• Агляд польскага друку
  • Audio5.01 MB
  • 26.04.2011

 

Беларусь у чаканьні ўмоваў, якія запатрабуе Расея узамен за 3 мільярды даляраў крэдыту, якія маюць выратаваць Менск ад эканамічнага краху, піша „Gazeta Wyborcza”.

 Учора ўмовы выдзяленьня стабілізацыйных крэдытаў абмяркоўвалі віцэ- міністра эканомікі Беларусі й Расеі.

Беларусь хоча пазычыць ад Расеі 1 мільярд даляраў, а 2 мільярды атрымаць з антрыкрызыснага фонду ЭўрАзэс, які дзейнічае пад эгідай Масквы. Аднак перамовы адносна выдзяленьня крэдытаў зацягваюцца. Аглядальнікі мяркуюць, што ўзамен за крэдыты Масква запатрабуе ад Менска стратэгічныя прадпрыемтвы з галіны энэргетыкі, тэлекамунікацыі й машынабудаваньня. Для прыкладу, расейцы ўжо маюць 50% акцыяў Белатрансгазу і ўжо летась хацелі пераняць поўны кантроль над прадпрыемствам. Тры тыдні таму кіраўнік беларускага фонду дзяржмаёмасьці Натальля Жарнасек заявіла, што Менск гатовы прадаць свае акцыі.

Расея можа дыктаваць свае ўмовы Беларусі, паколькі фінансы гэтай краіны апынуліся ў прорве, акрамя таго ў краіне няма валюты. Пад канец мінулага тыдня беларуская пошта спыніла грашовыя пераказы ў Расею, тлумачачы гэта тым, што ня мае дзе набыць 7 мільёнаў даляраў, каб заплаціць за паслугі расейскай пошце. Такім чынам зачыніўся адзіны зь нешматлікіх каналаў афіцыйнага абмена беларускіх рублёў на расейскія. За паштовую аплату, якая складала 8 % ад суму грашовага пераказу, можна было мяняць рублі па афіцыйным курсе. Пасьля атрыманьня па пераказе расейскія рублі можна было прывезьці ў Беларусь і абмяняць па вышэйшым рынкавым курсе.

Штодзёнка прыгадвае нядаўні выступ Лукашэнкі ў парлямэнце, дзе ён згадаў, што Менск можа мець праблемы з валютай, каб заплаціць за імпарт газу й нафты.

За 1 тысячу кубамэтраў расейскага газу Беларусь цяпер плаціць 240 даляраў і з кожным кварталам цана будзе павялічвацца. Ад паловы лютага, пасьля абвастрэнья канфлікту ў Лібіі, цэны на нафту пачалі хутка расьці, гэтым самым павялічваючы расходы на імпарт нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.У адпаведнасьці з дамовай, падпісанай у лютым з Расеяй, Менск ня плоціць расейскага мыта за імпартаваную нафту, але за тое далічвае каля 8 даляраў прэміі за кожную барэль, набытую ад расейскіх канцэрнаў. А падаткі з экспарту паліва, зробленага з расейскай нафты, Менск поўнасьцю вяртае ў расейскі бюджэт.

Менску можа не хапіць крэдытных сродкаў з расейскага крэдыту. На думку аналітыкаў банку Raiffeisen,  сёлета Беларусь патрабуе ад 8 да 11 мільярдаў даляраў на аплату імпарту й працэнтаў за раней узятыя крэдыты, падсумоўвае „Gazeta Wyborcza”.

 

Беларускія ўлады спрабуюць павязаць справу тэракту ў менскім мэтро з апазыцыяй, прыгадвае „Rzeczpospolita”. 

Хаця няма ніякіх доказаў на сувязь тэракту з апазыцыяй, сьледчыя дапытваюць апазыцыянэраў. А міністар унутраных справаў пераконвае, што віна затрыманых выканаўцаў тэракту даказаная. У другі дзень Вялікадня Анатоль Куляшоў паведаміў журналістам, што гэтыя злачынцы намерваліся зьдзейсьніць яшчэ тры тэракты. Спасылаючыся на інтарэс сьледзтва міністар не прадставіў падрабязнасьцяў, але сказаў, што няма сумневаў у тым, што да тэракту датычныя сьлесар, токар, а таксам дзяўчына, старэйшы брат і бацька аднаго зь іх.  Па словах Куляшова ёсьць шмат доказаў, каб давесьці іх віну ў судзе. Аднак да гэтае пары нявядомыя прычыны, дзеля чаго быў зьдзейсьнены самы крывавы ў гісторыі сучаснай Беларусі тэракт.

У сваім звароце да народу Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што не ўдалося знайсьці сувязяў паміж тэрарыстамі й злачынным сьветам, а таксама палітыкамі. Аднак раней Лукашэнка намякаў, каб сьледчыя дакладна праверылі сьлед, які вядзе да апазыцыі. Кампанію перасьледу апазыцыі ў сувязі з тэрактам незалежныя СМІ назвалі „паляваньнем на ведзьмаў”.

У панядзелак ахвярай гэтага паляваньня стаў актывіст БНФ Алесь Каліта. Яго арыштавалі пад закідам удзелу ў бойцы, калі ён ехаў цягніком з Украіны на паховіны дзядулі. У панядзелак Каліту асудзілі на 10 сутак арышту але не за бойку, а за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы.

Хаця міністар Куляшоў абвяргае закіды журналістаў адносна перасьледу апазыцыі й мэтанакіраванага павязаньня апазыцыянэраў з тэрактам, працягваюцца выклікі на допыты апазыцыйных лідараў. У прыватнасьці, лідара АГП Анатоля Лябедзьку, які зусім нядаўна быў вызвалены з арышту, выклікалі на допыт. Лябедзька паведаміў выданьню, што ён выклікаецца на допыт ў пракуратуру у якасьці сьведкі па справе тэракту. Па словах Лябедзькі, гэты выклік зьяўляецца абсурдным, але ён разумее імкненьне ўладаў.

Сьледчыя хацелі таксама дапытаць па справе тэракта Аляксандра Мілінкевіча, які на старонках беларускай апазыцыйнай, а таксама замежнай прэсы казаў пра нагонку на апазыцыю ў сувязі з тэрактам. Аднак Мілінкевіч знаходзіцца за мяжой і не зьявіўся на допыце, паведамляе „Rzeczpospolita”.

КР