• Што палякі ведаюць пра Беларусь?
  • Audio27.26 MB
  • 09.05.2011

Што палякі ведаюць пра Беларусь? Гэтае пытаньне было вядучай тэмай сацыялягічнага апытаньня, якое ўжо шосты раз правёў Дасьледчыцкі інстытут „MillwardBrown SMG/KRC Company” . Пра вынікі гэтага апытаньня мы паразмаўляем з прадстаўніком згаданай установы Марыюшам Танішэўскім.

 Скажыце, калі ласка, з чым пеш за ўсё палякам асацыюецца Беларусь?

М. Танішэўскі: Найчасьцей - з асобай Аляксандра Лукашэнкі, але ёсьць значная частка палякаў, для якіх Беларусь зь нічым асаблівым не асацыюецца. Нашую групу палякаў мы падзялілі на дзьве часткі. У якасьці асноўнага крытэрыя мы ўзялі ўзровень ведаў пра апошнія падзеі ў Беларусі. З аднаго боку ёсьць тыя, хто амаль нічога ня ведае пра сытуацыю ў Беларусі, для якіх Беларусь - гэта проста краіна-сусед Польшчы, альбо й гэтага ня ведаюць. Зь іншага боку ёсьць асобы, якія дастаткова добра арыентуюцца ў апошніх падзеях ў Беларусі, гэтыя грамадзяне часьцей за ўсё зьвязаюць суседнюю краіну з Лукашэнкам, яны асацыююць Беларусь з такімі непрыемнымі падзеямі й здарэньнямі, як дэманстрацыі й іх крывавы разгон, а таксама з дыктатурай, рэжымам і тэрорам.  

А тыя палякі, якім Беларусь асацыюецца ў першую чаргу з Аляксандрам Лукашэнкам, ці яны шырэй нешта сказалі пра ягоную асобу? Як яны ставяцца да яго?

М. Танішэўскі: Не, пра гэта мы як раз не пыталіся.  Асноўнае пытаньне гучала: „З чым вам асацыюецца Беларусь?”.  Ужо пасьля ў чарговых пытаньнях анкеты мы прасілі ацаніць асобу Аляксандра Лукашэнкі. Вынікі былі адназначныя. Заўжды спадара Лукашэнку палякі ацанялі адмоўна, аднак у мінулым годзе мы ўбачылі пэўныя тэндэнцыі да паляпшэньня ягонага іміджу. Аднак апошнія падзеі несуменна паўплывалі на ягоную ацэнку, а сёлета імідж Лукашэнкі ізноў значна пагоршыўся. Пераважная большасьць палякаў - ад 70% да 80% - успрымае беларускага кіраўніка як уладалюбівага дыктатара, асобу жорсткую, агрэсыўную й непрадказальную.

 Якім чынам палякі ацэньваюць палітычную сытуацыю ў Беларусі? Ці можаце Вы сказаць, які адсотак палякаў успрымае Беларусь як незалежную дзяржаву, а які - як дзяржаву з дыктатурай?

М. Танішэўскі:  Мы спыталі пра гэта. Вынікі з сакавіка ясна гавораць пра тое,  што 31 % палякаў лічыць Беларусь незалежнай дзяржавай. У параўнаньні зь мінулагоднымі дасьледаваньнямі мы аднатавалі паніжэньне выніку на некалькі працэнтных пунктаў. У сваю чаргу большая колькасьць палякаў адзначыла, што хаця гэтая краіна й мае ўласнага кіраўніка і ўласны ўрад, аднак яна вельмі залежная ад Расеі.

 Якую можна зрабіць выснову з гэтага апытаньня? На якім узроўні знаходзяцца веды палякаў адносна Беларусі?

М. Танішэўскі: Падводзячы вынікі можна сказаць, што веды палякаў пра Беларысь, а хучэй сытуацыю ў Беларусі паступова павялічваюцца. Пра гэта сьведчыць факт, што расьце колькасьць людзей, якія ведаюць, хто зьяўляецца кіраўніком Беларусі. Павялічыўся адсотак людзей (да 57 %), якія маглі апісаць апошнія падзеі ў Беларусі, у прыватнасьці, жорскі разгон пасьлявыбарчых пратэстаў. Мне здаецца, што ў дадзеным выпадку прасочваецца своеасаблівая залежнасць: калі ў Беларусі адбываецца нешта дрэннае, тады СМІ ўвесь час пра гэта паведамляюць і гэтым самым павялічваюць сьвядомасьць палякаў. Калі нічога „страшнага” не адбываецца, то імідж Беларусі паляпшаеца, бо СМІ не „падаграваюць” атмасфэры. А трэба зазначыць, што СМІ адыгрываюць вялікую ролю пры стварэньні іміджу Беларусі ва ўяўленьні кожнага з нас.  

 Якім чынам палякі ацэнваюць будучыню Беларусі? Што яны думаюць  на гэтую тэму?  Якія іх спадзяваньні?

М. Танішэўскі:  На жаль, з аднаго боку палякі бачаць, што здарылася, гавораць, што Беларусь ня мае дэмакратычнай улады, кіраўніком зьяўляецца Лукашэнка, якога ацэньваюць адмоўна. Гэта ўплывае на зьмяншэньне адсотка людзей, якія лічаць, што цягам бліжэйшых пяці гадоў наступяць пазытыўныя перамены. У сваю чаргу расьце адсотак людзей, якія ня прадбачацьць абсалютна ніякіх зьменаў. Рэжым Лукашэнкі й тое, што ўвесь час адбываецца ў Беларусі, не выклікае ў сярэднестатыстычнага паляка пазытыўных эмоцыяў.

Ці Вы пыталіся ў палякаў пра іх асабістае заагнажаваньне ў беларускае пытаньне?  Як Польшча выглядае на фоне іншых нацыяў?

М. Танішэўскі:  Мы пыталіся пра агульнае стаўленьне. Пра канкрэтныя дзеяньні мы не пыталіся, але гучалі дэкляратыўныя заявы. Аказваецца, што нашае грамадзтва вельмі пазытыўна ставіцца да беларусаў. Мы жадаем ім дэмакратыі, каб яны ўступілі ў Эўразьвяз. Хочам ім таксама нейкім чынам аказваць падтрымку. Ахвотна аказваем маральную падтрымку, але калі ўжо гаворка ідзе пра фінансавую дапамогу, то тады мы робімся больш асцярожнымі ў нашых імкненьнях. Калі ідзе гаворка пра прызначэньне для іх нейкіх сродкаў зь бюджэту альбо нашых ўласных, то да гэтага ставімся вельмі памяркоўна. 

 Адкуль бярэцца такая асьцярожнасьць?

М. Танішэўскі: Магчыма, яна вынікае з таго, што мы да канца не   разумеем, што там насамрэч адбываецца. Гледзячы на нашую гісторыю, мы павінны вярнуць тое, што мы атрымалі ў часе ваеннага становішча, у падтымку для нашых змаганьняў. Мне здаецца, што суседзаям трэба дапамагаць. 
 
Згаданае сацыялягічнае апытаньне праводзіцца з 2006 году. Калі параўнаць вынікі апошняга апытаньня з папярэднімі гадамі, ці нешта зьмянілася ў поглядзе на Беларусь?

М. Танішэўскі: Бывала так, што стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі паляпшалася. Але сёлетняе апытаньне даволі спэцыфічнае, паколькі яшчэ некалькі месяцаў таму ў Беларусі адбыліся падзеі, “плёны” якіх зьбіраюць яшчэ й сёньня. Пра гэта гаворыцца, і гэтыя падзеі маюць непасрэдны ўплыў на тое, якім чынам мы ставімся да падзеяў у Беларусі.

КР