• Агляд польскага друку
  • 09.05.2011

 

Менск дэпартуе расейцаў і ўносіць іх у сьпіс неўяздных асобаў, нагледзячы на тое, што паміж Расеяй ды Беларусьсю няма памежнага кантролю, - піша сьвежае выданьне “Rzeczpospolita”. Апошняя аблава на расейскіх праваабаронцаў здарылася ў апошнюю пятніцу. Яны прыехалі ў краіну, каб сачыць за працэсамі ўдзельнікаў сьнежаньскіх пратэстаў. Гэта тры юрысткі, якія прадстаўлялі Міжнародную назіральную місію Камітэту міжнароднага кантролю па сытуацыі правоў чалавека ў Беларусі. У іх кватэру ўвайшлі супрацоўнікі міліцыі, завялі жанчын у міліцыю, дзе ім заявілі, што яны знаходзяцца ў сьпісе асобаў, непажаданых на тэрыторыі Беларусі.

Па словах юрыста з праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, гэта быў перасьлед за дзейнасьць у рамках назіральнай місіі. Ён нагадвае, што гэта ўжо ня першы выпадак выдварэньня зь Беларусі расейскіх, а таксама ўкраінскіх правабаронцаў, якія ўдзельнічаюць у назіральнай місіі. З расейцамі больш праблем, паколькі з Расеяй у Беларусі няма кантролі пашпартоў на мяжы.

Беларускія ўлады закуцікаўлены, каб расейцы не прадставілі аб’ектыўную справаздачу ў сваёй краіне аб працэсах прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Стэфановіч адзначае, што некаторыя дэпартаваныя зь Беларусі расейцы зьяўляюцца дарадцамі самога прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Паводзіны Менску выклікаюць занепакаеньне ў Маскве. Пра гэта сьведчыць заява расейскага МЗС. Міністэрства выказвае шкадаваньне па прычыне таго, што здарылася й спадзяецца, што больш такіх выпадкаў ня будзе. Але Беларусь ігнаруе пазыцыю Расеі. Згаданая заява паявілася за некалькі гадзін да дэпартацыі чарговых расейскіх праваабаронцаў.

Выданьне прыводзіць выказваньні экспэрта па дэманстрацыях, дырэктара Інстытуту дасьледваньня канфліктаў у Бэлфасьце Нэйла Джармана, які адзначае, што ход дэманстрацыі 19 сьнежня быў вельмі дзіўны. Чаму будынак Дому ўраду не ахоўвала міліцыя, чаму супрацоўнікі службаў былі толькі ў сярэдзіне, чаму не прадухілілі атаку? Бальшыня дэманстрантаў паводзіла сябе вельмі спакойна, таму не было патрэбы рэагаваць так брутальна. Міліцыя старалася затрымаць як мага больш людзей. Гэта недапушчальна з пункту гледжаньня міжнародных стандартаў, калі сход носіць мірны характар, - адзначае Джарман.

Экспэрт зь Вялікабрытаніі быў адным з аўтараў рапарту на тэму падзеяў 19 сьнежня. Дакумэнт павінен быў быць прадстаўлены ў Менску на мінулым тыдні, але міліцыя перашкодзіла ў гэтым. Рапарт паявіўся ўжо ў інтэрнэце.

 

“Gazeta Wyborcza” вяртаецца да трагічнага палёту польскага самалёта Ту-154 з прэзыдэнтам Лехам Качыньскім на борце, які разьбіўся ў мінулым годзе ў Смаленску. Экіпаж машыны атрымаў недакладны прагноз надвор’я перад вылетам – у ім ішла гаворка пра лепшыя, чым на самой справе, умовы надвор’я ў Смаленску.

Капітан лайнэра атрымаў прагнозы, у якіх паведамлялася пра пагаршэньне ўмоваў, але й так інфармацыя была не да канца праўдзівая. Быў яшчэ пазьнейшы актуальны прагноз, у якім гаварылася пра рэзкае пагаршэньне ўмоваў, але гэтай інфармацыі капітан самалёта ўжо не атрымаў. Польская пракуратура цяпер правярае, чаму дзяжурны тады на варшаўскім лётнішчы Акэнце супрацоўнік Цэнтру паветраных апэрацый не перадаў экіпажу інфармацыю пра варункі ў Расеі.

“Усе ведалі, наколькі важны гэты палёт. Магчыма, думалі, што калі пазьней надвор’е палепшыцца, а Ту-154 пойдзе на запасны аэрапорт, то на іх будзе ўскладзена адказнасьць за шматгадзіннае спазьненьне ўрачыстасьці ў Катыні”, - ацэньвае адзін зь пілётаў.

Па ацэнцы адмыслоўцаў, калі б апошні, актуальны прагноз дайшоў да капітана, то машына адразу павінна была адправіцца на запасное лётнішча. Яшчэ горшы прагноз паявіўся за 21 хвіліну да катастрофы, перад тым, як самалёт перасёк беларуска-расейскую мяжу. У ім ішла гаворка пра бачнасьць на ўзроўні 500 мэтраў. Калі б экіпаж атрымаў гэтую інфармацыю, то адразу б шукаў запасны варыянт. Прагноз атрымаў старэйшы сыноптык польскай вайсковай службы, але чамусьці да капітана самалёта ён ня быў перададзены.

 

Праз два гады Грэцыі пагражае банкруцтва – паведамляе “Dziennik – Gazeta Prawna”. Калі краіна ня знойдзе капітал на рынках, то зьвернецца да ЭЗ па новую пазыку. Праз год пасьля першага крэдыту аказалася, што лячэньне забіла пацыента. Новая пазыка пойдзе галоўным чынам на выплату старых крэдытаў.

Раней нямецкі “Spiegel” пісаў, што Грэцыя павінна адмовіцца ад эўра й вярнуцца да сваёй нацыянальнай валюты – драхмы. Яе дэвальвацыя дазволіла б краіне стаць больш канкурэнтназдольнай. Гэтую інфармацыю рашуча абвергнуў кіраўнік грэцкага ўраду Георгіас Папандрэу. Сытуацыя ў краіне патрабуе вельмі рашучых дзеяньняў. Згодна рапарту нямецкага аналітычнага цэнтру, Грэцыю чакае банкруцтва ў 2013 годзе, калі завершыцца праграма дапамогі Эўрапейскага Зьвязу ды Міжнароднага валютнага фонду. Найлепшае выйсьце для Грэцыі – адмова ад адзінай  эўрапейскай валюты эўра.      

нг