• Чарговы этап стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага – у рэалізацыі
  • Audio5.12 MB
  • 25.04.2011

Чарговы этап стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага – у рэалізацыі. Маладыя беларусы маюць магчымасьць працягнуць вучобу ў Польшчы, калі іх за палітычную ці грамадзкую дзейнасьць выкінулі з ВНУ, альбо калі іх бацькоў звольнілі з працы.

Ініцыятарам стварэньня стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага зьяўляецца Студыюм Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту ды дырэктар установы Ян Маліцкі.
Нагадаем, старт праграмы адбыўся ў 2006 годзе, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады рэжым выкінуў зь беларускіх ВНУ больш за 200 студэнтаў, якія прымалі актыўны ўдзел у палітычным жыцьці.

Цяпер у рамках сёлетняга этапу праграмы вучыцца 59 чалавек. Аднак арганізатары не выключаюць, што да восені колькасьць стыпэндыятаў павялічыцца, бо з ВНУ ў Беларусі могуць выкінуць чарговых студэнтаў.
У сьнежні мінулага году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў арганізатары праграмы імя Каліноўскага зьвярнуліся да рэктараў польскіх ВНУ з просьбай прыняць беларускіх студэнтаў на вучобу. Пазытыўна адказалі больш за 100 вышэйшых навучальных установаў з цэлай Польшчы. Цяпер студэнты вучацца на падрыхтоўчых курсах у трох гарадах: Варшаве, Уроцлаве ды Кракаве. А ў верасьні стыпэндыяты будуць разьмеркаваны на, так бы мовіць, нармальную вучобу ў розныя гарады Польшчы.

Паводле дырэктара Студыюму Ўсходняй Эўропы Яна Маліцкага, у 2006 годзе, калі стартавала праграма, ён думаў, што цягам хуткага часу ў Беларусі адбудуцца глыбокія палітычныя зьмены.

Я.Маліцкі: Ведаеце, мне як спэцыялісту па Ўсходняй Эўропе крыху сорамна, бо я думаў, што праз чатыры гады Лукашэнкі ўжо ня будзе. Я думаў, што праграма імя Каліноўскага стане непатрэбнай, бо студэнты змогуць вучыцца ў свабоднай Беларусі. Але, як бачна, я памыляўся.

Паводле Яна Маліцкага, плюс праграмы ня толькі ў тым, што актыўная моладзь зь Беларусі можа навучацца ў свабоднай краіне. Як ня дзіўна, беларускія ўлады зьменшылі рэпрэсіі адносна студэнтаў, бо ведаюць, што яны не застануцца самі й без магчымасьці атрымліваць адукацыю.

Я.Маліцкі: Стварэньне праграмы прывяло, парадаксальна, да таго, што рэпрэсіі зьменшыліся. Калі сёлета пасьля беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў міністар замежных справаў Польшчы сказаў, што кожны выкінуты студэнт будзе прыняты на вучобу тут, то беларускія ўлады перасталі масава выключаць моладзь з ВНУ. Прычым на вучобу паводле праграмы імя Каліноўскага могуць быць прынятыя ня толькі маладыя людзі, якіх выкінулі ў Беларусі. Гэта могуць быць дзеці грамадзкіх дзеячаў, якіх звольнілі з працы, у сувязі з чым пагоршылася іх матэрыяльная сытуацыя. І каб гэтую сытуацыю палепшыць, неяк дапамагчы бацькам, сын альбо дачка маюць магчымасьць паехаць вучыцца ў Польшчу.

Часам можна пачуць меркаваньне, што праграма імя Каліноўскага можа пашкодзіць беларускай грамадзянскай супольнасьці, бо краіну пакідаюць маладыя й грамадзка актыўныя людзі. Нельга выключыць, што пасьля вучобы многія зь іх не захочуць вяртацца дадому й застануцца ў Польшчы. З такім меркаваньнем Ян Маліцкі не згаджаецца.

Я.Маліцкі: Пяць гадоў таму, у 2006 годзе, калі ўсё пачыналася, была размова, дзе гэтую праграму рэалізаваць. Тады шмат гаварылі пра розныя краіны Эўрапейскага Зьвязу, дзе маглі б навучацца беларускія студэнты, выкінутыя з ВНУ на радзіме. Я пачаў выступаць супраць гэтай ідэі. Чаму? Бо калі выслаць студэнтаў у Францыю, Гішпанію ці Італію, у Беларусь вернецца 10-20% моладзі. А калі студэнты застануцца ў Польшчы, то застанецца 10-20%, астатнія ж будуць вяртацца. Яшчэ такі момант: у Заходняй Эўропе людзі могуць нават ня ведаць, дзе знаходзіцца Беларусь. А ў Польшчы ведаюць, дзе Беларусь, цікавяцца суседняй краінай, з зычлівасьцю адносяцца да студэнтаў. Мяжа блізка, так што часта можна езьдзіць дадому, падтрымліваць адносіны зь сябрамі, сем’і могуць прыяжджаць у адведкі. Вучоба ў Польшчы дае такую магчымасьць, што маладыя людзі вернуцца на Радзіму пасьля заканчэньня альбо тады, калі будуць патрэбныя. А вось самы просты прыклад... 19 сьнежня, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, сярод затрыманых аказалася некалькі дзясяткаў студэнтаў з праграмы імя Каліноўскага. Яны спэцыяльна паехалі з Польшчы ў Беларусь! Я не вучу іх, як прымаць удзел у дэманстрацыях і сядзець у ізалятарах, але пахвальна тое, што яны паехалі ў Беларусь і змагаліся за будучыню сваёй радзімы.   

Гаварыў дырэктар Студыюму Ўсходняй Эўропы Ян Маліцкі.
Такім чынам, перад маладымі “каліноўцамі” некалькі месяцаў падрыхтоўчых курсаў. А пазьней – вучоба. У міжчасьсі арганізатары паабяцалі маладым людзям паказаць Польшчу й зладзіць экскурсіі па краіне. А мы жадаем маладзёнам ні пуха, ні пер'я на новай дарозе жыцьця!

Валера Саўко