• Пра што піша польская прэса?
  • 30.04.2011

 

Сьведкі абвінавачваюць міліцыю. Біцьццё шкляных дзьвярэй будынку беларускага Дому ўраду 19 сьнежня было правакацыяй, кантраляванай спэцслужбамі -  даказваюць на судзе сьведкі ад абароны. Пра гэта піша польская газэта “Rzeczpospolita”.


Дзеяньні міліцыі былі абсалютна базадказнымі – заявіў у судзе праваабаронца Алесь Бяляцкі. Міліцыянты моўчкі глядзелі на біцьцё шыбаў, дазваляючы правакатарам атакаваць будынак ураду. Юрыст Уладзімір Лабковіч засьведчыў, што дзьверы Дому ўраду біла група з 15 чалавек, якая дзейнічала незалежна ад маніфэстантаў і лідараў апазыцыі, што стаялі ў іншым месцы. Побач з групай, якая біла шыбы, спакойна стаялі супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным і дакладвалі па рацыі сваім шэфам пра разьвіцьцё падзеяў.

Наступны сьведка ад абароны прадставіў на судзе фатаграфіі плошчы адразу пасьля разгона маніфэстацыі. Плошча абсалютна чыстая, а гэта даказвае, што маніфэстанты ня мелі палак, арматуры й кактэйляў Молатава, як сьцьвярджае афіцыйная прапаганда. Нягледзячы на просьбы абаронцаў, здымкі не былі далучаныя да справы як доказы невінаватасьці падсудных – піша “Rzeczpospolita”.

Мільён вернікаў прыедуць на бэатыфікацыю Яна Паўла ІІ – піша газэта “Rzeczpospolita”.

У нядзелю а 10 гадзіне на пляцы Сьвятогя Пятра ў Рыме распачнеццца літургія, падчас якой папа рымскі Бэнэдыкт XVI аб’явіць свайго папярэдніка блаславёным. Гэта будзе самая маштабная ўрачыстасьць у гісторыі Рыма. Дагэтуль параўнальная лічба людзей (каля 300 тысячаў) зьбіралася ў апостальскай сталіцы толькі на кананізацыю айца Пія.

Працэдура прызнаньня папы Яна Паўла ІІ блаславёным зьяўляецца таксама самай хуткай ў гісторыі Ватыкану. Заняла яна "ўсяго" 6 гадоў. Малітоўнае чуваньне распачнецца ў Рыме ў суботу ўвечары. Будзе арганізаваны тэлемост зь вернікамі зь пяці санктуарыяў свету: у Лагеўніках (Польшча), Гвадэлупе (Мексіка), Кавэкама-Бугандзе (Танзанія), Харысе (Ліван) і Фаціме (Партугалія).

Суд прызнаў незаконнымі вынікі выбараў мэра горада – піша “Rzeczpospolita”.

З-за парушэньняў, якія адбыліся падчас мясцовых выбараў у горадзе Валбжых на поўдні Польшчы, суд пастанавіў занава правесьці ІІ тур выбараў мэра горада, а таксама выбары ў гарадзкую раду.

Нядаўна абраны мэр Валбжыха Пётр Кручкоўскі павінен пакінуць пасаду й зноў ўдзельнічаць у выбарах. Яго апанэнтам ўдалося даказаць, што падчас мясцовых выбараў каля 900 выбаршчыкаў былі схіленыя да галасаваньня за яго з дапамогай подкупу. Пётр Кручкоўскі перамог тады зь перавагай усяго ў 325 галасоў.

 “Нельга згаджацца на тое, каб група злачынцаў купляла выбары. Я вельмі рады, што суд прызнаў незаконным такое здабыцьцё ўлады,” – камэнтуе газэце “Rzeczypospolitа” вэрдыкт суду галоўны канкурэнт Пятра Кручкоўскага Патрык Вільд.

 

Пачынаючы зь першага траўня Нямеччына, Швэйцарыя ды Аўстрыя адчыняюць рынкі працы для палякаў. Масавага выезду палякаў, аднак, не прадбачыцца – піша польская штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.

Пачынаючы зь нядзелі польскія працаўнікі змогуць працаўладковацца ў Нямеччыне й Аўстрыі без абмежаваньняў і фармальнасьцяў. Яшчэ ніколі нямецкая прэса не пісала пра палякаў так прыхільна– сьцьвярджае “Gazeta Wyborcza”. Польскіх рабочых там чакаюць як выратаваньня, бо ў краіне не хапае працаўнікоў. Яшчэ некалькі гадоў таму жоўтая прэса пужала бюргераў нашэсьцем польскіх махляроў і злодзеяў. Сёньня тон абсалютна іншы. Нямеччыне патрэбныя сотні рамесьнікаў – ад электрыкаў па пекараў – кажа Анэта Шліхт з прамысловай палаты Гамбургу. Нехапае таксама мэдсёстраў і санітарак.

Сем гадоў таму, калі свае рынкі працы адчынілі Вялікабрытанія й Ірляндыя, туды пераехалі тысячы палякаў. Вялікай жа міграцыі ў Нямеччыну ня будзе – канстатуюць экспэрты. Рабочыя, якія хацелі ўладкавацца на Рэйне, там даўно працуюць. Маладыя ж спэцыялісты зьяжджаць не сьпяшаюцца, бо Нямеччына ня можа ім шмат запрапанаваць. У Польшчы яны таксама добра зарабляюць – піша “Gazeta Wyborcza”.


Шлюб стагодзьдзя – так апісвае вясельле брытанскага прынца Ўільяма й Кэйт Мідлтан “Gazeta Wyborcza”.

Паглядзець на цырымонію ў Лёндане сабраўся мільён чалавек. Каля двух мільярдаў назірала за ёй па тэлебачаньні. Каралеўская пампезнасьць і паказ моды. Такога шлюбу сьвет ня бачыў з часоў вясельля прынца Чарльза й прынцэсы Дыяны. Вясельная сукенка Кэйт Мідлтан з амаль трохмэтровым шлейфам была створаная дызайнэркай Сарай Бартан, якая шые касьцюмы для Барака Абамы. Маладых правезьлі па лёнданскіх вуліцах у каралеўскай карэце з 1902 году. На шлюбе, апрача арыстакратаў, прысутнічалі зоркі спорту й шоў-бізнэсу: футбаліст Дэвід Бэкхам, акцёр Роўан Аткінсан (вядомы ўсім як містэр Бін), сьпявак Элтан Джон.

Нешчасьлівы шлюб прынцэсы Дыяны й Чарльза падарваў аўтарытэт брытанскай кароны – піша “Gazeta Wyborcza”. Учорашняя цырымонія вярнула мільёнам англічан, шатляндцаў, ірляндцаў павагу да манархіі – прынамсі на момант, піша “Gazeta Wyborcza”.

АП