• ПУЛЬС ПОЛЬСКАЙ ЭКАНОМІКІ
  • Audio7.18 MB
  • 03.05.2011

 

Амэрыканцы зарабляюць на канцэсіях у Польшчы

Павялічваецца зацікаўленасьць пошукамі радовішчаў сланцавага газу на тэрыторыі Польшчы, а амэрыканскія магнаты ўжо прадаюць удзелы.

Фірмы, якія цягам двух апошніх гадоў не пасьпелі дабіцца канцэсіяў на пошук сланцавага газу ў Польшчы, стараюцца нагнаць страчаны час. Гэта добрая нагода для ўласьнікаў выдадзеных польскай дзяржавай канцэсіяў.

Ужо пачаўся гандаль удзеламі. Напрыклад, канцэрн „Nexen”, які зьяўляецца шостым па велічыні вытворцам газу ў Канадзе, паведаміў пра тое, што адкупіў 40% удзелаў у канцэсіях „Marathon Oil Corporation” у Польшчы.  Вартасьць зьдзелкі не была названая, таму невядома, колькі зарабіў амэрыканскі канцэрн.

„Marathon Oil Corporation” зьяўляецца ўласьнікам 11 канцэсіяў у Польшчы. Пакуль фірма праводзіць сэйсьмічныя аналізы, а дзьве першыя спробныя сьвідравіны кіраўніцтва фірмы заплянавала на чацьвёрты квартал 2011 году, чарговыя (7-8 сьвідравін) на 2012 год.

Гэта аднак ня першы выпадак продажу канцэсіяў на пошук сланцавага газу ў Польшчы.  У сьнежні мінулага году падобную зьдзелку правяла фірма „Mińsk Energy Resources”. Уласьнікам трох канцэсіяў стаў італьянскі канцэрн ENI.

Верагодна, партнэра дзеля пошукаў сланцавага газу ў Польшчы шукае таксама амэрыканскі канцэрн „ExxonMobil”. У лютым кіраўніцтва фірмы паведаміла пра намер продажу 49% удзелаў у чатырох канцэсіях.

Паводле рапарту амэрыканскага агенцтва „Energy Information Administration”, па маштабах радовішчаў сланцавага газу, якія ацэньваюцца на больш за 5 більёнаў кубічных мэтраў,  Польшча займае 10 месца ў сьвеце. Дзеля параўнаньня, цяпер палякі выкарыстоўваюць каля 14 мільярдаў кубамэтраў газу ўгод.

rp.pl/аз

Працаўладкаваныя ў Нямеччыне палякі прычыняцца да ажыўленьня польскай

эканомікі

Значная частка заробленых у Нямеччыне эўра будзе выдаткаваная ў Польшчы, а  ў выніку вяртаньня пераплачаных у Нямеччыне падаткаў у краіну можа трапіць дадаткова нават 1,5 мільярда злотых.

Нямецкія ўлады спадзяюцца, што ў выніку поўнага адкрыцьця нямецкага рынку для польскіх грамадзян, у Нямеччыну прыбудзе ня больш за 740 тысяч працаўнікоў.

Частка польскіх фірмаў, разьмешчаных у заходніх ваяводзтвах, баіцца адтоку працаўнікоў, але, як пераконвае Анджэй Ясянецкі зь фірмы Euro-Tax.pl, якая спэцыялізуецца ў вяртаньні падаткаў, пераплачаных польскімі эмігрантамі за мяжой, на эміграцыі польская эканоміка ня страціць.

Паводле яго, з моманту далучэньня Польшчы да Эўразьвязу, эмірганты перадалі ў Польшчу каля 30 мільёнаў эўра, а значыць амаль удвая больш, чым складаюць выдзеленыя краіне эўразьвязаўскія сродкі дапамогі.

Апрача таго існуе шанец на атрыманьне дадатковых 5,5-6 мільярдаў злотых у выніку вяртаньня пераплачаных за мяжой падаткаў.  Такім чынам толькі з падаткаў палякаў, якія, як ацэньваецца, могуць выехаць на працу ў Нямеччыну, у Польшчу можа трапіць каля 1,5 мільярда злотых.

Апрача таго, многія працаўладкаваныя ў Нямеччыне палякі, асабліва з заходніх ваяводзтваў, надалей будуць жыць у Польшчы й тут выдаваць заробленыя за мяжой грошы.

rp.pl/аз    

  Польшча спрабуе дамовіцца з Расеяй аб новых прынцыпах продажу садавіны й агародніны.
Польскія садаводы далучаюцца да сыстэмы інтэграванай вытворчасьці. Яе ўдзельнікі абавязваюцца да мінімуму абмежаваць выкарыстаньне хімічных сродкаў – падкрэсьлівае галоўны інспэктар аховы расьлін Тадэўш Клос.

Т. Клос: Сыстэма гарантуе высокую якасьць прадукту, бясьпеку кліента. Гэтая сыстэма кладзе націск на адпаведную падборку гатункаў, дае перавагу пазахімічным мэтадам абароны. Хімічныя сродкі ўводзяцца ў крайніх выпадках. У сваю чаргу кліент атрымлівае гарантыю, што тавар сэртыфікаваны, пракантраляваны, высокай якасьці й бясьпечны для спажыўца.

Зараз такі від прадукцыі прымяняецца ў Польшчы добраахвотна, але ад 2014 году, паводле правіл ЭЗ, ён стане абавязковым. Пасьведчаньне пра ўдзел ў сыстэме інтэграванай вытворчасьці ўжо сёлета можа замяніць сэртыфікаты, якіх расейцы патрабуюць ад польскіх вытворцаў. Па першай рэакцыі видаць, што расейцы станоўча аднесьліся да гэтай прапановы. Польскія садаводы павінны прыняць на сябе новыя абавязкі, - кажа Яцэк Сконечны з таварыства польскіх прадаўцоў садавіны й агародніны „Unia owocowa”.

Я. Сконечны: Паводле новых прынцыпаў вытворца нясе адказнасьць за праверку садавіны й агародніны. На ім таксама гандлёвая рызыка. Ужо цяпер, інфармуючы пра новыя прынцыпы вытворчасьці, імкнемся пазьбегнуць сытуацыі, калі памылка падчас працэсу абароны можа выключыць дадзенага вытворцу з экспарту ў Расею.

Многія садаўнікі ўжо прымяняюць новыя прынцыпы вытворчасьці. Аднак, калі польскі бок заключыць з расейцамі новы дагавор аб пастаўках садавіны й агародніны паводле пасьведчаньня аб удзеле ў інтэграванай сыстэме абароны, восеньню многія польскія вытворцы, якія не далучыліся да сыстэмы, ня змогуць прадаць сваю прадукцыю.

 

Больш за 80% палякаў сутыкнулася з непасрэдным продажам. Гэта значыць, з пакупкамі праз каталёгі.

Найчасьцей гэтага віду пакупкі адбываюцца па рэкамэндацыі знаёмых падчас арганізаваных па хатах паказах. Паводле праведзеных інстытутам „Homo Homini” апытаньняў, гэты від гандлю найбольш распаўсюджаны сярод жанчын у буйных гарадах. На вёсках такім чынам закупаецца 10% пакупнікоў. Сярод тавараў, прадаваных непасрэдным шляхам, на першым месцы касмэтыка, затым сродкі бытавой хіміі, посуд, бытавая тэхніка й ювэлірныя вырабы. На рынку непасрэднага продажу лідыруюць касмэтычныя фірмы „Avon” і „Oriflame”.

Падрыхтавалі Анна Задрожна й Яланта Сьмялоўская