• Пра Беларусь і іншае ў польскай прэсе
  • 22.04.2011

Няземскі графен

Польскія вучоныя патэнтуюць ва ўсім сьвеце мэтад прамысловай вытворчасьці графена, – паведамляе „Gazeta Wyborcza”.  Гэты незвычайны матэрыял ужо неўзабаве, магчыма, заменіць крэмній і давядзе да рэвалюцыі ў электроніцы. А Польшчу ўвядзе ў першую лігу наймагутнейшых краін у гэтай галіне.

Графен - гэта субстанцыя з вугалю, таўшчыня якой роўная аднаму атаму – гэта самы тонкі матэрыял, які можна ўявіць. Аднаго грама дастаткова для прыкрыцьця некалькіх футбольных пляцовак. Графен лепш, чым медзь, праводзіць цяпло і ток, ён у сто разоў мацнейшы, чым сталь, а ў якасьці паўправадніка працуе лепш, чым крэмній. Графен быў адкрыты шэсьць гадоў таму, два гады таму агалошана яго цудоўным матэрыялам. Сьпіс карысьцяў увесь час падаўжаецца, – паведамляе „GW”.


 

Гэтае ж выданьне на першай старонцы заклікае „Вызваліць Анджэя Пачобута”.

„GW” паведамляе, што яе карэспандэнт знаходзіцца ў турме ў Горадні. Там чакае на судовы працэс. Улады мяркуюць, што Пачобут у сваіх артыкулах зьняважыў прэзыдэнта Беларусі. Пракуратура знайшла сьляды злачынства нават у тэксьце, дзе ні словам не згадваўся Аляксандар Лукашэнка. „Amnesty International” прызнала Пачобута вязьнем сумленьня, - піша „GW”.

„GW” вяртаецца таксама да ўчорашняга звароту Лукашэнкі да парлямэнту і народу.

Артыкул называецца: „Лукашэнка: Млейка ад празьмернай колькасьці дэмакратыі”. Учора прэзыдэнт Беларусі тлумачыў сваім землякам, што дакладна апазыцыя, гандляры аўтамабілямі й зайздросны Захад нясуць віну за няшчасьці, якія наведваюць краіну: выбух у мэтро, пустыя паліцы ў крамах, інфляцыю й адсутнасьць валюты.

Ужо пасьля таго, як Лукашэнка закончыў свой выступ, адна дэпутатка запытала, ці прэзыдэнт не баіцца, што Беларусь, як Лібія, можа трапіць пад бамбардзіроўку з боку ворагаў. Дыктатар адказаў, што ніхто не адважыцца гэта зрабіць, таму што ў краіне магутная армія й добрая супрацьпаветраная абарона.

         У сваю чаргу „Dziennik. Gazeta Prawna” напісаў, што Лукашэнка за сытуацыю ў краіне абвінаваціў міністраў, прадпрымальнікаў і грамадзян.

Заявіў таксама, што ня будзе дэвальвацыі беларускага рубля. У той жа час віцэ-прэм’ер Сяргей Румас у інтэрвію агенцтву Рэйтэрс сказаў, што ў бліжэйшы аўторак, калі пачнецца сэсія на Беларускай валютна-фондавай біржы, трэба чакаць уніфікацыі афіцыйнага й чорнарынкавага курсаў. Румас прадугледжвае, што беларускі рубель страціць 25%-35% вартасьці.

„Dziennik. Gazeta Prawna” ацэньвае, што падчас свайго пасланьня Лукашэнка выкарыстаў тыповую для постсавецкай палітыкі схему добрага цара й дрэнных баяроў.

Лукашэнка атакаваў таксама ЗША, якія, паводле яго, шукаюць сатэлітаў, каб забіваць клін у адносіны зь Беларусьсю. Сатэліты - гэта Польшча, Славакія, Чэхія й Выгоршчына.

         Варшаўская штодзёнка „Metro” піша пра беларускі „Свабодны Тэатар”, які сьвяткуе трыумфы ў сьвеце. Незалежны тэатар распачаў чарговае турнэ па ЗША.

Артысты на радзіме ўнесены ў сьпіс забароненых у наступстве таго, як яны публічна выказвалі незадавальненьне пасьля чарговай перамогі Лукашэнкі на выбарах. У інтэрвію для ВВС (пасьля вельмі ўдалых гастроляў у Вялікабрытаніі), акторы расказалі, што ў Менску яны не маглі паказваць п’есу „Psychosis 4.48”, таму што тэма самагубства на радзіме лічыцца надта жорсткай. Паказвалі яе толькі ў прыватных памяшканьнах і клюбах.

Спэктаклі „Свабоднага тэатру” настолькі закранулі зоркі шоў-бізнэсу, што да кола прыхільнікаў беларускіх артыстаў, акрамя Кэвіна Спэйсі й Джуда Лоў, далучыўся й Мік Джагер.

Палякі пішуць Дональду Туску

Напісалі агулам амаль 17 тыс. лістоў. Просяць прызнаць ім пэнсію па інваліднасьці, кватэру, працу – чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.

Рэната Новак, маці-адзіночка, вядзе барацьбу за алімэнты для сына. Пасьля некалькіх гадоў змаганьняў у судах і пракуратуры, зьвярнулася да прэм’ер-міністра.

З дадзеных за апошнія 13 гадоў вынікае, што Дональд Туск, як кіраўнік ураду, атрымаў найбольш лістоў. І найбольш сярод іх скаргаў. Палякі наракаюць на міністраў юстыцыі ды інфраструктуры, а таксама на міністра сельскай гаспадаркі. Крытыкуюць суды й ворганы правапарадку, не падабаюцца ім вялізарныя заробкі ў тэлекампаніі. Некаторыя прыгадваюць выбары 2007 году, якія разбудзілі спадзяваньні. Грамадзяне выказваюць расчараваньне, што пра ўбогіх выбаршчыкаў памятаюць толькі перад выбарамі, каб здабыць іх галасы.
За 2010 год Канцылярыя прэм’ера адказала на 4,5 тыс. лістоў. Больш за 2 тыс. справаў перадала на разгляд адпаведным ворганам. 5,5 тыс. з іх закончылася станоўча. Канцылярыя адказала таксама Рэнаце Новак. – Я атрымала сухі юрыдычны адказ з парадай паведаміць аб парушэньнях адпаведныя ворганы. Але ж я гэта ўжо даўно зрабіла, – скардзіцца жанчына газэце „Rzeczpospolita”.

яс