• Агляд польскага друку
  • 20.04.2011


Польская штодзёнка „Gazeta Wyborcza” піша ў сёньняшнім нумары пра дэвальвацыю Лукашэнкі. Газэта зазначае, што Беларусь уводзіць падвойны курс свайго рубля. Сталы для скупкі валюты й для дзяржаўных апэрацыяў і свабодны для бізнэсу й міжбанкаўскіх разьлікаў. Гэта азначае нефармальную дэвальвацыю й яшчэ большую блытаніну для ахопленай панікай эканомікі. Валюты ад гэтага ў абменьніках не паявіцца, а бізнэсоўцы ня змогуць палічыць, колькі будуць каштаваць імпартаваныя кампанэнты або тавары, і ці будзе аплачвацца іх вытворчасьць. Улады толькі павялічваюць блытаніну, - сказала ў інтэрвію газэце Ірына Крыловіч, публіцыстка выданьня „Беларусы і рынак”. У сваю чаргу іншыя экспэрты, - тут газэта цытуе Германа Грэфа, кіраўніка расейскага Сбербанку, - кажуць пра тое, што ўлады павінны правесьці неадкладную дэвальвацыю беларускага рубля. Аднак гэта не на руку Лукашэнку, які перамог на снежаньскіх выбарах дзякуючы павелічэньню заробкаў і пэнсіяў. Таму цяпер, - піша польскае выданьне, беларускія ўлады выбралі прамежкавае й часовае рашэньне. Яны ўвялі падвойны курс, каб пазьбегнуць эканамічнага краху, і чакаюць на выдзяленьне расейскага крэдыту ў памеры 3 мільярдаў даляраў. Крэмль кажа, што можа даць грошы, але празь месяц, пры ўмове, што Менск прадасьць свае найбольш прывабныя прадпрыемствы. Супраць гэтага выступае Лукашэнка, чыя ўлада грунтуецца на дзяржкантролі за самымі важнымі прадпрыемствамі.
Таксама ў сёньняшнім нумары штодзёнкі „Gazetа Wyborczа” можна прачытаць пра тое, што пачалася вялікая гульня „за Кіеў”, за тое, куды пойдзе Ўкраіна: да ЭЗ ці ў бок Расеі. Гэты выбар, - зазначае выданьне, можа стаць галоўным чыньнікам будучыні Эўропы, калі Ўкраіна замест эўраінтэграцыі абярэ курс на ўдзел у Эўразійскім Зьвязе, які стварае Расея. Паводле Збігнева Бжазіньскага, якога цытуе польская газэта – гэта дазволіць Крамлю стаць гегемонам на Эўразійскай прасторы.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Rzeczpospolita” піша пра абразу беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі на Захад. Пасьля выбуху ў менскім мэтро беларускае КДБ рапартуе пра пасьпяховае раскрыцьцё гэтага злачынства ды затрыманьне тэрарыстаў і канфіскацыю велізарнай колькасьці выбуховых рэчываў і зброі ў насельніцтва. Аднак Лукашэнка працягвае наракаць, гэтым разам на Захад. Дзяржаўная прапаганда трубіць пра кансалідацыю грамадзтва, папярэджвае палітыкаў ды журналістаў пра адказнасьць за пытаньні наконт прычынаў гэтага здарэньня ды піша пра сувязі тэрарыстаў з апазыцыяй. Аднак учора беларускі прэзыдэнт зрабіў чарговае адкрыцьцё. Падчас сустрэчы з амбасдарам Азэрбайджану ён выказаў зьдзіўленьне тым, што няма рэакцыі заходніх краінаў. Ён заявіў, што ня можа зразумець, як у цяжкія хвіліны дэмакратычныя краіны ня выказалі свайго спачуваньня беларускаму народу. Гэта, на думку Лукашэнкі, лякмусавая папера, якая паказвае, хто насамрэч любіць нашу краіну ды наш народ. На думку палітоляга Валерыя Карбалевіча, гэтае абурэньне выкліканае тым, што беларускі кіраўнік бачыў у афіцыйных дэпэшах заходніх кіраўнікоў прызнаньне яго як прэзыдэнта пасьля падзеяў 19-га сьнежня. Спачуваньне беларускаму народу заходнія лідары кіравалі ў МЗС Беларусі на імя міністра замежных справаў Сяргея Мартынава.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Dziennik Gazeta Prawna” піша пра дыпляматычнае суперніцтва, якое разгарнулася вакол Паўночнага газаправоду „Nordstream”. Дзякуючы закандаўству ЭЗ, Польшча зможа кантраляваць, колькі газу Расея будзе экспартваць у Немеччыну. Справа ў тым, што Эўракамісія вядзе спрэчку з Расейскай Фэдэрацыяй наконт таго, каб Паўночны газаправод дзейнічаў згодна з эўрапейскім правам. Гэта значыць, што Газпром быў бы пазбаўлены права кіраваньня гэтай трубой. Паводле заканадаўства ЭЗ, фірмы, якія займаюцца здабычай, гандлем ды дыстрыбуцыяй паліва, ня маюць права валодаць транспартнай інфраструктурай. Менавіта гэтым займаюцца два асноўныя акцыянеры Паўночнага газаправоду: нямесцкі ЭОН і расейскі Газпром. Паводле закандаўства ЭЗ, гэтая труба павінна трапіць пад незалежнае кіраваньне. Новы апэратар быў бы абавязаны інфармаваць пра магчымасьці перадачы газаправоду. Гэта дазваляла б урадам іншых краінаў ведаць, як выкарыстоўваецца „Nordstream”, колькі газу ідзе тудою, а колькі праз наземны трубаправод Ямал-Эўропа. Гэты сцэнар азначае поўную празрыстасьць і ён некарысны для расейцаў, бо абмяжоўвае магчымасьць выкарыстоўваць энэргетыку ў палітычных мэтах. Паводле словаў польскіх дыпляматаў, статус Паўночнага газаправоду стане адным з найважнейшых пунктаў польскага старшынства ў ЭЗ, - піша „Dziennik Gazeta Prawna”.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч