• Паўночны Каўказ: кропку ў гісторыі тэрору ставіць рана (ФОТА)
  • Audio5.1 MB
  • 09.05.2011

“Паўночны Каўказ – СМІ, праблемы, канфлікты”. Сустрэча пад такой назвай прайшла ў Варшаве. У ёй узялі ўдзел вядучыя палітолягі й журналісты з Дагестану ды Чачні. Спатканьне, арганізаванае фондам Kaukaz.net, выклікала вялікі інтарэс у публікі. Прысутныя змаглі зь першых вуснаў пачуць, як сёньня выглядае жыцьцё на Паўночным Каўказе.

Калі гаворка заходзіць пра Чачню, людзям адразу прыгадваецца вайна й вобразы зьнішчанага Грознага. Сёньня гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці – кажа чачэнскі палітоляг, кіраўнік дасьледчага цэнтру “Паўночны Каўказ-стратэгія” Абдула Істамулаў. Сёньня Чачня зьяўляецца самай спакойнай рэспублікай Паўночнага Каўказу. Грозны адбудаваны. Нядаўна ў горадзе адчыніўся вялізарны футбольгны стадыён, а на яго адкрыцьці па запрашэньні чачэнскіх уладаў гуляла зборная Бразіліі.

Аднак гэта толькі адзін бок мэдаля. На Паўночным Каўказе працягваецца партызанцкая вайна. Пра гэта распавядае супрацоўнік варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледваньняў Войцех Гурэцкі.

В. Гурэцкі: На Каўказе ўсё яшчэ дзейнічаюць узброеныя групы ісламістаў. Перадусім гэта так званы “Эмірат Каўказ”. Пра тое, што сытуацыя сур’ёзная, сьведчыць той факт, што ў выніку сутычак і тэрактаў на Паўночным Каўказе ў мінулым годзе гінулі дзьве асобы ў дзень. Тэрор, які зьменшыўся ў 2008-2009 гадах, цяпер, на жаль, зноў узмацняецца. Ён перасоўваецца ў заходнія рэспублікі Паўночнага Каўказу – такія, як Кабардына-Балкарыя. І, здаецца, што расейскія ўлады ня вельмі ведаюць, як з гэтым змагацца. Сілавыя мэтады не прыносяць вынікаў, упампоўваньне ў рэгіён вялікіх грошай – таксама. Інвэстары проста баяцца прыходзіць на Каўказ.

Асабліва моцныя праэкстрэмісцкія настроі сярод моладзі Дагестану. Асноўных прычынаў партызанцкай вайны на Каўказе тры – лічыць палітоляг Абдула Істамулаў. Гэта празьмерная жорсткасьць сілавікоў, беспрацоўе сярод моладі, якое ў некаторых  рэспубліках сягае 50%, а таксама адсутнасьць аб’ядноўваючай ідэі ды аўтарытэту уладаў – кажа Абдула Істамулаў.

А. Істамулаў: У адміністрацыі Чачні ды іншых рэспублік знаходзяцца людзі з досьведам вайны. З сабой яны прынесьлі мэтады вайны. Вайна  скончылася, а мэтады засталіся. Калі праводзяцца спэцапэрацыі, часта церпяць невінаватыя людзі. Другая прычына – адсутнасьць працоўных месцаў. Маладыя людзі ня маюць дзе сябе рэалізаваць. Без клянавай пратэкцыі цяжка знайсьці працу. Трэцяя прычына – няма ідэалёгіі. У вахабітаў яна ёсьць, а ў рэгіянальных уладаў яна пакуль ня створаная.

Мір у Чачні шмат у чым зьяўляецца заслугай Рамзана Кадырава – кажа палітоляг Абдула Істамулаў. Пры гэтым чачэнскага прэзыдэнта неаднаразова абвінавачвалі ў палітычных забойствах. Самыя гучныя сярод іх – забойства журналісткі Анны Паліткоўскай ды кіраўніка грозьненскага адзьдзелу праваабарончага цэнтру “Мэмарыял” Натальлі Эстэміравай. Не маючы сымпатыяў да кіраўніка Чачні, Абдула Істамулаў ня лічыць, аднак, што Рамзан Кадыраў ці Ўладзімер Пуцін стаяць за гэтымі забойствамі. Яны прынесьлі палітыкам больш іміджавых стратаў, чым карысьці – кажа палітоляг.

А. Істамулаў: Для Кадырава гэта велізарная пляма на ўсё жыцьцё. Я ня думаю, што яму магло быць выгаднае гэтае забойства. Хутчэй наадварот. Гэта велізарны ўдар па іміджу. Аднак як у асяродзьдзі Кадырава, так і сярод яго праціўнікаў ёсьць шмат людзей, якім напляваць на імідж. Яны маглі на гэта пайсьці. Натальлю Эстэміраву забілі, хутчэй за ўсё, па асабістых матывах. Як праваабаронца, яна займалася справамі, якія вельмі балюча закранулі людзей зь вельмі цёмным мінулым, якое сягае яшчэ часоў вайны.

У апошнія гады тэатрам партызанцкай вайны стаў Дагестан. Парадаксальна тое, што да баевікоў у лясы сыходзіць  менавіта адукаваная моладзь,  якая шукае свае культурныя карані й ня хоча мірыццца з несправядлівасьцю – кажа дагестанская журналістка Гурызада Камалава. Асноўныя прычыны гэтага – карупцыя, расчараваньне ў традыцыйным ісламе й непамерная жорсткасьць сілавікоў. 

Г. Камалава: Уявіце сабе маладога чалавека, які шукае свой шлях. Ён ня ведае куды ісьці, але верыць у Алаха. Ён бачыць, што ў асяродзьдзі афіцыйнага духавенства ўсё ня так ужо й правільна. Каб зрабіць там кар’еру, тэба быць пэўнай нацыянальнасьці, паходзіць з пэўнага раёну й пэўнага роду. Яго гэта палохае. У ісламе ж няма нацыянальнасьці! Раптам да яго прыходзяць людзі, якія кажуць: “У нас няма нацыянальнасьці. У нас ёсьць толькі эмір, якога мы слухаем.” Ён пачынае проста сымпатызаваць гэтым людзям. Гэта заўважаюць суседзі. Хтосьці даносіць ці прагаворваецца, і да гэтага маладога чалавека прыходзяць зь ператрусам – адным, другім, трэцім. Пазьней яго затрымліваюць і катуюць. Таму ён ідзе ў лес і становіцца баевіком.

Баевікі, якія змагаюцца за ўсталяваньне ісламскай дзяржавы, ня маюць масавай падтрымкі насельніцтва. Яны культурна чужыя – кажуць экспэрты.  Аднак для шматлікіх маладых людзей, за якімі спэцслужбы арганізоўваюць сапраўднае паляваньне, пайсьці ў лес застаецца адзінай магчымасьцю выжыць. І часта яны ўвогуле не разумеюць, за што іх перасьледуюць – кажа Гурызада Камалава. 

 Кропку ў гісторыі тэрору на Каўказе ставіць вельмі рана. Ці ёсьць шанец на тое, што сытуацыя зьменіцца да лепшага? Пакуль невядома. Магчыма, перамены прынясуць прэзыдэнцкія выбары ў Расеі – спадзяецца дагестанская журналістка.

Аляксандар Папко

Удзельнікі сустрэчы “Паўночны Каўказ – СМІ, праблемы, канфлікты”:

палітоляг Войцех Гурэцкі,

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

палітоляг Абдула Істамулаў,

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

журналістка Гурызада Камалава.