• Год Чэслава Мілаша
  • 21.04.2011

Сёлета ў 23 краінах сьвету пройдуць мерапрыемствы ў рамках Года Чэслава Мілаша. Творы нобэлеўскага ляўрэата трапяць да чытачоў у Расеі ды Кітаі, а ў Польшчы надрукуюць першую біяграфію пісьменьніка.

Чэслаў Мілаш, вядомы польскі паэт, празаік, гісторык літаратуры, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Летась польскі Сэйм абвесьціў 2011 год Годам Чэслава Мілаша, каб ушанаваць 100-годзьдзе з дня нараджэньня творцы. Мілаш нарадзіўся 30 чэрвеня 1911 года ў сямейным маёнтку Шатэйны на тэрыторыі сучаснай Летувы.

Увесь гэты год у розных краінах сьвету будуць адбывацца ўрачыстасьці ды памятныя мерапрыемствы, прысьвечаныя творчасьці паэта. Год Мілаша адзначаюць ў Летуве ды іншых краіных сьвету.
У самой жа Польшчы не абышлося без крытычных заўваг што да творчасьці Мілаша й рашэньня абвесьціць 2011-ы год Годам Мілаша. Для адных замала часу прайшло з моманту сьмерці творцы. Маўляў шэсьць гадоў – гэта закароткая часовая пэрспэктыва, каб добра ацаніць творчую спадчыну пісьменьніка. Для іншых Мілаш зьяўляецца асобай, якая пры жыцьці больш дзяліла палякаў, чым аб’ядноўвала. Тут маюцца на ўвазе крытычныя заўвагі Мілаша ў дачыненьні да Польшчы й палякаў. Нягледзячы на гэтыя спрэчкі, рашэньне аб ушанаваньні творчасьці пісьменьніка было прынята. Сёлета ў рамках “Году Мілаша” Польшчы будзе апублікавана першая біяграфія пісьменьніка ды першы поўны зборнік ягоных вершаў. У Кракаве адбудзецца Літэратурны фэстываль, прысьвечаны Чэславу Мілашу, а ў Варшаве - літаратурна-навуковая сэсія “Варшава Мілаша”.
Польскі міністар культуры Богдан Здраеўскі зазначыў, што Чэслаў Мілаш будзе важнай постацьцю ў кантэксьце польскага старшынства ў ЭЗ

Богдан Здраеўскі: Мы будзем надаваць асаблівую ўвагу прысутнасьці Мілаша ў 10 эўрапейскіх сталіцах, і ня толькі, дзе будзе весьціся асобная рэклямная праграма падчас польскага старшынства ў ЭЗ, каб было лепшае ўспрыманьне, а веды пра творчасьць Чэслава Мілаша былі большымі. Будзе выдадзена каля 50 публікацыяў, каб усе нашыя дзеяньні мелі трывалы эфэкт.

Паводле словаў Гжэгажа Гаўдэна, дырэктара Кніжнага інстытуту, імпрэзы, зьвязаныя зь Мілашам і перакладам ягонай творчасьці на розныя мовы, спрычыняцца да росту прэстыжу польскай літэратуры ў сьвеце. Адным з найбольш яскравых прыкладаў будзе пераклад “Скутага розуму” на кітайскую мову.

Гжэгаж Гаўдэн: На маю думку, гэта эпахальная падзея. Гэта няйвялікшая мова на сьвеце. Акрамя таго, гэта кніжка вельмі патрэбная менавіта там, яна своечасовая для абуджэньня дыскусіі сярод інтэлектуальных элітаў і таксама сярод палітыкаў. Галоўнае, каб зьявіўся кітайскі пераклад. А ў якой форме ён трапіць туды - кніжкай у кнігарні ці ў інтэрнэце – ня будзе мець значэньне. Самае галоўнае, каб яна пайшла ў абарот, у публічны дыскурс. Гэта будзе самае важнае.

У Варшаўскай галерэі Кардэгарда адчынілася выстава „Чаму Мілаш?” аўтарства Філіпа Загурскага. Кшыштаф Дудэк, дырэктар Нацыянальнага цэнтру культуры, патлумачыў, што гэтая выстава знаёміць з творчасьцю Мілаша пры дапамозе нестандартных сродкаў падачы інфармацыі.

Кшыштаф Дудэк: Гэта сьцяна з кніжак, шарыкі, на якіх напісаны вершы Мілаша. Гэта лёгкія формы, якія спэцыяльна выбралі, каб яны спалучаліся з галоўнай формай прэзэнтацыі. У найбліжэйшым часе мы плянуем правядзеньне хэпэнінгаў, пэрформансаў. У двары міністэрства будзе стаяць вазок з культурай, перад галерэяй раставяць ляжакі, а кожны жадаючы атрымае кніжку, каб мець магчымасьць тут жа прысьвяціць час на чытаньне.

У рамках Году Чэслава Мілаша будзе адчынены Міжнародны цэнтар дыялёгу ў Краснагрудзе, пройдуць міжнародныя канфэрэнцыі, прысьвечаныя пісьменьніку. Яны адбудуцца ў Вільне, Злучаных Штатах і таксама ў Беларусі. Польскі інстытут у Менску ў супрацы зь беларускімі інтэлектуальнымі ды ўнівэрсытэцкімі асяродзьдзямі падрыхтаваў вельмі багатую праграму. Больш падрабязна пра гэта распавядае Веслаў Раманоўскі, дарадчык амбасады РП у Менску ды намесьнік дырэктара Польскага інстытута ў Менску

Веслаў Раманоўскі: Напрыканцы сакавіка пачаў працаваць сайт “Родная Эўропа” пад эгідай Польскага інстытуту ў Менску. Яе рэдагуюць асьпіранты й студэнты польскай і беларускай філялёгій БДУ. Задача рэдакцыі - пачаць дыскусію пра родную Эўропу й распавядаць пра галоўныя падзеі, зьвязаныя з Годам Мілаша ў Эўропе, на сьвеце і ў Беларусі. Мы заплянавалі чытаньне фрагмэнтаў “Роднай Эўропы” Чэслава Мілаша на мяжы Беларусі з Эўропай у выканньні пісьменьнікаў, паэтаў, інтэлектуалаў зь Летувы, Польшчы й Беларусі. Мы хочам гэтае чытаньне зь мяжы трансьляваць наўпрост у сеціве на нашай старонцы ды на партале tut.by.

30-га чэрвеня бягучага году будзе адзначацца 100-годзьдзе народзінаў славутага польскага пісьменьніка й паэта Чэслава Мілаша. Вельмі багатую праграму з гэтай нагоды падрыхтавала польскае Міністэрства культуры й нацыянальнай спадчыны. У Беларусі пры дапамозе і ўдзеле Польскага інстытуту ў Менску адбудуцца таксама памятныя ўрачыстасьці.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч