• Агляд польскага друку
  • 02.05.2011

 Усе польскія газэты пішуць пра ўчорашнюю бэатыфікацыйную імшу, што завершыла бэатыфікацыйны працэс Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, які працягваўся няцэлыя 6 гадоў – піша „Gazeta Wyborcza”.

 Дата бэатыфікацыйнай імшы мае сымбалічнае заначэньне: прыпала на 1 траўня – Нядзелю Божай Міласэрнасьці, сьвята, уведзенае Янам Паўлам ІІ у 2000 годзе. На дадатак Ян Павал ІІ памёр напярэдадні гэтага сьвята.

 Паводле паліцыі, на вуліцах Рыму ўчора сабралася каля 1 мільёна паломнікаў, сярод якіх тысяч 80 – гэта былі вернікі з Польшчы.

 Цяпер, калі Ян Павал ІІ уведзены ў лік бласлаўлёных, вернікі могуць маліцца за яго заступніцтва.

 Праўдападобна, у хуткім часе пачнецца кананізацыйны працэс, хаця прэфэкт Кангрэгагцыі па справах кананізацыі Анджэла Амата не назваў канкрэтнай даты – заўважае „Gazeta Wyborcza”.


 Ісламісты ідуць па ўладу ў Эгіпце – піша „Dziennik. Gazeta Prawna”. Мусульманскае брацтва стварыла ўласную не тэакратычную, але сьвецкую палітычную партыю, якая намерваецца прыняць удзел у парлямэнцкіх выбарах у верасьні. Эгіпецкая Канстытуцыя забараняе дзейнасьць палітычных партый на падставе рэлігійных прынцыпаў. Новая групоўка прыняла назву Партыі свабоды й справядлівасьці – заявіў 80-гадовы генэральны сакратар Брацтва Махамэд Хусэйн. Кансультатыўная рада брацтва прыняла пастанову ў справе палітычнай праграмы новай партыі. Хусэйн паведаміў, што старшынём партыі быў абрамы Махамэд Мурсі. Партыя спадзяецца, што на выбарах атрымае ад 40 да 50% галасоў падтрымкі. Гэта будуць першыя выбары з моманту лютаўскай адстаўкі прэзыдэнта Мубарака. У прэзыдэнцкіх выбарах, дата якіх яшчэ нявызначаная, ня будзе балятавацца кандыдат ад Мусульманскага брацтва.

 Мусульманскае брацтва, да якога Мубарак ставіўся варожа й зь недаверам, лічыцца найбольшай апазыцыйнай сілай у Эгіпце. Пазбаўленае магчымасьці легальнай дзейнасьці, засяроджвалася на дзейнасьці грамадзкай, дапамагаючы найбяднейшым. Цэнтрамі дзейнасьці брацтва зьяўляюцца мячэты, прафсаюзы ды ўнівэрсытэты.   

 

Як не зьдзяйсьняць памылак на Ўсходзе? – задумоўваецца на старонках штодзёнкі „Rzeczpospolita” Катажына Пэлчыньска-Налэнч, экспарт па ўсходніх пытаньнях Цэнтра Ўсходніх Дасьледаваньняў.

Рэвалюцыя ў Паўночнай Афрыцы прымушае Эўразьвяз больш сумленна зірнуць на пэрспэктыву Ўсходняга партнэрства й адносінаў з Расеяй. Перш за ўсё трэба адкрыта сказаць, што эўразьвязаўская палітыка дэмакратызацыі ўсходніх суседзяў разыходзіцца з рэаліямі. Зьвяз ня мае ані рэсурсаў, ані магчымасьцяў, каб бескампрамісным чынам у найбліжэйшым атачэньні ўводзіць лібэральныя каштоўнасьці, замарожваючы адносіны з дыктатарамі й супрацоўнічаючы толькі з тымі краінамі, у якіх шануюцца правы чалавека. Дзеля прамоцыі зьвязаўскай палітыкі лібэральных каштоўнасьцяў неабходна вызначыць „чырвоныя лініі”, якіх нельга перасякаць. Не павінна даходзіць да блізкіх кантактаў паміж палітычным клясам ЭЗ і дыктатарамі. Таксама ў галіне бясьпекі ўзаемадачыненьні павінны быць вельмі асьцярожныя – нельга прадаваць аўтарытарным рэжымам, якія ў мінуўшчыне аказаліся агрэсарамі, зброі, ваенных тэхналёгіяў ці прыладаў, якія могуць быць выкарыстаныя да перасьледу грамадзян.

Падзеі ў Афрыцы сьведчаць пра тое, што аўтакратычныя рэжымы не зьяўляюцца такімі стабільнымі, як магло б здавацца, а будаваньне дэмакратыі на грузах рэжыму – заданьне вельмі складанае, рызыкоўнае й дарагое. Навука, якая з гэтага вынікае для ўсходняй палітыкі – ясная: трэба ўмацоўваць хісткія дэмакратыі, каб не дапусьціць вяртаньня аўтарытарных тэндэнцый. Ва ўсходнім суседзтве маем дачыненьне з трыма няпэўнымі дэмакратыямі – на Ўкраіне, у Малдове й Грузіі. У выпадку гэтых дзяржаў прэвэнтыўныя дзеяньні азначалі б большае заангажаваньне ў адносінах з грамадзянамі й дапамогу ў будове ключавых інстытутаў для ўмацаваньня дэмакратыі. Асабліва аднак трэба сфармуляваць цікавую прапанову, якая матывавала б грамадзян гэтых краін да шчыльнейшага супрацоўніцтва з Эўразьвязам. У выпадку краін Усходняй Эўропы гэта: бязьвізавы рух ды пэрспэктыва адкрыцьця рынку ў важных для ўсходніх эканомік сэктарах – сельскагаспадарчым і паслугаў.

Незалежна ад спэцыфікі паасобных рэгіёнаў, Эўразьвяз мусіць браць пад увагу факт, што вынікам падтрымкі дэмакратызацыйных рухаў могуць быць рэвалюцыі й дэстабілізацыя сытуацыі. Падтрымліваючы дэмакратычныя імкненьні беларускіх грамадзянскіх рухаў, трэба лічыцца з тым, што можа выступіць яўны супраціў у дачыненьні да рэжыму. Эўразьвяз павінен быць падрыхтаваны да гэтага і палітычна, і эканамічна.
Можна меркаваць, што брак супольнай рэакцыі Эўразьвязу на падзеі ў Афрыцы толькі ўмацоўвае ўлады Расеі ці Беларусі ў перакананьні, што прамоцыя дэмакратыі – гэта для ЭЗ інструмэнт разбудовы геапалітычных уплываў. У сваю чаргу для Малдовы, Украіны ці Грузіі, а таксама для беларускага грамадзтва – гэта чарговы сыгнал, што Зьвяз мае вялікія праблемы з прызнаньнем рэальнай дапамогі ў крызыснай сытуацыі. ЭЗ павінен падрыхтавацца рэагаваць адэкватна – палітычна й фінансава, калі б беларускія ці расейскія грамадзяне захацелі ажыцьцявіць у сябе дэмакратычныя каштоўнасьці.          

нб