• Беларусы павінны самі вырашыць, ці пераступіць парог Эўропы
  • Audio5.75 MB
  • 06.05.2011

Сёньня - апошні дзень візыту ў Польшчы швэдзкай дэлегацыі на чале з каралём Карлам XIV Густавам. Швэдзкі манарх знаходзіцца зь першым у гісторыі візытам у Польшчы.

У рамках згаданага візыту Польшча й Швэцыя падпісалі Дэклярацыю аб стратэгічным супрацоўніцтве ў галіне замежнай палітыкі, бясьпекі й абароннай палітыкі.

Нашым суразмоўцам зьяўляецца Карл Більт – міністар замежных справаў Швэцыі. 

Спарад міністар! Як Вы ацэньваеце польска-швэдзкае супрацоўніцтва? Праект „Усходняга партнэрства” - гэта найбольш вядомая супольная ініцыятыва, але апрача яе ёсьць таксама іншыя важныя справы, па якіх Польшча й Швэцыя супрацоўнічаюць?

Карл Більт:  Сапраўды, гэты праект найбольш вядомы, паколькі гэта найбуйнейшы наш супольны ўклад у стварэньне эўрапейскай палітыкі цягам апошніх гадоў. Апрача Лісабонскага пагадненьня, гэта быў адзін з найважнейшых аспэктаў разьвіцьця эўрапейскай палітыкі - натуральны вынік цеснага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Швэцыяй. Абедзьве краіны ў значнай ступені прадстаўляюць падобнае стаўленьне ў многіх стратэгічных галінах. Мы згодныя што да напрамку, у якім павінен накіроўвацца Эўразьвяз. Падчас візыту Польшча й Швэцыя падпісалі дэклярацыю аб стратэгічным супрацоўніцтве ў многіх важных галінах.

Вяртаючыся да «Ўсходняга партнэрства» - ініцыятывы, якая ўжо змагаецца з рознымі праблемамі, напрыклад, у выпадку Беларусі. Ці, паводле Вас, ёсьць шанец на тое, каб праграма стала сапраўдным шляхам набліжэньня адносінаў між Эўразьвязам і ягонымі ўсходнімі суседзямі?

Карл БільтЯ думаю, што мы ўжо заўважаем акрэсьлены посьпех у адносінах з большасьцю краін, ахопленых праграмай. Зразумела, Беларусь зьяўляецца значным і трагічным выключэньнем. Сам Аляксандар Лукашэнка вырашыў, што ён хоча накіроўвацца ў іншым напрамку, і распачаў хвалю рэпрэсіяў, якая ў Эўропе не назіралася з часоў ваеннага становішча ў Польшчы. Зразумела, мы маглі б гэта прадухіліць, але мы выразна сказалі, што няма нічога задарма. Беларусь апынулася на мяжы эканамічнага крызысу. Усе, уключна з Лукашэнкам, ведаюць, што дзьверы Эўропы адчыненыя, але толькі яны, самі беларусы, могуць вырашыць, ці пераступіць парог.

Якія дзеяньні павінны быць прадпрынятыя?

Карл БільтЯ думаю, што гэта залежыць ад сытуацыі ў самой Беларусі. Пакуль там назіраецца сур’ёзны эканамічны хаос, а многія палітычныя працэсы ў згаданай краіне - гэта прыклады адчаю рэжыму. Ці я спадзяюся раптоўнай, нечаканай зьмены да лепшага? Не, наадварот. Паводле мяне, пакуль здарацца нейкія зьмены, Беларусь будзе пагружацца ў крызысе. Ці цяперашняя сытуацыя ў Беларусі стабільная й можа такой застацца працяглы час? Напэўна, не. Яна павінна памяняцца.

Скажыце, калі ласка, як Польшча й Швэцыя могуць выкарыстаць час польскага старшынства ў Эўразьвязе, каб замацаваць ініцыятыву «Ўсходняга партнэрства»?

Карл Більт:  Думаю, што Эўрапейская палітыка суседзтва наогул будзе важнай тэмай. Калі разглядаць дзеяньні, якія трэба прадпрыняць, то, па-першае, варта завершыць чальцоўскія перамовы з Харватыяй. Апрача таго, Сэрбія павінна атрымаць статус кандыдата ў Эўразьвяз яшчэ ў сьнежні бягучага году, калі гэта будзе магчыма. Гэта быў бы важны крок дзеля стабілізацыі ва ўсім рэгіёне. Трэба таксама закончыць перамовы па справе асацыяцыі й свабоднага гандлю з Украінай. Гэта таксама быў бы крок у напрамку Эўразьвязу. Апрача таго, ёсьць шмат іншых праблемаў, якія, я спадзяюся, будуць вырашаныя падчас польскага старшынства ў ЭЗ.

Якія дзеяньні, паводле Вас, эўрапейскія краіны павінны прадпрыняць у дачыненьні да Паўночнай Афрыкі й Блізкага Ўсходу, каб падтрымаць дэмакратычныя рухі ў гэтых рэгіёнах?

Карл БільтЯ лічу, што апрача нашага заангажаваньня ў Лібіі, важным этапам польскага старшынства будуць парлямэнцкія выбары ў Эгіпце – буйной краіне, дзе пражывае больш за 80 млн. чалавек. Некалькімі месяцамі пазьней эгіпцяне ўпершыню цягам 5 тысячаў гадоў выбяруць свайго лідара шляхам прэзыдэнцкіх выбараў. Падтрымка Эгіпту, гэта асноўная справа, якую Эўразьвяз можа зрабіць для Паўночная Афрыкі. Апрача таго, важным быў бы які-колечы ўклад у мір на Блізкім Усходзе.

Калі ўжо гаворка ідзе на гэтую тэму, ці, паводле Вас, Эўразьвяз павінен падтрымаць новы палестынскі ўрад, які ўзьнікне ў выніку пагадненьня, заключанага між дзьвюма групоўкамі Палестынскай Аўтаноміі: Фатахам і Хамасам?

Карл БільтПакуль мы ня ведаем падрабязнасьцяў пагадненьня, якое было заключана ў Каіры, але, думаю, што так. Падзел паміж палестынцамі, паміж Заходнім Берагам і Сэктарам Газа ўскладняе працэс стварэньня дзяржавы й заключэньня міру. Калі мясцовым жыхарам удасца пераадолець згаданыя падзелы, то гэта дасьць шанец на заканчэньне стварэньня палестынскай дзяржавы й стабілізацыю міратворчага працэсу ў рэгіёне. Мы павінны адкрыта ставіцца да новых рашэньняў і ўважліва назіраць за тым, што там адбываецца.

- гаварыў міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт.

аз