• Агляд польскага друку
  • 05.05.2011

 

“У Беларусі крызыс забаронены” – пад такім загалоўкам выданьне “Rzeczpospolita” друкуе на сваіх эканамічных старонках інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі. Беларускія ўлады забаранілі СМІ паведамляць пра эканамічны крызыс. Краіну магла б уратаваць ужо нават не дэвальвацыя нацыянальнай валюты, а ўвядзеньне расейскага рубля замест беларускага.

Уладзімер Зіноўскі, старшыня Дзяржкамстату Беларусі, паведаміў, што ў выніку валютнага крызысу каля 600 тыс. чалавек спынілі сваю прафэсійную дзейнасьць. Яны мелі ўласныя фірмы, якія займаліся імпартам тавараў або базаваліся на імпартаваных камплектуючых і сыравіне. У выніку адсутнасьці валюты на рынку праца гэтых прадпрыемстваў стала немагчымай.

Пасьля таго, як выказваньне Зіноўскага паказалі й надрукавалі дзяржаўныя СМІ, адміністрацыя прэзыдэнта Лукашэнкі правяла ў Горадні адмысловы сэмінар для галоўных рэдактараў газэт. Чыноўнікі рашуча рэкамэндавалі больш не пісаць пра валютны крызыс, беспрацоўе ды рост цэнаў. Але напісала пра гэта апазыцыйная “Наша Ніва”. У выніку ўрад напрыканцы красавіка распачаў працэдуру яе закрыцьця. Такім жа чынам паступілі з іншым незалежным выданьнем “Народная воля”.

Улады ня робяць нічога, каб палепшыць эканамічную сытуацыю. Яны намераны пачакаць, пакуль людзі прывыкнуць да высокіх цэнаў і дэфіцытаў, каб пазьней, калі ўжо ня будзе іншага выйсьця, абясцэніць беларускі рубель без грамадзкіх пратэстаў. Праўда, паявіліся галасы, што найлепшым выйсьцем для Беларусі было б увядзеньне расейскай валюты, але ўрад заявіў, што пакуль што гэтага не плянуе. Словы “пакуль што” азначаюць, што такі варыянт бярэцца пад увагу.

“Беларусь нагадвае Польскую Народную Рэспубліку ў часы яе кіраўніка Эдварда Герэка. Краіна Лукашэнкі жыве ў крэдыт. Эканоміка малаэфэктыўная, яна абапіраецца на састарэлую прамысловасьць ды імпарт”, - адзначае Веслаў Пакладэк, эканамічны супрацоўнік польскай амбасады ў Менску.

Але беларускія ўлады ўпарта заяўляюць, што ў дзяржаве няма ніякіх дэфіцытаў тавараў.

 

Матч за кубак Польшчы паміж варшаўскім ды познаньскім клюбамі, які адбыўся ў аўторак у Познані, закончыўся чарговым скандалам. Пра гэта чытаем у выданьні “Gazeta Wyborcza”. Хуліганы ўнесьлі й запалілі дымавыя шашкі, а некаторыя зь іх выбегалі па стадыён і біліся з ахоўнікамі.

На ўсё гэта глядзелі прадстаўнікі Эўрапейскай фэдэрацыі футболу, якія прыехалі паглядзець, як адбываюцца матчы ў Польшчы. Нагадаем, што праз год краіна ладзіць чэмпіянат Эўропы па гэтым спорце. Цяпер здымкі з масавых беспарадкаў без праблем можна знайсьці ў інтэрнэце. А ў Польшчы ніхто не жадае браць на сябе адказнасьць за здарэньні. Усе футбольныя дзеячы толькі заяўляюць, што віноўных неабходна прыцягнуць да адказнасьці. Паліцыя гаворыць, што яна наводзіць парадак на стадыёнах толькі тады, калі да яе зьвернуцца па дапамогу, а ў гэтым выпадку такой просьбы не было.

З рэзкай заявай выступіў прэм’ер-міністар Дональд Туск. “Некаторыя службы спадзяваліся, што магчыма дайсьці да паразуменьня з хуліганамі. Да таго часу, пакуль па адным баку барыкады ня стануць дзяржаўныя ўлады, паліцыя ды футбольныя клюбы, мы будзем праігрываць з насільлем на стадыёнах, - сказаў прэм’ер-міністар. - Здаецца, што сёньня своеасаблівы сымбіёз футбольных уладаў з арганізацыямі заўзятараў, за якімі стаяць хуліганы, а часам і звычайныя злачынцы, зьяўляецца адной з прычын слабасьці. У мяне такое ўражаньне, што ў некаторых месцах хуліганы здамінавалі легальныя ўлады спартыўных арганізацый”, - дадаў Туск. І заявіў пра жорсткую барацьбу з хуліганамі на стадыёнах.

 

Расейскія банкі слабейшыя, чым перад апошнім эканамічным крызысам 3 гады таму. Пра гэта сьведчаць стрэс-тэсты, праведзеныя мясцовым цэнтральным банкам – піша “Dziennik – Gazeta Prawna”. Пасьля апошняга крызысу банкрутавала 116 банкаў, а на гэты раз іх было б удвая больш, а банкаўская сыстэма страціла б палову капіталу. Страты для расейскай эканомікі ў выніку падзеньня банкаў склалі б звыш 5% ВУП. Для параўнаньня – страты японскай эканомікі ў выніку цунамі склалі прыкладна 2-4% ВУП.

У чым заключаліся стрэс-тэсты расейскіх банкаў? Упершыню дасьледавалася патэнцыйная сытуацыя, калі б паявіліся некалькі пагрозаў у адным часе. Гаворка ідзе пра ваганьні курсаў валют ды каціровак на біржы з аднаго боку ды масавае выбіраньне ўкладаў насельніцтвам з другога. Тры гады таму грамадзяне забралі з банкаў каля адной пятай усіх сваіх ашчаднасьцяў. У выпадку юрыдычных асобаў гэты паказчык склаў 10 адсоткаў. Але самай вялікай праблемай для расейскіх банкаў быў бы рост гэтак званых дрэнных крэдытаў, калі людзі ня могуць сплачваць узятых пазыкаў. У выпадку крызысу кожны шосты крэдыт мог бы стаць праблемным. Крэдыты, якія цяжка сплачваюцца, ужо цяпер складаюць каля 10% усіх пазыкаў, узятых у расейскіх банках.   
 

нг