• Лех Валэнса дэмакратызуе Туніс
  • 29.04.2011

Легендарны лідар “Салідарнасьці” Лех Валэнса зьбіраецца дапамагчы новым туніскім уладам дэмакратызаваць іх краіну. Экс-прэзыдэнт  ўзначаліў польскую місію, якая наведвае пострэвалюцыйную дзяржаву ў Паўночнай Афрыцы. Візыт распачаўся ў чацьвер і завершыцца ў суботу.

У студзені жыхары Тунісу зьвергнулі дыктатуру Бэн Алі. Гэта запачаткавала так званую “Арабскую вясну”, прадэмакратычныя пратэсты ў многіх краінах арабскага рэгіёну. Цяпер тунісцы крок за крокам рэфармуюць і дэмакратызуюць сваю краіну. 

Разам зь Лехам Валэнсам у Туніс накіраваліся віцэ-міністар замежных справаў Кшыштаф Станоўскі, экс-старшыня Канстытуцыйнага суду Ежы Стэмпень, былы дзяяч антыкамуністычнага падпольля й “Салідарнасьці” Зьбігнеў Янас, эўрадэпутат Павал Коваль, а таксама экспэрты польскіх недзяржаўных арганізацый.

Пра мэту візыту распавядае ўдзельнік місіі, дырэктар Польскага Інстытуту міжнародных справаў Марцін Забароўскі.

М. Забароўскі: Наша мэта – гэта дэмакратызацыя Тунісу. Мы хочам падкрэсьліць важнасьць, якую Польшча надае дэмакратычным працэсам у Паўночнай Афрыцы. Мы хочам паказаць наш шлях праз трансфармацыю. У гэтым працэсе мы здабылі пэўны вопыт, сярод іншага, зьвязаны й з канстытуцыйнай рэформай, і з рэгіянальнымі пераменамі.

Лех Валэнса ўжо сустрэўся з часовым прэзыдэнтам Тунісу Фуадам Мэбазай. “Улады Тунісу запэўнілі мяне, што яны хочуць будаваць новы Туніс, далёкі ад аўтарытарызму, у якім краіна жыла пры Бэн Алі”, – кажа экс-прэзыдэнт.

Л. Валэнса: Я цешуся, што мы з прэзыдэнтам думаем аднолькава. Ён бачыў нашую рэвалюцыю й бачыў рэвалюцыю ў сваёй краіне. Ён пагаджаецца, што павінна адбывацца барацьба аргумэнтаў, а не кулакоў. Мы павінны зьмяняць, а не зьнішчаць. 

Як гаворыць удзельнік візыту, старшыня Фонду імя Стэфана Баторыя Аляксандар Смоляр, найлепшы спосаб пазакаць, як робяцца рэформы – гэта праводзіць дыялёг.

А. Смоляр: Каб дзяліцца польскім досьведам і паказваць, як Туніс можа змагацца са сваімі праблемамі, трэба пра трансфармацыю размаўляць з туніскімі кіраўнікамі й інтэлектуаламі. І гаварыць трэба ня толькі пра посьпех, але й пра пэўныя праблемы, нечаканасьці на шляху да дэмакратызацыі.

Мэта візыту ў Туніс упісваецца ў новую фазу польскай замежнай палітыкі. У сувязі з грамадзянскай вайной у Лібіі польскі ўрад заявіў, што Варшава ня будзе прымаць непасрэднага ўдзелу ў вайсковай апэрацыі. Польшча паабяцала заангажавацца ў Паўночнай Афрыцы іншым чынам.

Адной з галоўных праблемаў сучаснага Тунісу, паводле польскіх экспэртаў, зьяўляецца дэмакратычнасьць заканадаўства. Туніс сёньня цяжка назваць прававой дзяржавай. Кіроўныя эліты краіны выхоўваліся й працавалі ў аўтарытарнай дзяржаве й слаба ўяўляюць, як павінна функцыянаваць дэмакратычная краіна.

Менавіта таму польскі вопыт можа быць для тунісцаў больш каштоўны, чым заходнеэўрапейскіх краінаў, якія ня мелі праблем са зьменаю сыстэмы кіраваньня, лічыць Марцін Забароўскі. Апрача таго, адносіны пераходнага ўраду Тунісу з той жа Італіяй ці Францыяй ня вельмі цёплыя. У гэтых краін ёсць свой геапалітычны інтарэс да Тунісу, у часы дыктатуры яны падтрымлівалі Бэн Алі, а французы сёньня, напрыклад, высылаюць назад са сваёй тэрыторыі туніскіх уцекачоў.

Таэб Заха, галоўны рэдактар прэстыжнага неалежнага тыднёвіка "Realites" кажа, што візыт Леха Валэнса ў яго краіну – гэта цудоўная нагода абмяняцца меркаваньнямі.

Т. Захар: Пасьля пераменаў у Польшчы Вы вельмі моцна разьвівалі дэцэнтралізацыю й рэгіянальнае разьвіцьцё. Гэта магло б быць для нас вельмі карысна.

Сытуацыя ў Тунісе вельмі складаная. Пасьля ўцёку з краіны дыктатара Бэн Алі, які кіраваў Тунісам 23 гады, дзяржавай кіруе часовая кааліцыя. Напрыканцы ліпеня ў краіне адбудуцца выбары ў Нацыянальны сход. Новы парлямэнт павінен будзе распрацаваць Канстытуцыю краіны.

У сталіцы дзяржавы амаль штодзённа адбываюцца дэманстрацыі. Мясцовыя жыхары патрубуюць паляпшэньня ўмоваў жыцьця й працы. Беспрацоўе ў Тунісе складае каля 20%.

дг