• Агляд польскага друку
  • 07.05.2011

Польская штодзёнка “Rzeczpospolita” прысьвячае вядомаму журналісту й апазыцыйнаму польскаму актывісту ў Беларусі Анджэю Пачобуту вялізарны артукул. Кіраўнік Галоўнай рады Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут ужо месяц знаходзіцца пад арыштам. Яго абвінавачваюць ў абразе гонару Аляксандра Лукашэнкі ў арыткулах, якія ён друкаваў у польскай прэсе. У чацьвер увечары ў прыватным блёгу журналіста зьявіўся ягоны турэмны ліст, у якім ён дзякуе людзям за падтрымку ды зазначае, што чакае з нецярплівасьцю на судовы працэс.

“Гэта будзе вельмі вясёлая, нават камэдыйная падзея”, – прагназуе Пачобут. Пры гэтым журналіст падкрэсьлівае, што ня мае ілюзіяў наконт выніку разгляду ягонай справы. Але ў гэтай справе, -- лічыць Пачобут, -- важнейшае значэньне мае працэс, а ня вынік.

Паводле інфармацыі польскага выданьня, якое цытуе адваката затрыманага журналіста, першы разгляд справы адбудзецца праз два тыдні. Пакуль жа суд адмовіўся выпусьціць Пачобутa з арышту пад падпіску аб нявыезьдзе, матывуючы гэта тым, што журналіст можа ўцячы альбо нашкодзіць сьледзтву. Газэта нагадвае, што Анджэя Пачобута затрымалі 6-га красавіка, падчас выезду з Горадні ў Менск, дзе журналіст плянаваў узяць удзел у тэлеканфэрэнцыі з дэпутатамі Эўрапейскага парлямэнту. Паводле словаў адваката, сьледзтва яшчэ не прадставіла канчатковы абвінаваўчы акт, і Пачобут яшчэ не зазнаёміўся з матэрыяламі справы. Толькі пасьля гэтага можна будзе казаць пра судовы разгляд. На дадзены момант журналісту пагражае два гады турмы, аднак пракуратура можа зьмяніць абвінавачаньня з абразы на зганьбеньне прэзыдэнта, за што пагражае чатыры гады турму.

Паводле польскага выданьня, перасьлед Пачобута з боку беларускіх уладаў – гэта помста за дзейнасьць у Саюзе палякаў Беларусі ды за журналісцкую працу.

Гэтаксама польскае выданьне зьвяртае ўвагу на іншыя палітычныя працэсы, якія ідуць цяпер у Менску. Гэта суды над апазыцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты ды іх прыхільнікамі. Газэта піша, што беларускія ўлады ня могуць прадставіць пераканаўчых доказаў віны затрыманых у арганізацыі ды ўдзеле масавых беспарадкаў. Аднак, наягледзячы на гэта, усе папярэднія працэсы скончыліся абвінаваўчымі выракамі для затрыманых, у асноўным ад двух да чатырох гадоў турмы – піша польскае выданьне.

ххххххххххххххххххххххххххххххххх

Штодзёнка “Gazeta wyborcza” піша пра судовыя працэсы ў Расеі. На днях маскоўскі суд прыгаварыў да пажыцьцёвага пакараньня  ды 15-ці гадоў лягераў двух нацыяналістаў, якія паўтара гады таму забілі адваката Станіслава Маркелава ды журналістку Анастасію Бабураву. 34-х гадовага адваката забілі ў 2009-м годзе на вуліцы выстралам ў патыліцу. 25-гадовая журналістка спрабавала яго бараніць ды сама загінула. Забойцам: Нікіце Ціхатаву ды яго памагатай Яўгеніі Хасіс было ў той моматн 29 і 24 гады.
Аднак гэтыя маладыя людзі знаходзіліся па розных баках барыкады, якая дзеліць сёньняшнюю Расею. Станіслаў Маркелаў выступаў часта ў судзе супраць нацыяналістычных баявікоў ды бараніў ахвяраў вайсковых злачынстваў у Чачні. Ён выступаў супраць тых, каго нацыяналістычныя колы лічаць “патрыётамі” – піша польская газэта. Напрыклад, ён бараніў інтарэсы чачэнскай сям’і падчас сумнавядомага працэсу палкоўніка Юрыя Буданава.

Ціханаў і Хасіс былі сябрамі скрайне правай нелегальнай арганізацыі “Расейскае нацыянальнае адзінства”. Падчас адной з размоваў, якую запісалі спэцслужбы, Ціханаў заявіў, што калі б не міліцыя, ён прысьвяціў бы ўсяго сябе на забойства такіх людзей, як Маркелаў  ды Бабурава. На ягоную думку, гэта былі ворагі народу. Гэта першае палітычнае забойства ў сёньняшняй Расеі, якое было хутка раскрыта. Напрыклад, ужо 4,5 году мінула пасьля забойства вядомай расейскай журналісткі Анны Паліткоўскай. Сьледства ў гэтай справы скончылася нічым, зазначае польскае выданьне.

ххххххххххххххххххххххххххххххххххх

Штодзёнка “Dziennik - gazeta prawna” піша сёньня пра драматычныя падзеі ў Сырыі. З сакавіка бягучага году ў Сырыі працягваюцца масавыя выступленьні грамадзтва, якое дамагаецца палітычных свабодаў і вызваленьня з турмы крытыкаў дзейснага рэжыму.

Тыдзень таму аўтарытарны прэзыдэнт Сырыі аточыў войскамі прыморскія гарады Баніяс ды Байда. Учора армія спрабавала ўвайсьці ў гэтыя гарады. Гэта не аслабіла рашучасьці дэманстрантаў. Людзі выйшлі жывой сьцяной на вуліцы горада ды спынілі танкі. Паводле паведамленьняў праваабарончых арганізацыяў, з сакавіка ў Сырыі ўлады арыштавалі каля 8 тысяч чалавек. Больш за 600 чалавек загінулі. Сырыя застаецца па сёньняшні дзень адной з найбольш жорсткіх дыктатураў у арабскім сьвеце, -- піша польскае выданьне.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч