• Агляд польскага друку
  • 23.04.2011

 

Сьвежы нумар тыднёвіка “Newsweek Polska” вяртаецца да трагічных падзеяў у Менску, калі выбухнула бомба, падкладзеная на станцыі мэтро. Пазьнейшыя дзеяньні ўладаў павінны былі паказаць, што яны кантралююць сытуацыю. Але ўлады зь першага моманту былі ў паніцы, - піша Міхал Кацэвіч. Гэта было агромнай нечаканасьцю. Афіцыйныя СМІ толькі праз гадзіну паведамілі пра выбух, а на месцы здарэньня міліцыя адбірала ў прахожых ды журналістаў камэры, тэлефоны, апараты – усё, на што можа было зьняць здымкі. Але й так адразу паявілася лавіна чутак, таму афіцыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што за распаўсюджваньне недаставернай інфармацыі пагражае крымінальная адказнасьць.

Менскі замах – гэта сур’ёзны ўдар па аўтарытэту Лукашэнкі, ён можа стаць рубіконам у сямнаццацігадавой гісторыі яго праўленьня краінай. З гэтага часу беларускі рэжым будзе ісьці па тым жа шляху, што й улада Хосьні Мубарака ў Эгіпце. Нават калі ўлады будуць вельмі агрэсіўныя ў адносінах да апанэнтаў, то і так нішто не затрымае глыбокага крызысу. Тэрарыст цягам сэкунды разьбіў найважнейшы міт, на якім збудаваў сваю неабмежаваную ўладу Лукашэнка. Міт пра стабільную й бясьпечную дзяржаву.

Гэты міт рушыўся яшчэ перад выбухам. Цягам трох месяцаў глыбокі эканамічны крызыс й неразумная фінансавая палітыка разьбіваюць найважнейшы базіс улады дыктатара – сацыяльную бясьпеку. Беларусы бачаць, як іх ашчаднасьці з кожным днём усё менш вартыя, паколькі імкліва падае курс рубля. Папулярнасьць Лукашэнкі ўпала да 42%. Месяц таму ў касе дзяржавы было толькі 3-4 млрд. даляраў – значна менш, чым трэба на пакупку тавараў за мяжою. Улады загадалі цэнтральнаму банку забіраць валюту з рынку, у выніку звычайныя беларусы ня могуць набыць даляры ды эўра.

Дапамогу абяцала Расея, але не дарма. Расейцы разумеюць, што гэта ідэальны момант, каб выкупіць найважнейшыя прамысловыя аб’екты: нафтаперапрацоўчыя заводы, лініі энэргаперадач, МАЗ або фірмы тэлекамунікацыі. Раней ці пазьней расейцы купяць кантрольны пакет акцый.

Пасьля замаху ў мэтро беларусы пачынаюць абуджацца, ладзяць грамадзкія акцыі, якіх ніколі не магла эфэктыўна наладзіць апазыцыя. Нядаўна прэзыдэнт адказаў на інфармацыю, якая паявілася на партале ВікіЛікс, быццам бы яго багацьце ацэньваецца на 9 млрд. даляраў. “Адзіная мая маёмасьць – гэта дзяржава”, - заявіў Лукашэнка. І гэта, насуперак яго спадзяваньням, прагучала выключна шчыра.

 

“Gazeta Wyborcza” працягвае акцыю “Вызваліць Пачобута”. Нагадаем, беларускі карэспандэнт выданьня знаходзіцца ў гарадзенскім сьледчым ізалятары за быццам бы зьнявагу прэзыдэнта Лукашэнкі. У кожным выданьні яго справу камэнтуюць розныя палітыкі й грамадзкія дзеячы. Сёньня выказваецца маршалэк польскага Сэнату Богдан Барусэвіч. Ён кажа: “Здавалася, што Лукашэнка будзе асьцярожны ў рэпрэсіях супраць журналістаў. Але стала інакш. Справа Пачобута – гэта спроба запалохаць усіх іншых журналістаў і карэспандэнтаў, перакрыць канал інфармацыі. Таму так важна, каб яго абараніць. Да таго часу, пакуль у Беларусі можна трапіць у турму за артыкул у прэсе, ня можа быць гаворкі, каб Эўропа вярнулася да перамоваў з дыктатарам”, - заявіў Богдан Барусэвіч.


Гэтае ж выданьне “Gazeta Wyborcza” піша пра бізнэс-інтарэсы Кітая ў Польшчы. Імпарт кітайскіх тавараў у краіну перавышае экспарт польскіх тавараў у Кітай у 10 разоў. Але дагэтуль мала было кітайскіх інвэстыцый у Польшчы. Кітайцам не падабаліся візыты Далайламы, зьвяртаньне ўвагі на правы чалавека. Тымчасам урады іншых эўрапейскіх крнаін падпісваюць зь Кітаем мільярдныя кантракты.

Польскія ўлады хацелі б прыцягнуць кірайскія інвэстыцыі. Цяпер паявіўся шанец, што шэраг кітайскіх фірмаў пачнуць інвэставаць у Польшчы. Іх цікавяць розныя галіны прамысловасьці: аўтамабільная, бытавой тэхнікі, хімічная. Кітайцы намераныя таксама інвэставаць у польскую дарожную інфраструктуру, напрыклад, два адрэзкі аўтабану паміж Варшавай ды Лодзьдзю будуе кітайскі канцэрн.

Праўда, ёсьць і скептычныя галасы. Частка эўрапейскеіх палітыкаў баіцца, што кітайскія фірмы стануць цяжкай канкурэнцыяй для прадпрымальнікаў з Эўрапейскага Зьвязу. А фірмы з ЭЗ без посьпеху патрабуюць адкрыцьця кітайскага рынку дзяржаўных заказаў, які ацэньваецца на звыш аднаго трыльёна даляраў.       

нг