак гэты будынак, як кожны іншы, мае свой час. Ва ўмовах моцнага праменяваньня ён разрушаецца, і мог бы заваліцца празь пяць гадоў. Гэта было б небясьпечна. Праз гэты час ужо будзе новы саркафаг. Яго будуць будаваць спакойным тэмпам, дакладна й паводле адмысловага праекту. Лічыцца, што ён вытрымае 100 гадоў.

Падчас кіеўскай канфэрэнцыі адбылася сустрэча рэзыдэнтаў Украіны ды Польшчы. Браніслаў Камароўскі заявіў, што ён спадзяецца на тое, што падчас польскага старшынства ў ЭЗ Кіеў падпіша дамову аб асацыяцыі з ЭЗ.

Браніслаў Камароўскі: Ёсьць шанец на тое, што падчас польскага старшынства ў ЭЗ мы дасягнем посьпеху Ўкраіна ды ЭЗ сумесна, што тычыцца пашырэньня сыстэмы функцыянаваньня эканомікі ў рамках мэханізму, якія стварае Эўразьвяз. Мы б хацелі, каб Украіна прымала рашэньні, якія набліжаюць яе да стандартаў заходняга сьвету й да сыстэмы, у якой цяпер дзейнічае Польшча. Мы хацелі б быць разам з Украінай у рамках адной сыстэмы, арганізацыі свабоднага рынку й гандлю. Мы верым у тое, што Ўкраіна зробіць такі рашучы й мудры выбар.

Такім чынам, польскі прэзыдэнт хацеў бы, каб Украіна пайшла па шляху больш шчыльнай інтэграцыі з ЭЗ. Дарэчы, асноўныя сродкі на пабудову новага саркафага над Чарнобыльскай АЭС выдзяляюць краіны ЭЗ.

Падрыхтваў Юры Ліхтаровіч