• Не зьмяніўся наш Сашка з Александрыі
  • 21.04.2011

 

 „Duży Format” - укладыш у сёньняшні нумар „Gazeta Wyborcza” - некалькі палос адводзіць рэпартажу пад назвай „Лукашэнка. Я ваш фюрэр”.

Журналіст Гжэгаж Шыманік гутарыць з былымі сябрамі прэзыдэнта Беларусі, а ў іншым артыкуле Дарота Ярэцка размаўляе зь беларускай мастачкай Марынай Напрушкінай, якая жыве ў Нямеччыне.

- Мы з прэзыдэнтам у першы кляс пачатковай школы разам хадзілі, расказвае Аляксандар Аляксеевіч. –Хто ведаў, што гэта будзе прэзыдэнт? У мяч мы зь ім гулялі ў балоце. А цяпер – прыедзе на машыне, элегантна, прагуляецца.

Тых, хто памятае прэзыдэнта, ужо няшмат у вёсцы. Толькі прыежджыя – добрае месца - „тут нараджаюцца прэзыдэнты ”. Таму і ўвесь час растуць новыя дамы. Яны й ня бачылі, у якой бядзе жыў Бацька, як яго хлопцы за вушы цягалі, бо ў яго не было таты.  І хаткі, у якой прэзыдэнт на бульбе вырас як на дражджах, таксама няма. Стаў прэзыдэнтам – загадаў разбурыць. На гэтым месцы цяпер драўляная бяседка, лаўкі, столік. Можна прысесьці, гарбаты з тэрмаса папіць, агурок з каралеўства агуркоў пахрумстаць.

Школьны фэльчар Мікола Данілавіч Ельскі: - Нічого не скажу! Чаго нюхаеце? Наш прэзыдэнт добры, нам падабаецца. І расказвае далей, хаця казаў, што ня будзе. – Я адпрацаваў мэдыкам 30 гадоў. Пэнсія ў мяне – 700 тыс. беларускіх рублёў. У крамах усё: каўбаса, вяндліна, магу сабе дазволіць. І выгоды на месцы: у нас басейн, саўна, джакузі. Школу нам пабудаваў, спартыўны комплекс, асфальтныя дарогі.

- Не зьмяніўся наш Сашка з Александрыі – кажа фэльчар Ельскі. – Пасьля сарака чалавеку цяжка зьмяніцца – пацьвярджае журналіст Гуляеў. – Калі ў мінулым не дараваў, то й цяпер не даруе. Калі ў мінулым быў бязлітасны для тых, хто быў супраць яго, то й сёньня таксама. Аднак жа сёньня ў яго іншыя магчымасьці. Але ён ня бэстыя. Ён такі ж, як і іншыя людзі. Калі б каму даць неабмежаваную ўладу, што ён бы вычварыў? Каб трымаць уладу нягледзячы на нішто, ня трэба мудрасьці. Хопіць ня мець сумленьня,– кажа Гуляеў.

Рэпартаж з Аляксандрыі й размовы зь яе жыхарамі ці знаёмымі Аляксандра Лукашэнкі займаюць 3 старонкі ўкладыша „Duży Format”.

         Зь беларускай мастачкай Марынай Напрушкінай, якая жыве ў Нямеччыне, гутарыла журналістка „GW” Дарота Ярэцка.

Чаму вы выехалі ў Нямеччыну?
- Я ў Менску закончыла сярэднюю мастацкую школу. Магла стаць настаўніцай або паступіць у Акадмэію мастацтваў у сталіцы. Нашыя ВНУ вельмі кансэрватыўныя. Гісторыя мастацтва спынілася на імпрэсіяністах. Быў 2000 год, а мне было 19 гадоў. Мне далі месца ў акадэміі  ў Карлсруэ. Так што прычыны не палітычныя, а мастацкія.

-Але ў Нямеччыне вы сталі палітычнай мастачкай?
 
-Сам пераезд з аднае краіны ў іншую, з аднае сыстэмы ў іншую спрыяе крышталізацыі поглядаў. Едзеш за мяжу й пачынаеш думаць, хто ты, пачынаеш параўноўвацца зь іншымі.

Размова з Марынай Напрушкінай датычыць яе мастацка-палітычнай дзейнасьці за мяжой і, з дапамогай сяброў, на радзіме. Інтэрвію надрукаваў „Duży Format” – укладыш „GW”.

  

    Польскія банкруты з выспаў. Аб’яўляюць банкруцтва, бо жылі не па сродках, або вырашылі вярнуцца у Польшчу без даўгоў. Пра палякаў у Англіі піша „Rzeczpospolita”.

Анджэй Яворскі, уладальнік фірмы „Запазычаная выспа”, за першы квартал гэтага году дапамог аб’явіць банкрутцтва 20 кліентам, за тры гады больш за 600 польскіх грамадзян такім чынам пазбавіліся даўгоў у Вялікабрытаніі.
- Палякі ня думалі, што рынак працы на выспах можа абрынуцца, і ў крэдыт куплялі дарагія аўтамабілі, мэблю, туры, фірмовую вопратку.
Фінансавыя дарадчыкі адзначаюць, што іх кліенты - гэта пераважна людзі ў сярэднім узросьце, якія ня ведаюць мовы й працуюць за мінімальную ці сярэднюю стаўку. – Банкруцтва многія выбіраюць як шлях простага ўцёку ад праблем, - зазначаюць дарадчыкі.


 

Урок Чарнобыля – у гадавіну выбуху савецкага рэактара спэцыялісты параўноўваюць яго з АЭС “Фукусіма”, піша „Dziennik. Gazeta Prawna”.

Найважнейшы ўрок Чарнобыля такі, што дыктатары падчас крызысу паводзяць сябе безадказна. Гутарка аб тым, што савецкія ўлады толькі 68 гадзін пасьля трагедыі пацьвердзілі факт, што адбыўся выбух на чацьвёртым рэактары. Раней гэта выкрылі ўлады Фінляндыі й Швэцыі.

Другі ўрок такі, што атамная энэргетыка мусіць прытрымлівацца найвастрэйшых нормаў басьпекі. Дрэнны праект рэактара й дрэнна падрыхтаваныя супрацоўнікі давялі да выбуху ў Чарнобылі. А дрэнныя заканадаўчыя акты дазволілі працаваць старым рэактарам у Фукусіме.

яс