• 2 траўня – дзень палякаў за мяжой
  • Audio3.46 MB
  • 02.05.2011

2 траўня ў Польшчы адзначаецца дзень польскай дыяспары ды палякаў за мяжой. Гэтае сьвята было зацьверджанае Сэнатам (верхняй палатай польскага парлямэнту) дзесяць гадоў таму ў знак прызнаньня ўкладу польскай дыяспары ў барацьбу за незалежнасьць Польшчы. З нагоды сьвята інтэрвію Польскаму Радыё даў сьпікэр Сэнату Богдан Барусэвіч.

Дзень палякаў за мяжой сьвяткуецца, каб выказаць павагу ўсім тым, хто ня страціў повязь з польскай культурай, захаваў сваю мову й самасьвядомасьць. У гэты дзень арганізоўваюцца ўрачыстасьці перадусім у асяродках палякаў за мяжой – кажа сьпікэр Сэнату Богдан Барусэвіч.

Б. Барусэвіч: Гаворка ідзе ня толькі пра падзяку, але й пра падтрымку. Менавіта таму ў гэты дзень мы арганізоўваем ўрачыстасьці па-за межамі Польшчы. Мінулым разам мы былі ў Санкт-Пецярбургу. Сёлета мы будзем адзначаць сьвята ў Віньніцы ва Ўкраіне – там, дзе знаходзяцца самыя вялікія асяродкі палякаў. Гэта Жытомірская, Хмяльніцкая, Віньніцкая вобласьці. Стасунак мясцовых уладаў да польскай меншасьці там вельмі прыхільны. Мы падтрымліваем нашых суайчыньнікаў ня толькі фінансава, але й палітычна. Выразам такой палітычнай падтрымкі будзе мой прыезд у Віньніцу, дзе мы сустрэнемся са сьпікэрам Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Напрацягу 20 гадоў Польшча выдала на падтрымку палякаў за мяжой каля 800 мільёнаў злотых. Гэтыя сродкі пайшлі перш за ўсё на фінансаваньне польскіх школаў, курсаў польскай мовы ды падтрымку арганізацыяў, якія займаюцца разьвіцьцём польскай культуры за мяжой, – паведаміў  Богдан Барусэвіч.

Б. Барусэвіч: Галоўнае, што гэтыя сродкі выдзяляюцца сыстэматычна. І гэта бачна. Дзякуючы такой сыстэматычнасьці арганізацыі польскай меншасьці маглі ўмацавацца. Стварылася неабходная адукацыйная інфраструктура. Перадусім мы падтрымлівалі палякаў, які жывуць у нашых усходніх краінах – суседзях. Цяпер жа мы можам глядзець і ў іншых накірунках – на Захад, на Поўдзень. Канешне, у некаторых краінах у арганізацыяў польскай меншасьці ўзьнікаюць праблемы – але гэта праблемы палітычнага, а не фінансавага характару. Я маю на ўвазе Беларусь, Летуву. Зразумела, меншасьць заўсёды мае праблемы з большасьцю.

У Беларусі ўрачыстасьці, зьвязаныя з Днём палякаў за мяжой, будуць спалучаныя са сьвяткаваньнем Дня канстытуцыі 3 траўня, – паведаміла нам старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Арэхва. Разам з прадстаўнікамі консульства палякі Гарадзеншчыны ўскладуць кветкі да помнікаў паэту Адаму Міцкевічу й пісьменьніцы Элізе Ажэшка, памятных дошак у гонар ксяндза Максыміліяна Кольбэ, палітыка-рэфарматара Антонія Тызэнгаўза, – кажа старшыня Саюза палякаў Анжаліка Арэхва.

А. Арэхва: Спачатку адбудзецца імша ў касьцёле, а пасьля мы ўскладзем кветкі да памятных табліцаў і помнікаў выбітных палякаў у Горадні. Акрамя таго, адбудзецца канцэрт, падрыхтаваны дзецьмі са школы Саюза палякаў і польскай школы ў Горадні.

Непрызнаваны афіцыйным Менскам Саюз палякаў Беларусі ўдзячны за падтрымку, якую яму аказваюць грамадзкія арганізацыі Польшчы й польскія ўлады. У вялікай ступені дзякуючы ёй Саюзу палякаў ўдалося пратрымацца – кажа Анжаліка Арэхва.

А. Арэхва: Мы гэтую падтрымку адчуваем, і ў шмат у чым дзякуючы ёй існуем увесь гэты час. Нашыя мерапрыемтвы мы ладзім разам з польскім консульствам у Горадні. Падтрымка, безумоўна, ёсьць.

Анжаліка Арэхва павіншавала ўсіх палякаў замежжа, падзякавала ім за падтрымку й выказала спадзяваньне, што палякі ў Беларусі калі-небудзь таксама змогуць свабодна разьвіваць сваю мову ды культуру й карыстацца падтрымкай беларускай дзяржавы. 

 
Аляксандар Папко