• Правы чалавека ў сьвеце
  • 24.04.2011

Сытуацыя з правамі чалавека пагаршаецца ў сьвеце, як усходнім, так і заходнім. Пра гэта говорыцца ў справаздачы Камісара правоў чалавека Рады Эўропы. Экспэрты гэтай арганізацыі выставілі незадавальняючую адзнаку таму, як розныя краіны ставяцца да правоў чалавека.

Камісар Рады Эўропы Томас Гамарбэрг прадставіў нядаўна вынікі сваёй справаздачы адносна стандартаў пашанаваньня правоў чалавека ў краінах Рады Эўропы. Вось некаторыя прыклады: незадавальняючая інтэграцыя цыганоў, рост ксэнафобскіх тэндэнцыяў, іслямафобіі ды расізму, дрэннае стаўленьне да эмігрантаў ды ўцекачоў, абмежаваньне свабоды СМІ й правоў жанчын. На гэтай падставе эўрапейскія экспэрты выставілі незадавальняючую адзнаку таму, як эўрапейскія краіны на Ўсходзе ды на Захадзе ставяцца да выкананьня правоў чалавека. Пра сытуацыю з правамі чалавека ў Эўропе ды сьвеце мы размаўляем з прафэсарам Романам Верушэўскім з Інстытуту юрыдычных навук Польскай акадэміі навук.

На самым пачатку сваёй справаздачы Камісар Гамарбэрг падкрэсьлівае, што сярод праблемаў, якія яго непакояць, няма нічога новага. За мінулы год у Эўропе не палепшылася сытуацыя з правамі чалавека, прагрэс ідзе павольным тэмпам. Ці вы з гэтым згодны?

Роман Верушэўскі: Я вельмі цаню прафэсіяналізм і падыход да праблематыкі правоў чалавека Вярхоўнага камісара Гамарбэрга. У яго добрае бачаньне пагрозаў у гэтай сфэры. Аднак, справа тут ня столькі ў тым, што сытуацыя з правамі чалавека паволі паляпшаецца. Глядзець трэба на тое, наколькі правы чалавека эфэктыўна выконваюцца ды ці не бачныя новыя пагрозы. Праваабаронцы кажуць, што цяпер зьявіліся новыя пагрозы. Я думаю, што 15 гадоў таму іх ніхто б не заўважыў, а сёньня заўважылі. Чаму? Таму што ў Эўропу прыйшоў крызыс, грамадзства адчула пагрозу свайму дабрабыту ды ўзроўню жыцьця. Людзі неахвотна дапамагаюць уцекачам, не пагаджаюцца на інтэграцыю меньшасьцяў ды замежнікаў. Гэта вельмі небясьпечная зьява, якую мы сёньня назіраем.

Трэба зазначыць, што крытыка камісара скіравана ня толькі ў бок Расеі, Азэрбайджану, Беларусі ды Грузіі. Ён таксама выказваецца востра адносна сытуацыі ў заходнеэўрапейскіх краінах - як Францыя, Нямеччына альбо Галяндыя.

Роман Верушэўскі: Я менавіта пра гэта й кажу. Посткамуністычныя краіны знаходзяцца на пачатковым этапе дарогі да грамадзянскай супольнасьці. Затое ў Заходняй Эўропе, дзе, здаецца, даўно прыйшлі да разуменьня неабходнасьці прытрымлівацца правоў іншых, адбылося пагаршэньне, якое вынікае з эканамічнага крызысу ды новых пагрозаў, якія суправаджаюць гэты крызыс - тэрарызму. У сувязі з гэтым заходнія грамадзтвы раптам пачалі выступаць супраць таго, што было аднам з галоўных лёзунгаў, стандартам – гэта роўнасьць, свабода ды салідарнасьць са слабейшымі. Гэта выразна бачна.

Камісар Гамарбэрг заклікае эўрапейскія ўрады, каб яны больш займаліся абаронай правоў чалавека ў сваіх краінах. Ці гэты заклік пачуюць сёньня, ва ўмовах крызысу?

Роман Верушэўскі: Такі шанец застаецца заўсёды. Аднак праблема ў тым, наколькі кіруючыя эліты згодзяцца пайсьці насуперак папулістычным лёзунгам: “выганьма чужынцаў, будуйма сваю нацыянальную тоеснасьць”, якія сёньня папулярныя. Сёньня праблема не ў адсутнасьці законаў. Законы ёсьць, і яны добрыя. Сёньня праблемным зьяўляецца тое, як гэтыя законы выконваюцца. Як рэагуюць на такія зьявы, як ксэнафобія альбо гомафобія. Можна гэта ўспрымаць як дробны інцыдэнт. А можна ставіцца з усёй сур’ёзнасьцю да гэтага й будаваць стаўленьне сярод людзей, што нашым абавязкам зьяўляецца пашана правоў тых, хто да нас прыяжджае ў пошуках паратунку.

Палітычныя эліты – гэта адна рэч, зусім іншая рэч – гэта грамадзтва. Апошнім часам у Эўропе вырасла падтрымка крайне правых партыяў, якія рэклямуюць каштоўнасьці, супрацьлеглыя правам чалавека.

Роман Верушэўскі: Гэта наступства тых зьяваў, пра якія мы казалі раней. Гэта вялікі выклік для палітыкаў. Але ня толькі для іх. Гэта выклік для ўсіх – СМІ, элітаў, грамадзкіх арганізацыяў, вялізарны выклік для нас усіх. Таму што зьявы ды непакоі, пра якія піша Томас Гамарбэрг, не зьяўляюцца выдумкай. Яны ёсьць. Іх параджае страх, што нас усіх чакае паніжэньне ўзроўню жыцьця. Але гэта так лёгка ня здарыцца.

На думку польскага экспэрта, гэтая справаздача павінна стаць моцным сыгналам для ўрадаў розных краінаў, што трэба вельмі паважліва ставіцца да выкананьня правоў чалавека. Гэта інфармацыю павінна пачуць і беларускае кіраўніцтва.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч