• „Справаздача пра меншасьці” - дыскрымінацыя ў сеціве
  • Audio4.38 MB
  • 21.04.2011

Нацыянальныя й сэксуальныя меншасьці - гэта групы, найбольш і найчасьцей атакаваныя ў сеціве на форумах. Мова неталерантнасьці праяўляецца ў паўсядзённым жыцьці. Гэтак вынікае з сацыялягічных дасьледаваньняў, праведзеных фундацыяй „Wiedza Lokalna”. Днямі парлямэнцкая фракцыя Саюзу левых дэмакратычных сілаў (СЛД) унесла ў Сэйме папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія павінны спрычыніцца прынамсі да абмежаваньня згаданай зьявы.

Цягам сутак ў польскім сеціве зьяўляецца больш за 85 тысяч камэнтароў, зьмяшчаючых нянавісьць у дачыненьні нацыянальных, этнічных, рэлігійных і сэксуальных меншасьцяў.
Найбольш абразьлівыя камэнтары на інтэрнэт-форумах датычыць габрэяў, расейцаў, немцаў і геяў. Гэтыя дадзеныя зьмяшчае „Справаздача аб меншасьцях”, апрацаваная фундацыяй „Wiedza Lokalna”. У рамках дасьледаваньняў прааналізавана 10 мільёнаў постаў, шукаючы праяўленьня неталерантнасьці ды нават варожасьці да прадстаўнікоў згаданых меншасьцяў. Адмысловая кампутарная праграма знайшла больш за 80 тысяч камэнтароў, кажа прадстаўнік фундацыі Марэк Трашчыньскі.

Марэк Трашчыньскі: Гэтыя тэксты звычайна пачынаюцца вельмі спакойна, бязьвінна, кшталту „ я кагосьці не люблю” альбо „мне больш падабаецца нехта іншы”. А завяршаюцца даволі радыкальна, нават абразьліва. А што самае галоўнае, што яны ўтрымліваюць заклік да канкрэтнцых дзеяньняў  тыпу „дэпартуймы іх з краіны”, „забярэм ім нешта” альбо проста „давайце іх паб’ем альбо заб’ем”.

Марэк Трашчыньскі зьвяртае ўвагу на тое, што абразьлівыя камэнтары паяўляюцца пры нагодзе дыскусіі на тры галоўныя тэмы.

Марэк Трашчыньскі: З аднаго боку гэта гісторыя, стаўленьне да гістарычных падзеяў, дзе адразу зьяўляецца тэма меншасьці. Другі чыньнік - стаўленьне да палітыкі, і там таксама даволі часта зьяўляецца мова нянавісьці ў дачыненьні меншасьцяў. Ну й, канешне, паўсядзённыя бытавыя справы: там праяўляецца нянавісьці да гомасэксуальных асобаў, транссэксуалаў і бісэксуалаў.

Камэнтары на форумах сьведчаць, што праблема неталерантнасьці ў дачыненьні  меншасьцяў існуе у паўсядзённым жыцьці. У горадзе Ломжа на ўсходзе Польшчы слоўныя напады на чачэнцаў у сеціве выклікалі рэальныя падзеі, калі мясцовыя жыхары зьбілі чачэнак, якія жылі ў лягеры для ўцекачоў. А ўсё пачалося ў інтэрнэце камэнтарамі кшталту „Чачэнцы гэта вошы, бандыты й тэрарысты”,- прыгадвае сацыёляг Яцэк Бяліньскі.

Яцэк Бяліньскі: Колькасьць камэнтароў, якія ўтрымлівалі словы нянавісьці да чачэнцаў, у пэўным моманце выклікала канкрэтныя падзеі, зьвязаныя са зьбіцьцём чачэнак. Гэта канкрэтны прыклад таго, што праблема існуе, і што на яе нельга заплюшчваць вочы.

На думку аўтараў „Справаздачы аб меншасьці”, найлепшым спосабам на абмежаваньне абразьлівага зьместу ў сеціве й спыненьне распаўсюду мовы нянавісьці зьяўляецца адукацыйная дзейнасьць й праекты, накіраваныя на інтэграцыю зь меншасьцямі.
Дадзеныя справаздачы паслужаць грамадзкім арганізацыям, якія дзейнічаюць на карысьць талерантнасьці й барацьбы за правы меншасьцяў.

 А тым часам парлямэнцкая фракцыя Саюзу левых дэмакратычных сілаў унесла ў Сэйме папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія маюць спрычыніцца прынамсі да абмежаваньня дыскрымінацыі сэксменшасьцяў.

Віцэ-сьпікер Сэйму Ежы Вэндэрліх з СЛД спадзяецца, што папраўкі ў Крымінальным кодэксе зьменшаць узровень нянавісцьі ў Польшчы.

Ежы Вэндэрліх: Мы верым, што ў Польшчы будзе менш нянавісьці, што зьменьшыцца узровень прадузятасьці, што талерантнасьць стане хлебам надзённым, што па кожнаму пытаньню кожны жыхар зможа абмяняцца аргумэнтамі без крыку, без гневу, без эмоцыяў.

Дзейснае польскае заканадаўства прадугледжаве юрыдычную адказнасьць за заклік да нянавісьці ў дачыненьні прадстаўнікоў нацыянальных, этнічных і рэлігійных меншасьцяў. Парлямэнтары ад СЛД хочуць, каб артыкулы 119, 256 і 257 Крымінальнага кодэкса баранілі таксама правы сэксуальных меншасьцяў.

КР