15% апытаных спантанна назвалі сілесцаў асобнай нацыянальнасьцю ў Польшчы, - гэта вынік апытаньня, праведзенага TNS OBOP на тэму  этнічнага складу польскага грамадзтва, які на сваіх старонках публікуе выданьне „Rzeczpospolita”.

„Гэта вельмі шмат”, - лічыць прафэсар Анджэй Шпаціньскі, сацыёляг з Collegium Civitas. У ягонай ацэнцы, гэта, між іншым, вынік мэдыйнага шуму вакол сiлескай меншасьці.

„Людзі ня ведаюць, што характэрнае сапраўднай меншасьці, і што ў выпадку сілезцаў не назіраецца шмат неабходных умоваў,” – падкрэсьлівае прафэсар, дадаючы, што найбольшы адсотак палякаў, якія жыхароў Сілезіі лічаць асобнай меншасьцю, складаюць палякі зь ніжэйшай адукацыяй ды вяскоўцы.

 У сваю чаргу іншы цэнтар апытаньня грамадзкай думкі OBOP запытаў палякаў наўпрост: ці сілезцаў трэба ўспрымаць як асобную нацыю? Станоўча на згаданае пытаньне адказала 17% апытаных. Адмоўна – 74%.

„Настолькі вялікая колькасьць асобаў, якія ўспрымаюць сілезцаў як меншасьць – гэта выключна часовая зьява,”- супакойвае прафэсар Войцех Лукоўскі, сацыёляг з Варшаўскага ўнівэрсытэту. Ён дадае, што ў Польшчы пра меншасьці амаль не вядзецца гаворкі. „Згаданая тэма ўзьнікае пры нагодзе нейкіх больш сур’ёзных канфліктаў ці спрэчкаў, якіх, на шчасьце, цягам апошніх гадоў амаль не было,” – дадае Лукоўскі.

Сярод нацыянальных меншасьцяў у Польшчы палякі найчасьцей называюць: украінцаў(42%), немцаў(36%), цыганоў(34%), расейцаў (24%), беларусаў і габрэяў (па 22%). „Згаданыя вынікі даволі  адэкватна паказваюць сапраўдны склад нацыянальных меншасьцяў у Польшчы”, - камэнтуе Лукоўскі.

Апытаныя моцна перабольшваюць агульную колькасьць нацыянальных меншасцяў у Польшчы, якая, паводле іх, складае 9%. Тым часам, як вынікае з папярэдняга перапісу насельніцтва (з 2002 году), нацыянальныя меншасьці ў Польшчы складаюць толькі 1,2%.

„Перабольшваньне сапраўднай колькасьці прадстаўнікоў меншасьці – гэта паўсюдная зьява ў Эўропе”, - сказаў выданьню „Rzeczpospolita” прафэсар Войцех Лукоўскі, сацыёляг з Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Міністэрства замежных справаў уводзіць ашчаднасьці й заяўляе калектыўныя звальненьні. Да чэрвеня будучага году працу страціць каля 6% працаўладкаваных у ведамстве чыноўнікаў, - паведамляе „Gazeta Wyborcza”.
 
Сёлета звольненыя будуць каля 100 чыноўнікаў, чарговыя 200 – у будучым годзе, ужо пасьля таго, як Польшча пяройме старшынства ў Эўразьвязе.

Як паведаміў кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі, згаданыя скарачэньні – гэта вынік ашчаднасьцяў і тэхналягічных пераменаў у міністэрстве. Наступствам гэтых дзеяньняў павінна быць утрыманьне бюджэту МЗС у будучым годзе на ўзроўні бягучага году - 1,5 мільярда злотых.

У бліжэйшым часе будзе адкрытая новая консульская пляцоўка ў Львове, дзе выдаецца найбольш візаў (каля 500 тысячаў у год) ды новы будынак польскага прадстаўніцтва пры Эўразьвязе. Улетку заплянаванае адкрыцьцё новага консульства ў Лёндане, Нью-Ёрку ды рэзыдэнцыя польскага амбасадара ў Вашынгтоне. Працягваецца архітэктурны конкурс на праект амбасады ў Бэрліне.

Міністэрства замежых справаў плянуе таксама пазбавіцца ад непатрэбнай інфраструктуры ў краіне й замяжой. Напрыклад, яно хоча прадаць будынак польскага консульства ў Ліёне. Прададзеныя будуць таксама будынкі й дзялянкі пасьля былых амбасадаў у краінах Афрыкі.

Gazeta Wyborcza” нагадвае,  што большасьць коштаў польскіх дыпляматычных пляцовак – гэта зарплаты для агароднікаў, кіроўцаў і кансэрватараў.

Настроі палякаў палепшыліся, і яны кінуліся рабіць буйныя пакупкі. Паводле эканамістаў, ужо дадзеныя за красавік паказваюць рост спажываньня, таму што  да пакупкаў заахвочвае лепшая сытуацыя на рынку працы, - інфармуе газэта „Dziennik”. 

Як паведаміла ўчора Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне (GUS), розьнічны продаж у сакавіку ў параўнаньні зь мінулым годам павялічыўся на 9,4%. На 8,7% вырас продаж аўтамабіляў, да чаго галоўным чынам прычыніліся закупкі фірмаў.

У параўнаньні з сакавіком 2010 году павялічыўся таксама продаж паліваў – на 19,2%, лекаў і касмэтыкі – на 26,8%, вопраткі й абутку – на 12%.  Нясумненна, уплыў на сытуацыю мела таксама павелічэньне ўзроўню інфляцыі, якая ў сакавіку склала 4,3%.

У сваю чаргу зьненшыўся продаж мэблі й хатняй тэхнікі, што, на думку экспэртаў, зьяўляецца вынікам ажыцьцяўленьня гэтак званай рэкамэндацыі Т, якая ўскладніла асобам зь нішэйшымі даходамі доступ да спажывецкіх крэдытаў.  Дарэчы, сама колькасьць згаданых крэтыдаў у сакавіку была найніжэйшай у гісторыі. Вынікі продажу прадуктаў харчаваньня й напояў напэўна акажуцца рашуча лепшымі ў красавіку ў сувязі зь перадсьвяточнымі пакупкамі палякаў.

Нечакана высокаму спажываньню спрыяе папальшэньне сытуацыі на рынку працы. Ад канца сакавіка 2010 году працаўладкаваньне на прадпрыемствах вырасла на 4,1%. Крыху зьменшылася таксама беспрацоўе. У мінулым месяцы бяз працы заставаліся 13,1% працаздольных палякаў.

На думку экспэртаў, настрой аптымізму, які паступова вяртаецца, павінен паўплываць на свабоду выдаткаваньня грошай. Тым часам спажываньне, падобным чынам, як і ў мінулым годзе, будзе адным з рухавікоў эканамічнага росту ў Польшчы, - інфармуе газэта „Dziennik”. 


Агляд прэсы падрыхтавала Анна Задрожна