• Ці ёсьць альтэрнатыва ядзернай энэргіі?
  • 26.04.2011

Ці ёсьць альтэрнатыва ядзернай энэргіі?

Сёньня ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС сусьветная грамадзкасьць разважае над тым, што стала прычынай катастрофы, наколькі ядзерная энэргія бясьпечная ды ці ёсьць для яе альтэрнатыва?

25 гадоў таму, 26 красавіка 1986 году, адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэта была адна з найвялікшых катастрофаў у гісторыі атамнай энэргетыкі. Вынікам аварыі стала радыектыўнае забруджаньне значнай часткі Эўропы. Як сьвет даведаўся пра трагічныя падзеі ў Чарнобылі? – запыталі мы ў Януша Владарскага, старшыні Польскага атамнага агенцтва.

Януш Владарскі: Здаецца, што я даведаўся пра гэта ў аўторак, то бок значна пазьней ад калегаў, якія займаліся маніторынгам. Мы ведалі, што нешта здарылася. Але мы ня ведалі, што дакладна. Вынікі замераў сьведчылі пра тое, што сытуацыя вельмі сур’ёзная: магчыма, аварыя ядзернага рэактара ці нават ядзерны выбух. Гэта заставалася невядомым, пакуль мы не ідэнтыфікавалі ізатопы. Калі мы высьветлілі, што ў паветры ў асноўным знаходзяцца ізатопы ёду ды цэзію 134, стала зразумела, што гэта рэактар АЭС.

Цяпер кажуць, што канструкцыя таго рэактара была небесьпечная?

Януш Влодарскі: Рэактары гэтага тыпу, апроч шэрагу пазытыўных характарыстык, важных для эксплюатацыі, мелі нэгатыўныя рысы. Імі было цяжка кіраваць. Гэта стала адной з прычын аварыі. Аднак галоўнай прычынай была чалавечая бестурботнасьць. Гэта прывяло да таго, што зьявілася жаданьне правесьці экспэрымэнт любым коштам. На маю думку, трэба глядзець яшчэ глыбей, не абмяжоўвацца тым днём ды тым экспэрымэнтам. Мне здаецца, што важнай прычынай аварыі была слабасьць кантрольнай установы, якая павінна была сачыць за атамнымі рэактарамі ў СССР.

Ці чалавецтва ўсьведаміла наступствы гэтай аварыі?

Януш Влодарскі: З самага пачатку наступствы былі ня вельмі зразумелыя. Адсюль памылковыя дзеяньні ў першыя дні аварыі. У Польшчы, на шчасьце, была зроблена прафіляктычная праца (выдача ёду), якая ахапіла больш за 17 мільёнаў чалавек. Усё рабілася вельмі спраўна. Гэта дапамагло ўратаваць здароўе.

25 гадоў пасьля Чаргобыля здарылася аварыя на атамнай электрастанцыі ў Японіі. Прычынай гэтай аварыі ня сталі чалавечыя памылкі, а сілы натуры. Аднак з новай сілай разгарэлася спрэчка адносна мэтазгоднасьці выкарыстаньня ядзернай энэргіі. У Нямеччыне ды Францыі прайшлі шматтысячныя пратэсты. Людзі баяцца атамнай энэргетыкі. Іх можна зразумець. Ці ёсьць альтэрнатыва для атамнай энэргіі?

Януш Владарскі: Па-першае, здаецца, што альтэрнатывы няма. Зараз жа ўзьнікае пытаньне, ці варта разьвіваць ядзерную энэргетыку. Зьвярніце ўвагу на тое, што падчас Чарнобыльскай аварыі загінула некалькі дзясяткаў чалавек. Наконт Фукусімы нідзе не напісана, што загінулі людзі ў выніку таго, што там здарылася. У гісторыі чалавецтва былі больш сур’ёзныя прамысловыя катастрофы з большай колькасьцю ахвяраў. Гэтыя падзеі паказваюць, што пытаньне пра разьвіцьцё атамнай энэргетыкі беспадстаўнае. Атамную энэргетуку трэба разьвіваць. Гэта самы танны шлях вытворчасьці электраэнэргіі. Таму гэта задача дзяржавы даць грамадзтву адпаведную інфармацыю, навучыць грамадзтва, каб яно магло сьвядома выбраць: ці хоча гэтую тэхналёгію, ці не.

Пра Чарнобыль сьвет пасьпеў забыць за апошнія 25 гадоў. Аварыя ў японскай станцыі Фукусіма зноў спарадзіла недавер да ядзернай энэргетыкі, як вельмі небясьпечнай сілы. Кіраўнік Польскага атамнага агенцтва Януш Владарскі пераконваў сёньня ў тым, што ядзерная тэхналёгія самая бясьпечная ў энэргетычным сэктары. Вельмі важную ролю тут павінна адыграць дзяржава, якая павінна інфармаваць грамадзтва.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч