Забойцы Бабуравай і Маркелава асуджаныя, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

Маскоўскі суд прызнаў двух нацыяналістаў віноўнымі ў забойстве вядомага адваката й праваабаронцы Станіслава Маркелава й журналісткі апазыцыйнай „Новой Газеты” Анастасіі Бабуравай.

Абвінавачаныя- гэта 26-гадовая Яўгенія Хасіс і 31-гадовы Мікіта Ціханаў.
19 студзеня 2009 году Станіслаў Маркелаў праводзіў прэс-канфэрэнцыю ў маскоўскім Незалежным прэс-цэнтры, падчас якой заявіў, што скіраваў пратэст ў справе датэрміновага вызваленьня з турмы палкоўніка Юрія Буданава, асуджанага за забойства 18-гадовай чачэнкі. Для расейскіх нацыяналістаў Буданаў зьяўляецца героям Чачэнскай вайны й ахвярай несправядлівага прысуду. Праваабаронца Маркелаў раней атрымліваў ад іх пагрозы.

Пасьля завяршэньня канфэрэнцыі за Бабуравай і Маркелавыі сачыла Яўгенія Хасіс. Калі ахвяры выйшлі на вуліцу, да іх падбег Мікіта Ціханаў.  У белы дзень Ціханаў прыклаў пісталет да галавы адваката й застраліў яго на месцы. Журналістка, якая спрабавала затрымаць забойцу, была сьмяротна параненая.

Канчатковы судовы прысуд абвінавачаным у забойстве будзе абвешчаны на наступным судовым паседжаньні, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

 

UEFA цьвёрда бароніць свае фінансавыя інтэрэсы. Якім чынам? Пра гэта можна прачытаць у выданьні „Dziennik Gazeta Prawna”.

Да суботы ўсе заўзятары, якія падавалі ў сеціве заяўкі з жаданьнем набыць квіткі на матчы Euro 2012, атрымаюць ад UEFA інфармацыю, ці яны вылёсавалі квіток.

Квіткі будуць разсыланыя толькі за некалькі тыдняў перад пачаткам матчаў. Аднак па сеціве ўжо кружаць прапановы прадаць квіток.

На спробу прадаць падроблены квіток можа зарэагаваць паліцыя, а вось на тое, як затрымаць хвалю продажу арыгінальных квіткоў, на гэта няма адпаведных юрыдычных мэханізмаў. А на адным квітку можна зарабіць удвая альбо й утрая ад намінальнага кошту. Хаця юрысты UEFA стараюцца прадухіліць нелегальны продаж квіткоў, невядома, якім чынам гэта зьдзейсьняць.

Прадстаўнікі футбольнай фэдэрацыі заяўляюць, што толькі сайт UEFA.com гарантуе нармальныя цэны й атрыманьне сапраўдных квіткоў. Тым, каму не пашчасьціла ў першым лёсаваньні квіткоў, яны раяць пачакаць да ліпеня, калі арганізатары створаць плятформу вяртаньня й абмену квіткоў, піша „Dziennik Gazeta Prawna”.

Мільён палякаў выязджае на маёўку. Сёлета палякі абралі адпачынак у сваёй краіне, а гэта добрая навіна й высокія даходы для турыстычнай, транспартнай і гастранамічных галінаў, чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.

Больш за мільён працаўнікоў узялі сабе адпачынкі адразу пасьля Велікодных сьвятаў, альбо бяруць адпачынак адразу пасьля доўгіх травеньскіх выходных. Частка людзей едзе ў Рым на бэатыфікацыю Яна Паўла ІІ, частка едзе ў свае горы, на мора ці мазурскія азёры. 

А такія доўгія выходныя зусім не азначаюць застою для эканомікі, наадварот, толькі гандлёвы абарот можа скласьці ад 1 да 1,5 млн. злотых.

Высокім прыбыткам могуць цешыцца прадстаўнікі турыстычнай, гастранамічнай й паліўнай галіны, а таксама розныя транспартныя перавозчыкі.

У сваю чаргу прадпрыемствы, якія па розных прычынах вымушаныя абмежаваць вытворчасьць, выкарыстаюць дзеля гэтага менавіта доўгую маёўку, напрыклад, аўтамабільная фабрыка Toyota ў Ельчу-Лясковіцах, якая спыніла працу ў сувязі з недахопам японскіх запчастак. Вытворчасьць будзе ўзноўленая 4 траўня, чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.

KP