• Агляд друку
  • 04.05.2011

Усе сёньняшнія выданьні на першых палосах пішуць пра сьмерць Усамы бін Ладэна.

 

Вашынгтон спадзяецца, што сьмерць кіраўніка Аль-Каіды стане зваротным пунктам у вайне з тэрарызмам, - камэнтуе „Rzeczpospolita”.
Такога энтузіязму й такога аднадумства ў ацэнках даўно ўжо не было, прынамсі на Захадзе. Усіх аб’яднала ў радасьці сьмерць Усамы бін Ладэна.

І правільна, бо сьвет без Усамы не абавязкова будзе больш бясьпечны, але напэўна лепшы. Ня будзе ў ім сымбалю тэрарызму й нянавісьці да заходняй цывілізацыі. Сьмерць сымбалю гэта таксама сымбаль. Больш бясьпечна, відаць, ня будзе, бо цяпер трэба спадзявацца рэваншысцкіх атакаў і ўнутранай барацьбы за лідэрства ў Аль-Каідзе.

Арганізацыя й раней дзейнічала бяз бін Ладэна. Ён хаваўся ў Пакістане, а ягоныя паплечнікі рыхтавалі тэракты ў адлегласьці некалькіх тысяч кілямэтраў у Емэне ці на Сахары. Аднак у працяглай пэрспэктыве зьнішчэньне бін Ладэна можа быць пачаткам паміраньня Аль-Каіды і ісламскага тэрарызму. Не таму, што насьледнікі будуць менш крывавыя, бо напэўна так ня будзе, але таму, што ня змогуць заступіць бін Ладэна ў якасьці жывога сымбалю адпомсты сьвету ісламу за нібыта заходняе наступленьне, - напісала „Rzeczpospolita”.

У сваю чаргу галоўны рэдактар штодзёнкі „Gazetа Wyborcza” Адам Міхнік піша:
„Ня трэба радавацца чужой сьмерцю. Таксама сьмерцю таго, хто доўгія гады нёс сьмерць сотням і тысячам невінаватых людзей.

Калі б бін Ладэна судзілі ў Эўрапейскім Зьвязе, яго напэўна не пазбавілі б жыцьця, нягледзячы на тое, што ён сам не шкадаваў тых, каго лічыў сваім ворагам. Яго фанатызм, цынізм і бязьмежная прага дэструкцыі выклікалі боязь і заклапочанасьць. А сёньня мы пра яго гаворым у мінулым часе.

Несумненна, ісламскі фанатызм і тэрарызм маюць грамадзкія й гістарычныя карані. Такія карані былі таксама ў фашызму й бальшавізму. Аднак сьмерць Гітлера, Чаўшэску, акрамя трагічнага вымярэньня, была таксама доказам неадабрэньня зла чалавекам. Тыя, хто быў сейбітам сьмерці, усталёўваў зло і зьвертства, былі зьнішчаныя.

Не гавораць дрэнна аб памерлых, але пра тых памерлых – Гітлера, Чаўшэску, бін Ладэна – трэба гаварыць дрэнна й трэба гаварыць многа. Як папярэджаньне” – напісаў галоўны рэдактар „GW” Адам Міхнік.


Суд у Любліне адмовіў беларускаму рэжыму ў выдачы прадпрымальніка Аляксандра К. Прадпрымальнік лічыць, што яго перасьлед зьвязаны з апазыцыйнай дзейнасьцю ягонага бацькі, і што на радзіме ён ня можа разьлічваць на справядлівы прысуд, - чытаем у выданьні „Dziennik Wschodni”.

- Суд акрамя юрыдычна-крымінальнага аспэкту правяраў, ці ў Беларусі прытрымліваюцца правоў чалавека, - паведаміў Артур Азімэк, прэс-сакратар Акруговага суду ў Лібліне. - Суд зрабіў выснову, што спосаб правядзеньня працэсу ў дадзенай справе паказвае на неаб’ектыўнасьць беларускай судовай сыстэмы. Рашэньні, якія прымаліся ў дачыненьні да Аляксандра К., не зьмяшчаюць ні доказаў, ні матываў.

-Гэта ўжо трэцяе рашэньне ў гэтай справе: у першым суд не пагадзіўся на экстрадыцыю, у другім – дазволіў, - расказвае адвакат беларуса Анджэй Лятох. – Я рады, што ў трэцім працэсе суд  прыняў аргумэнты абароны й не дазволіў выдачу прадпрымальніка беларускаму боку.
Нагадаем, справа Аляксандра К. цягнецца ад пачатку 2007 году. Беларускі пракурор падазрае яго ў махлярстве на мяжы, у тым, што бізнэсовец на падставе фальшывых дакумэнтаў перавозіў з Польшчы ў Беларусь тавары й не плаціў за іх ні падаткаў, ні пошліны.

Цяпер Андрэй К. займаецца бізнэсам у Польшчы, - чытаем у газэце „Dziennik Wschodni.”

 

100 млн. злотых і больш страцілі ВНУ ў выніку новаўвядзеньняў, якія забараняюць ім класьці ў банк грошы, атрыманыя ў якасьці дзяржаўнай даплаты, - піша „Dziennik. Gazeta Prawna”.

Дзяржаўныя ВНУ заклікаюць Міністэрства фінансаў адмяніць гэтае правіла. Тэарэтычна, уведзеныя летась правілы павінны скараціць выдаткі дзяржбюджэту. На практыцы не скарыстаў ніхто – ні бюджэт дзяржавы, ні ВНУ. Навучальныя ўстановы зараблялі на ашчадных укладах у банках немалыя грошы. Прызначалі іх на стыпэндыі, на матывацыйныя дадаткі для выкладчыкаў, на рамонты, іг.д. Але Міністэсртва фінансаў сказала: стоп. Такім чынам імкнулася ліквідаваць мэханізм, згодна зь якім банкі за грошы, укладзеныя ВНУ, куплялі дзяржаўныя аблігацыі. – Патрабуюць ад нас гаспадарлівасьці, тым часам рашэньне Мінфіна падвяргае гэтую ідэю, – кажа адзін з рэктараў. Ён патлумачыў, што раней, калі ў студзені атрымаў датацыю на тры месяцы, плаціў рахункі, і тое, што засталося, ўкладаў у банк. Прынцыпы выплаты датацыі засталіся бязь зьменаў. Уведзена забарона ўкладаць грошы на рахунак.

На мінулым тыдні „Dziennik. Gazeta Prawna” запытала ў Міністэрстве фінансаў, колькі дзяржаўны бюджэт зэканоміў, дзякуючы гэтым зьменам. Дагэтуль няма адказу.

Я.С.