• Зварот Юзафа Пілсудскага да жыхароў былога Вялікага княства літоўскага
  • 22.04.2011

92 гады таму кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі зьвярнуўся с адмысловым зваротам да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага. Ён абяцаў ім даць магчымасьць самім вырашаць свае ўнутраныя, нацыятворчыя ды рэлігійныя справы.

Гэты дакумэнт зьявіўся 22-га красавіка 1919-га году, пасьля таго, як польскія войскі занялі Вільню, якая са студзеня таго году была ў савецкіх руках. Пілсудскі пісаў у звароце: "Ваша краіна цягам ста зь нечым гадоў жыла без свабоды, пад расейскім, нямецкім і бальшавіцкім прыгнётам, які не пытаў згоды насельніцтва ды навязваў чыжыя ўзоры паводзінаў, абмяжоўваў волю ды ламаў жыцьцё. Гэты стан працяглай няволі добра мне знаёмы, як народжанаму на гэтай няшчаснай зямлі, павінен быць зліквідаваны раз і назаўсёды. Нарэшце на гэтай, Богам забытай зямлі, павінна запанаваць свабода й права свабодна, неабмежавана заяўляць пра свае памкненьні ды патрэбы”.

Дакумэнт утрымліваў абяцаньне ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы беларускага й літоўскага народаў і даць права самім вырашаць свой лёс без якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы. У звароце Пілсудскага казалася пра тое, што на занятых польскім войскам тэрыторыях будзе створаны Цывільная ўстанова, якая зоймецца арганізацыяй выбараў прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва падчас усеагульнага галасаваньня. Пазьней зьявіўся нават праект Вялікай Літвы ў складзе трох кантонаў: летувіскага ў Коўне, польскага ў Вільні ды беларускага ў Менску. Гэты зварот Пілсудскі паўтарыў 18-га верасьня, пасьля таго, як польскія войскі занялі горад. На думку беларускага гісторыка Андрэя Ціхамірава, -- гэта быў рамантычны дакумэнт, які апеляваў да ВКЛ і сумеснай спадчыны.

Андрэй Ціхаміраў: Гэта была адна з спробаў фэдэралізацыі, пошуку партнэра сярод беларусаў. З сёньняшняга пункту гледжаньня гэта быў варты дакумэнт, таму што кіраўнік польскай дзяржавы зьвяртаўся да насельніцтва гэтай тэрыторыі, прычым на мясцовых мовах. Можна сказаць, што гэта быў адзін з апошніх рамантычных дакумэнтаў, які навязваў да ВКЛ. Аднак Пілсудскі быў вымушаны зьмяніць гэтую праграму.

Гэты зварот Пілскудскага й канцэпцыя фэдэралістычнай дзяржавы не была рэалізавана. У кастрычніку 1920-га году генэрал Люцыян Жалігоўскі арганізаваў бунт Беларуска-літоўскай дывізіі ды захапіў Вільню й Віленшчыну. Так зьявіўся новы палітычны арганізм Сярэдняя Літва, якая ў лютым 1922-га году далучылася да Польшчы. Гэта быў канец мараў і праектаў адраджэньня ВКЛ і польска-летувіска-беларускай фэдэрацыі. Чаму так задарылася?, -- на гэтае пытаньне адказвае вядомы беластоцкі гісторык Алег Латышонак.

Алег Латышонак: Найважнейшае, што Пілсудскі фактычна выкарыстоўваў гэтую канцэпцыю як прапагандысцкую. Ніколі вельмі моцна на ёй не настойваў. Ён хацеў стварэньня ўкраінскай дзяржавы, якая б абараніла Польшчу ад Усходу. Адносна Беларусі ў яго не было ніякай канцэпцыі. Хутчэй за ўсё, далучэньне да Польшчы на прынцыпе аўтаноміі. Гэтаксама ён ніколі цвёрда не адстойваў далучэньне цэлай Беларусі да Польшчу. Восеньню 1920-га году, пра што пісалі шматлікія польскія гісторыкі ды казалі тагачасныя палітыкі й дакаралі, яму не хапіла сілы волі, каб нешта зрабіць. Ён проста закінуў гэтую справу.

На думку беларускага гісторыка, Пілсудскі ды тагачасная Польшча былі не ў стане фактычна рэалізаваць гэты зварот да былых жыхароў ВКЛ і пабудаваць сапраўдную фэдэрацыю. Прагожыя словы пра права тутэйшага жыхарства на нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэньне сталі ахвярай палітычнай сытуацыі ў рэгіёне.

Захар Шыбека: Пілсудскі адмовіўся ад сваёй ідэі пасьля таго, як рунуў ягоны плян стварыць побач з Сярэдняй Літвой з цэнтрам у Вільні беларускую Літву з цэнтрам у Менску, абапіраючыся на Булак-Булаховіча й наступленьня з Поўдня войскаў Врангеля. Гэта параза мела месца ў лістападзе 1920-га году. Пасьля гэтага, відаць, у польскім кіраўніцтве пераважала ўнітарная мадэль польскай дзяржавы. Таму на перамовах у Рызе яны адмовіліся нават ад сваёй даўняй мары адрадзіць Польшчу ў межах 1772-га году.

На думку польскіх гісторыкаў, зварот Пілсудскага да былога ВКЛ не знайшоў зразуменьня ані ў Польшчы, ані ў Летуве, ані сярод палітыкаў Антанты. Заходнія лідэры нэгатыўна ставіліся да польскіх фэдэрацыўных плянаў, якія супярэчылі іх жаданьню аднавіць даваенную раўнавагу сілаў праз адбудову моцы й пазыцыі Расеі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч