• "Сёньня тэрарызм страціў свой твар"
  • 02.05.2011

Ліквідацыя амэрыканскім вайсковым спэцназам “тэрарыста нумар адзін” Усамы бін Ладэна робіць сьвет больш бясьпечным і паказвае, што праведзеныя ім злачынствы ня могуць заставацца непакаранымі – так на галоўную падзею сёньняшняга дня адрэагаваў Брусэль. Аднак ня ўсе ў сьвеце згодныя з меркаваньнем, што сьмерць стваральніка “Аль-Каіды” дасьць людзям на плянэце больш нагоды да спакою.

У Вашынгтон з усіх канцоў сьвету ідуць віншавальныя тэлеграмы ў сувязі з ліквідацыяй Усамы бін Ладэна. Аднак сьмерць аднаго тэрарыста, хай сабе й такога ўзроўню, як бін Ладэн, не азначае канца вайны з тэрарызмам. Справу Усамы бін Ладэна будуць працягваюць іншыя фанатыкі, тым больш, што “Аль-Каіда” апошнім часам аслабела, а на яе месца пачалі прыходзіць новыя тэрарыстычныя арганізацыі.

Ліквідацыя лідэра “Аль-Каіды” Усамы бін Ладэна можа справакаваць узмацненьне тэрарыстычных актаў у сьвеце. Такое меркаваньне выказаў сёньня кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Станіслаў Козей.

С. Козей: Цяпер пераемнікі бін Ладэна, то бок тыя, хто хацеў бы стаць бін Ладэнамі – ІІ, пяроймуць пасьля яго сьмерці сымбалічны штандар сусьветнага тэрарызму. Такім чынам, варта чакаць у некаторых месцах тэрарыстычных апэрацый.

Хто можа стаць ахвярай помсты тэрарыстаў? Паводле палітоляга, прафэсара Ягелёнскага Ўнівэрсытэту Міхала Харасьніцкага, аб’ектам нумар адзін для тэрарыстаў стане Пакістан. Менавіта на яго тэрыторыі адбылася апэрацыя па ліквідацыі Усамы бін Ладэна, а мясцовыя спэцслужбы шчыльна супрацоўнічалі з амэрыканцмі.

М. Харасьніцкі: З-за свайго геаграфічнага разьмяшчэньня й колькасьці насельніцтва, Пакістан зьяўляецца вельмі важнай краінай рэгіёну. Самае страшнае тое, што Пакістан мае атамную зброю. Можна ўявіць сабе “чорны сцэнар”, калі б тэрарысты авалодалі пакістанскай атамнай зброяй. Гэта самае страшнае, што можа здарыцца, а найгоршае тое, што такога разгортваньня падзеяў нельга выключыць.

У сваю чаргу міністар нацыянальнай абароны Польшчы Богдан Кліх кажа, што ўзровень тэрарыстычнай пагрозы з-за сьмерці бін Ладэна ў Польшчы не зьмяніўся.

Б. Кліх: З поўнай адказнасьцю заяўляю, што нашыя службы не інфармавалі пра рост тэрарыстычнай пагрозы. І яна не павялічыцца, бо наша краіна не зьяўляецца стрыжнем у гэтай разгалінаванай сетцы тэрарыстычных арганізацый. Але што датычыць іншых краінаў захаду, то яны павінны ўлічваць небясьпеку помсты. Мэта тэрарыстаў – гэта палітычны вынік, так было і ў Нью-Ёрку, і ў лёнданскім мэтро, і ў Мадрыдзе. Таму ў некаторых заходніх краінах меры бясьпекі павінны быць на самым высокім узроўні.

Паводле аналітыкаў, сьмерць Усамы бін Ладэна істотна не паўплывае на сытуацыю на сусьветных рынках. Гаворыць Ірэнэуш Яблоньскі з Цэнтру імя Адама Сьміта.

І. Яблоньскі: Усама бін Ладэн ужо даўно не кіраваў “Аль-Каідай”, ён быў, хутчэй, сымбалем. Апрача таго, апошнім часам было заўважана шмат іншых палітычных рухаў на Блізкім усходзе, пратэстаў у арабскіх краінах, незалежных ад “Аль-Каіды”. Таму ня варта чакаць істотных зьменаў на фінансавых рынках, бо яны працавалі незалежна ад бін-ладэнаўскай “Аль-Каіды”.

Паводле Лукаша Квеценя з Pioneer Pekao Inwestment Management S.A., сёньняшняя падзея можа стаць нагодай для невялікіх спэкуляцыйных дзеяньняў. Але яны будуць мець, хутчэй за ўсё, абмежаваны характар.

Л. Квецень: Гэта можа стаць выгаднай нагодай, каб рэалізваць прыбыткі й трошкі зьменшыць цэны на золата, серабро альбо нафту. Пастаянная небясьпека на Блізкім Усходзе, а апошнім часам і ў Паўночай Афрыцы была для гэтых тавараў рухавіком, які павялічваў на іх попыт.

“Галоўны вынік сьмерці бін Ладэна – гэта палітычны эфэкт”, – лічыць амэрыканіст Богдан Шклярскі. “Палітычныя дэвідэнты атрымае Барак Абама, які як раз нядаўна аб’явіў, што пойдзе на другі прэзыдэнцкі тэрмін”, – дадае камэнтатар.

Б. Шклярскі: У тэрарызму твар Усамы бін Ладэна, так як у аўтарытарызму быў твар Садама Хусэйна. Сёньня тэрарызм страціў свой твар, і менавіта так людзі гэта ўспрымуць. Шэрыф Абама перамог дрэннага Усаму бін Ладэна. Гэта вельмі важны дзень для амэрыканцаў.

54-гадовы Усама бін Ладэн лічыўся адным зь 10-ці самых небясьпечных і найбольш расшукваемых тэрарыстаў на сьвеце. Ён падазраваўся ў арганізацыі замахаў на амбасаду ЗША ў Найробі й Дар-эс-Салам. Амэрыканцы лічаць бін Ладэна арганізатарам замаху на нью-ёркскі World Trade Center і сядзібу Пэнтагону ў Вашынгтону 11 верасьня 2001 году. У выніку гэтых замахаў загінулі каля 3 тысяч чалавек.

дг