• Польскія цэнтральныя выданьні пішуць пра...
  • 06.05.2011

 

Паказушныя працэсы ў Менску – піша “Gazeta Wyborcza”. Беларускі суд вынес прысуды чарговым удзельнікам антыўрадавых дэманстрацый 19 сьнежня. Чатыры гады атрымаў 23-гадовы хлопец, які спаліў партрэт Лукашэнкі.

Працэс пяці ўдзельнікаў пратэстаў, які працягваўся пяць дзён, завершыўся ўчора. Трое падсудных атрымалі тры, а двое чатыры гады зьняволеньня. Павел Вінаградаў атрымаў чатыры гады, бо ў ягоным кампутары міліцыя знайшла здымкі, на якіх бачна, як ён паліць партрэт Лукашэнкі.

Значна больш доўгія тэрміны могуць атрымаць былыя кандыдаты ў прэзыдэнты. Андрэя Саньнікава й Уладзімера Някляева рэжым лічыць выключна небясьпечнымі канкурэнтамі, паколькі яны маглі б прадпрыняць спробу аб’яднаць апазыцыю. Ім пагражае да 15 гадоў турмы.

На думку палітолягаў, працэсы – гэта дэманстрацыя сілы, а іх вынік загадзя вядомы. Улады баяцца, што апазыцыя магла б выкарыстаць эканамічны крызыс і незадавальненьне грамадзтва. Таму яны дэманструюць сілу й паказваюць, што ўсе пратэсты будуць брутальна падаўлены. Больш падрабязна пра працэсы ўдзельнікаў сьнежаньскіх дэманстрацый слухайце ў нашых перадачах.

 

Камэнтатар выданьня “Rzeczpospolita” піша пра праект Норд Стрым – Паўночная плынь - гэта трубаправод, па якім пойдзе газ з Расеі ў Заходнюю Эўропу, перш за ўсё ў Нямеччыну. Гэты праект не дае Польшчы ніякай карысьці. Гэта пагадненьне, заключанае паміж Нямеччынай ды Расеяй, а за ім стаяць вялікія эканамічныя ды палітычныя інтарэсы.

Многія ўжо забылі, што Герхард Шродэр, з якім сяброўскія кантакты ўтрымліваў кіраўнік польскага ўраду Лешак Мілер, спачатку падпісаў гэты кантракт, будучы кіраўніком нямецкага ўраду, а пазьней прыняў пасаду ў расейскай-нямецкім прадпрыемстве. У сваю чаргу Расея ніколі не скрывала, што карыстаецца сваёй пазыцыяй імпартэра газу ды нафты дзеля таго, каб аказваць націск на ўпартыя краіны. Некалькі гадоў таму Радаслаў Сікорскі, цяпер міністар замежных спраў Польшчы, параўнаў расейска-нямецкую дамову з пактам Молатава-Рыбэнтропа. Дзьве імперыі над галавой Польшчы падпісалі пагадненьне, якое можа Польшчы пашкодзіць.

Польскія ўрады стараліся сарваць ажыцьцяўленьне дамовы, але ім гэта не ўдалося. Не ўдалося нават дамагчыся, каб труба была пракладзена настолькі глыбока, каб не перашкаджала караблям, якія заходзяць у польскі порт.

Што ж, Польшча праіграла. Цяпер неабходна зрабіць з гэтага высновы на будучыню. Няхай вялікая труба нагадвае польскім урадам, што Расея й Нямеччына – гэта ня толькі суседзі, з якімі трэба будаваць добрыя адносіны, але перш за ўсё імперыі, якія клапоцяцца аб уласных інтарэсах.

 

Лякальныя ўлады Мазавецкага ды Вялікапольскага ваяводзтва прынялі рашэньне аб закрыцьці для заўзятараў стадыёнаў футбольных клюбаў Легія й Лех. Справу апісвае “Dziennik – Gazeta Prawna”. Нэгатыўныя рашэньні пра ўзровень бясьпекі на стадыёнах выдалі камэнданты паліцыі. 

Пасьля таго, як у аўторак матч за Кубак Польшчы ў Быдгашчы пераўтварыўся ў бойку заўзятараў, з рэзкай заявай выступіў прэм’ер-міністар Дональд Туск, які сказаў, што сытуацыя не павінна паўтарыцца, а дзяржава будзе змагацца з хуліганамі таксама жорстка, як са спайсамі. Аднак адмыслоўцы адзначаюць, што апрача адміністрацыйных дзеяньняў, неабходна яшчэ зьмяніць падыход паліцыі. Бяз гэтага не ўдасца гарантаваць бясьпеку на стадыёнах падчас чэмпіянату Эўропы па футболе, які пройдзе ў Польшчы ды Ўкраіне праз год.

На думку паліцыйных экспэртаў, неабходна браць прыклад з ангельскай паліцыі, якая адразу затрымлівае самых агрэсіўных хуліганаў. Менавіта такая тактыка дазволіла брытанскай паліцыі перамагчы вайну з хуліганамі падчас футбольных матчаў. А польская паліцыя пераважна абмяжоўваецца толькі да назіраньня за падзеямі. Яе кіраўніцтва баіцца, што палітыкі раскрытыкуюць іх надта актыўныя дзеяньні.

 

Учора польскія выпускнікі сярэдніх школаў пісалі экзамен па матэматыцы. Другі раз за апошнія звыш 25 гадоў гэта быў абавязковы іспыт на атэстат сталасьці. “Gazeta Wyborcza” друкуе размову з матэматыкам Марцінам Карпіньскім, які адзначае, што сёлета заданьні былі цяжэйшыя, чым летась. У чым загана большасьці задач? Яны надта абстрактныя, не хапае такіх, якія паказвалі б маладым людзям, што матэматыка ім патрэбная ў звычайным жыцьці. Напрыклад, даецца заданьне палічыць сінус, а не, напрыклад, палічыць, пад якім вуглом неабходна пракласьці лесьвіцу. “Нельга забываць, што трыганамэтрыяй карыстаюцца ня толькі інжынеры, а таксама рамесьнікі”, - адзначае Карпіньскі.

Ён таксама гаворыць, што настаўнікі самі часта баяцца матэматыкі, паколькі яны не здавалі яе на атэстат сталасьці, а ў ВНУ таксама яна выкладаецца на невысокім узроўні. Таму настаўнікі з самага пачатку, ад першых клясаў, заражаюць школьнікаў страхам перад матэматыкай. Прымушваюць карыстацца схемамі, а не ўласнай інтуіцыяй. Гэта можа заблякаваць вучняў нават да канца жыцьця.

нг